Чаго бракуе беларусам для атрыманьня нефармальнай адукацыі. Вынікі дасьледаваньня

Філіп Біканаў на прэзэнтацыі дасьледаваньня аб адукацыйных патрэбах беларускай моладзі. Варшава, 29 лістапада 2023 году

У Варшаўскім офісе Imaguru прэзэнтавалі дасьледаваньне, якое ацэньвае адукацыйныя патрэбы беларускай моладзі.

Дасьледаваньне праведзена беларускімі дасьледчыкамі ў супрацоўніцтве зь Нямецкай асацыяцыяй адукацыі дарослых (Institute for International Cooperation of German Adult Education Association (DVV) пры падтрымцы Эўразьвязу.

Мэтамі дасьледаваньня сталі вызначэньне патэнцыялу да ўдзелу моладзі ў праектах нефармальнай адукацыі, пераважныя кірункі, асноўныя матывацыі і перашкоды. А таксама тое, як моладзь сама ўспрымае ўпэўненасьць у сваіх сілах і ўзровень сваіх здольнасьцяў.

Былі праведзеныя інтэрвію з маладымі людзьмі ва ўзросьце ад 18 да 35 гадоў. Прычым апытвалі моладзь і зь Беларусі, і зь беларускай дыяспары за мяжой. Бальшыня зь іх зацікаўленая ў нефармальнай адукацыі, чвэрць актыўна заангажаваная.

Вынікі дасьледаваньня, якое ацэньвае адукацыйныя патрэбы беларускай моладзі

У Беларусі нефармальнай адукацыяй хочуць займацца 64% дзяўчат

Пры прэзэнтацыі дасьледаваньня экспэрты назвалі такую лічбу: у Беларусі толькі 15% ахоплена нефармальнай адукацыяй. Гэта лічба даволі сьціплая ў параўнаньні зь іншымі краінамі.

Адна зь цікавых высноваў дасьледаваньня — у Беларусі нефармальнай адукацыяй хочуць займацца ў асноўным людзі з вышэйшай адукацыяй. І 64% — гэта дзяўчаты, якія жывуць у сталіцы.

Запатрабаваныя кірункі нефармальнай адукацыі ў Беларусі:

  • — Замежныя мовы — 58%
  • — Прававая пісьменнасьць — 23%
  • — Прадпрымальніцтва — 18%
  • — Лічбавыя навыкі — 28%
  • — Візуальнае мастацтва — 20%
  • — Дызайн — 27%
  • — ІТ, інфарматыка — 27%
  • — Лідэрства — 24%
  • — Soft skills — 23%
  • — Правы чалавека — 18%.

У моладзі дыяспары крыху іншыя перавагі: на першым месцы таксама замежныя мовы, на другім — беларуская культура, на трэцім soft skills, на чацьвёртым прававая пісьменнасьць.

Вынікі дасьледаваньня, якое ацэньвае адукацыйныя патрэбы беларускай моладзі

Матывацыя для атрыманьня новых ведаў і навыкаў: праца і паўсядзённае жыцьцё, адзін са спосабаў навучаньня новай прафэсіі, каб знайсьці новую працу па спэцыяльнасьці, для закладаньня ўласнага бізнэсу, для грамадзкай дзейнасьці, для запуску новага праекту ў публічнай сфэры.

Вынікі дасьледаваньня, якое ацэньвае адукацыйныя патрэбы беларускай моладзі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шалёныя грошы?». Як ва ўнівэрсытэтах Эўразьвязу за год зьмянілася колькасьць беларускіх студэнтаў

Як людзі даведваюцца пра нефармальную адукацыю?

З двух трацінах кейсаў вынікае, што чалавек выпадкова бачыць нейкую абвестку пра курсы і прыходзіць, кажа дасьледчык, сацыёляг Філіп Біканаў.

«66% апытаных спантанна, выпадкова даведваюцца пра нейкія курсы, трэнінгі, і толькі 30% спачатку вырашаюць, чым хочуць займацца, і самі шукаюць, што ім трэба.

Гэта азначае, што вельмі вялікую ролю адыгрывае камунікатыўны складнік. Трэба рабіць гэта прывабна і інфармацыйна карысна: тлумачыць, як гэта паспрыяе кампэтэнцыям, асабістаму разьвіцьцю, дапаможа атрымаць новую прафэсію. Трэба стварыць прыгожую рэклямку», — перакананы дасьледчык, сацыёляг Філіп Біканаў.

Філіп Біканаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь усё роўна будзе дэмакратычнай». Мілінкевічу ўручылі мэдаль ад Рады БНР. ФОТА

Найбольшыя перашкоды — няхватка інфармацыі і грошай

Асноўныя перашкоды для атрыманьня нефармальнай адукацыі — высокія цэны і аднаразовых, і доўгатэрміновых праграм. А таксама няведаньне пра магчымасьці, брак часу. Іх можна пераадолець, ствараючы бясплатныя ці танныя курсы з добрай рэклямай для мэтавай групы. Неабходна фінансавая падтрымка, гранты ды іншыя магчымасьці фінансаваньня, прышлі да высновы дасьледчыкі.

Што да фармату, маладыя людзі аддаюць перавагу лекцыям і прэзэнтацыям — для набыцьця ведаў на пэўную тэму; трэнінгам і майстар-клясам — для разьвіцьця навыкаў.

Онлайн — папулярны фармат для аднаразовых падзей, аднак існуе пэўная доля недаверу да онлайн-адукацыі, заўважае дасьледчык Філіп Біканаў.

«Лекцый часам недастаткова. Моладзь хоча атрымаць практычныя навыкі, таму для доўгатэрміновых праграм аддае перавагу гібрыдным складнікам. Да таго ж існуе пэўная доля недаверу менавіта да онлайн-адукацыі

Хаця і ў фармату „ўжывую“ таксама ёсьць перашкоды: трэба знайсьці час, бо бальшыня заняткаў праводзіцца ў Менску, вялікіх гарадах ці наагул за мяжой, ёсьць геаграфічныя абмежаваньні, тэхнічныя праблемы.

У дыяспары таксама ёсьць пэўныя абмежаваньні — калі мовай краіны пражываньня ў дастатковым аб’ёме чалавек яшчэ не валодае. Да таго ж многія не валодаюць ангельскай мовай. А таксама, на жаль, і беларускай мовай не валодаюць, каб камфортна вучыцца», — заўважае Філіп Біканаў.

Калі ёсьць магчымасьць, лепей рабіць гібрыдны фармат навучаньня з майстар-клясамі, раіць дасьледчык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дачка за тое, каб кідаць вучобу і ехаць у Польшчу». Што бацькі студэнтаў-платнікаў думаюць пра абавязковую адпрацоўку

Высновы, якія зрабілі дасьледчыкі

  • Сярод беларускай моладзі існуе высокі попыт на нефармальную адукацыю.
  • Бальшыня зь іх зацікаўленая, чвэрць актыўна заангажаваная. Гэтая група складанецца ў асноўным зь менскай моладзі з вышэйшай адукацыяй, большасьць зь іх — дзяўчаты.
  • Найбольш папулярныя тэмы для адукацыйных праграм сярод моладзі ў Беларусі: замежныя мовы, прававая пісьменнасьць, прадпрымальніцтва, лічбавыя навыкі, візуальнае мастацтва, дызайн, ІТ, лідэрства, гнуткія навыкі.
  • Моладзь у дыяспары вельмі зацікаўленая ў беларускай культуры і гісторыі.
  • Асноўныя перашкоды для атрыманьня нефармальнай адукацыі: недахоп інфармацыі і грошай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве прэзэнтавалі стратэгію нацыянальнага адраджэньня Беларусі