Урады Расеі і Беларусі рыхтуюць новы інтэграцыйны пакет на 2024–2026 гады, заявіў міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Рашэтнікаў на Беларускім інвэстыцыйным форуме.
«Разьлічваем, што праграма на 2024–2026 гады будзе ў канцы году ўхваленая лідэрамі нашых краін. Мы зараз асаблівыя намаганьні прыкладаем», — цытуе Рашэтнікава ТАСС.
Падрабязнасьцяў ён не прывёў.
У лістападзе 2021 году Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падпісалі дакумэнт, якім зацьвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. З таго часу беларускія і расейскія чыноўнікі рэгулярна даюць справаздачы аб пасьпяховым выкананьні гэтых дакумэнтаў, піша «Позірк».
Шэраг экспэртаў тады заявіў, што ў выніку гэтага быў часткова страчаны падатковы сувэрэнітэт Беларусі — у абмен на прэфэрэнцыі ў сфэры нафтаперапрацоўкі.
На прэс-канфэрэнцыі 23 сьнежня 2021 году Пуцін заявіў, што ўзровень інтэграцыі ў саюзнай дзяржаве «да гэтага часу значна ніжэйшы, чым узровень інтэграцыі ў Эўразьвязе, проста непараўнальна».
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў 26 студзеня 2022 года ў Дзяржаўнай Думе, што рэалізацыя 28 саюзных праграм інтэграцыі Расеі і Беларусі зойме «пару-тройку гадоў».
У студзені сёлета па выніках нарады ў Лукашэнкі ягоная прэс-служба паведаміла, што праграмы інтэграцыі выкананыя «амаль на 68%».
У чэрвені расейскі бок ацэньваў выкананьне саюзных праграм на 80%.