У Дубаі пачынаецца канфэрэнцыя ААН, прысьвечаная зьменам клімату. Чаго ад яе чакаюць у Беларусі і сьвеце

Падрыхтоўка да кліматычнага саміту ў Дубаі

У канфэрэнцыі возьме ўдзел Аляксандар Лукашэнка.

У Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) з 30 лістапада да 12 сьнежня пройдзе Канфэрэнцыя ААН аб зьменах клімату, на якой плянуюць разгледзець выкананьне Парыскага пагадненьня аб клімаце, ухваленага ў 2015 годзе замест Кіёцкага пратаколу, а таксама разгледзець мэханізмы скарачэньня выкідаў да 2030 году.

У канфэрэнцыі возьме ўдзел і Аляксандар Лукашэнка. Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, 29 лістапада ён ужо вылецеў у Дубай.

Свабода сабрала найцікавейшыя факты пра канфэрэнцыю.

Хто ўдзельнічае

На ўсясьветны кліматычны саміт запрасілі кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, лідэраў грамадзкіх, моладзевых і бізнэс-арганізацыяў з 197 краін, якія пагадзіліся з Рамкавай канвэнцыяй Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў аб зьменах клімату (1992).

Паводле папярэдніх падлікаў, усяго за два тыдні ў форуме возьмуць удзел больш за 36 тысяч дэлегатаў і да 70 тысяч наведнікаў.

Вядома, што ў саміце возьмуць удзел брытанскі манарх Карл III і папа Рымскі, а таксама каля сотні першых асобаў дзяржаваў. Раней прадстаўнік Белага дому заявіў, што прэзыдэнт Джо Байдэн наўрад ці прыедзе на саміт.

Мэта Лукашэнкі

Паводле БелТА, Аляксандар Лукашэнка «агучыць падыходы і прапановы Беларусі ў разьвязаньні глябальных пытаньняў кліматычнай і экалягічнай бясьпекі».

Сёлета Лукашэнка сваімі ўказамі спыніў удзел Беларусі ў дзьвюх міжнародных канвэнцыях ў пытаньнях экалягічнай бясьпекі: Оргускай (аб удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, доступе да інфармацыі й правасудзьдзя ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя, ініцыяванай Эўрапейскай эканамічнай Камісіяй ААН) і Бэрнскай (аб ахове дзікай фаўны і флёры і прыродных біятопаў у Эўропе, падпісанай у 1979 годзе з ініцыятывы Рады Эўропы).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь спыняе ўдзел у Орхускай канвэнцыі. Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ

Сам Лукашэнка 27 лістапада на нарадзе з кіраўніцтвам ураду і сваёй адміністрацыі заявіў, што галоўнае для яго — сустрэцца «з прэзыдэнтамі асобных афрыканскіх дзяржаваў» і дамовіцца зь імі аб перамовах і візытах у гэтыя краіны.

Пасьля 24 лютага 2022 году, калі Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, ён зрабіў усяго некалькі візытаў за межы Беларусі і СНД, у тым ліку сёлета ў студзені ў Зымбабвэ, у сакавіку ў Іран, у верасьні — у Гвінэю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь дэнансавала яшчэ адну міжнародную канвэнцыю ў сфэры аховы прыроды

Што прадугледжвае канвэнцыя аб зьменах клімату, ці ёсьць прагрэс у яе выкананьні

Канвэнцыя вымагае ад дзяржаваў рабіць захады, каб зьменшыць «небясьпечны ўплыў дзейнасьці чалавека на клімат», стабілізаваць узровень выкідаў парніковых газаў і гэтым перадухіліць імаверны кліматычны крызіс.

Штогод ААН склікае адмысловую канфэрэнцыю, каб ацаніць прагрэс дзяржаваў у выкананьні сваіх абавязаньняў.

Як адзначаюць экспэрты, нягледзячы на амбіцыйныя абавязаньні, дзяржавы дзейнічаюць вельмі павольна.

На сёлетняй канфэрэнцыі хочуць распрацаваць глябальны плян скарачэньня спальваньня выкапнёвага паліва, бо яно небясьпечна награвае плянэту.

Летась на саміце ў Шарм-эль-Шэйху (Эгіпет) краіны пагадзіліся заснаваць фонд дапамогі бедным і ўразьлівым краінам у барацьбе з кліматычнымі зьменамі, якія выклікаюць парніковыя газы, выпрацаваныя прамысловасьцю разьвітых краін.

Пакуль колькасьць выкідаў скарацілася неістотна, а краіны, якія здабываюць і выкарыстоўваюць газ, нафту і вугаль, не сьпяшаюцца адмаўляцца ад выкапнёвага паліва. Той жа Эгіпет, які прымаў летась саміт, у яго кулюарах заключаў дамовы аб пастаўках прыроднага газу ў Эўропу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2023 год ужо стаў самым гарачым за ўсю гісторыю назіраньняў, а 2024-ы будзе яшчэ гарачэйшы. Вінаваты Эль-Ніньнё

Войны ва Ўкраіне і Ізраілі

Упершыню кліматычная канфэрэнцыя адбываецца падчас вялікіх геапалітычных падзеяў, найперш баявых дзеяньняў на Блізкім Усходзе і ва Ўкраіне. Гэтыя войны ня толькі ўскладняюць экалягічныя наступствы для плянэты, але і самую супрацу ў галіне зьніжэньня выкідаў парніковых газаў.

Канцэнтрацыя ўвагі вядучых краін на дапамозе Ізраілю, Газе і Ўкраіне, як мяркуюць экспэрты, можа прывесьці да зьніжэньня аб’ёмаў фінансаваньня кліматычных захадаў.

Апроч таго, Ізраіль скараціў сваё прадстаўніцтва на гэтых сустрэчах. Якім чынам будзе прадстаўленая Ўкраіна, пакуль невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пад Кіевам дакумэнтуюць экалягічныя злачынствы вайны для трыбуналу над Расеяй і Беларусьсю

Як будзе праходзіць канфэрэнцыя

Канфэрэнцыя пройдзе ў Expo City Dubai, які называюць «міні-горадам, арыентаваным на будучыню». Ён злучаны з цэнтрам Дубаю сыстэмай чыгуначнага транспарту.

Для перамоваў і сустрэчаў стварылі дзьве пляцоўкі: блакітную і зялёную.

На блакітнай будуць праходзіць афіцыйныя перамовы і выступы усясьветных лідэраў, а на зялёнай — выставы, іншыя экалягічныя імрэзы, арганізаваныя няўрадавымі арганізацыямі, навукоўцамі і бізнэс-групамі.

Чаканьні экалягічных актывістаў

Актывісты ад пачатку выступілі з крытыкай выбару месца канфэрэнцыі, бо Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — пяты паводле аб’ёмаў вытворца нафты ў сьвеце. Аднак улады краіны заявілі, што ня будуць супрацьдзейнічаць акцыям пратэсту экалягічных актывістаў і дазволяць ім мірна сабрацца.

Актывісты і экспэрты разьлічваюць, што на сёлетнім саміце завершаць фармаваньне працэдуры ўкладаньня фонду, яго фінансаваньня і ўмоваў доступу да яго рэсурсаў. Апроч таго, усе чакаюць, што нарэшце лідэры дзяржаваў ухваляць паступовую адмову ад выкапнёвага паліва і пераход на выкарыстаньне «чыстай энэргіі» ветру і сонца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да канца XXI стагодзьдзя ў сьвеце можа зьнікнуць кожны дзясяты від жывёл і расьлін, — дасьледаваньне

Чаму гэта важна

Навукоўцы лічаць, што павелічэньне сярэдніх глябальных тэмпэратураў на 1,5 градуса Цэльсія ёсьць парогам, пасьля якога чалавецтву будзе ўсё цяжэй даваць рады моцным штормам, засухам, сьпякоце і павышэньню ўзроўню мора. Цяпер тэмпэратура ўжо паднялася на 1,2 градуса Цэльсія, а выкіды, якія выклікаюць зьмены, растуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экалягічны посьпех: «латаючы» азонавую дзірку, эколягі «адрамантавалі» рух паветра