У расейскім Растове-на-Доне мае зьявіцца генэральнае консульства Беларусі, такое распараджэнне расейскага ўраду на афіцыйным прававым партале Расеі заўважыла «Люстэрка».
Консульская акруга мае ўключаць акупаваныя Расеяй Крым, часткі Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны. У яго ўвойдуць таксама Растоўская і Валгаградская вобласьці Расіі.
Цяпер у Растове-на-Доне ўжо працуе аддзяленьне пасольства Беларусі.
МЗС Расеі даручана аформіць дамоўленасьць з Беларусьсю, а ўладам Растоўскай вобласьці рэкамэндавана выдзеліць для беларускага генконсульства службовыя і жылыя памяшканьні «на ўмовах арэнды або набыцьця Рэспублікай Беларусь ва ўласнасьць.
16 кастрычніка пасол Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты заявіў, што Беларусь у найбліжэйшы час мае намер павялічыць колькасьць дыпмісій у РФ.
«Тры першыя нашых генконсульствы — у Санкт-Пецярбургу, Растове-на-Доне і Екацярынбургу. Адно адкрылі, два вось-вось ужо на падыходзе. Наступныя тры генконсульствы вырашылі адкрыць у Калінінградзе, Уладзівастоку і Ніжнім Ноўгарадзе», — сказаў Круты.
Прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусьцін 29 лістапада ў Маскве правялі пасяджэньне Савету міністраў так званай «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі.
Па выніках пасяджэньня прэм’еры Беларусі і Расеі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусьцін падпісалі шэраг дакумэнтаў, сярод іх — пастанова аб гуманітарнай дапамозе зь бюджэту «саюзнай дзяржавы» навучэнцам і адукацыйным арганізацыям так званых самаабвешчаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР», паведамляюць расейскія навінавыя агенцтвы.