Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што спроба Расеі штучна стварыць мігранцкі крызіс на фінскай мяжы правалілася, дзякуючы хуткай рэакцыі ўладаў Фінляндыі.
«Фінляндыя закрыла тры кантрольна-прапускныя пункты на фінска-расейскай мяжы 23 лістапада і пакінула адкрытым толькі самы паўночны памежны пункт. [...] Фінскія ўрадавыя чыноўнікі таксама заявілі аб сваёй падтрымцы закрыцьця ўсёй мяжы з Расеяй», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны за 27 лістапада.
Экспэрты, спасылаючыся на расейскія крыніцы, сьцьвярджаюць, што арганізацыяй і перамяшчэньнем на мяжу з Фінляндыяй мігрантаў з Блізкага Ўсходу, Афрыкі і іншых рэгіёнаў займалася Міністэрства ўнутраных спраў Расеі паводле адпаведнага даручэньня Сяргея Кірыенкі, першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі.
Пасьля таго, як фінскія памежнікі не дазволілі большасьці мігрантаў перасячы мяжу, расейскія ўлады вымушаныя іх разьмяшчаць на тэрыторыі Расеі.
Што папярэднічала
Раней экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня (ISW) вайны параўналі мігранцкі крызіс на мяжы Расеі з Фінляндыяй з аналягічным крызісам у 2021 годзе на мяжы Беларусі з Польшчай і іншымі краінамі Эўразьвязу. Яны назвалі гэта «тактыкай гібрыднай вайны» Расеі і Беларусі.
«Крэмль дазволіў або, магчыма, непасрэдна кантраляваў штучнае стварэньне Беларусьсю мігранцкага крызісу на мяжы з Польшчай у 2021 годзе, калі беларускія спэцслужбы дапамагалі тысячам блізкаўсходніх мігрантаў перасякаць беларускую мяжу з Польшчай. Крэмль выкарыстаў сфабрыкаваны крызіс 2021 году, каб ілжыва абвінаваціць NATO у агрэсіі супраць Беларусі», — адзначалася ў справаздачы ISW за 20 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея стварае на мяжы зь Фінляндыяй мігранцкі крызіс, як між Беларусьсю і ПольшчайУ 2022 годзе Фінляндыя і Швэцыя адмовіліся ад нэўтралітэту і вырашылі ўступіць у NATO зь меркаваньняў бясьпекі пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Хэльсынкі заяўляе, што лічыць Расею крыніцай ваеннай пагрозы. Для ўмацаваньня мяжы з Расеяй фінскі бок пачаў ладзіць ахоўныя збудаваньні.
30 верасьня 2022 году Фінляндыя ўвяла абмежаваньні на ўезд у краіну для грамадзян Расеі па шэнгенскай візе з турыстычнай мэтай і для транзыту ў іншыя краіны Эўропы. Наплыў расейцаў у Фінляндыю і іншыя краіны быў зьвязаны з абвешчанай у РФ «частковай» мабілізацыяй на вайну ва Ўкраіну.
З 16 верасьня 2023 году фінскія ўлады забаранілі ўезд аўтамабіляў з расейскімі нумарамі. Выключэньні закранулі грамадзян ЭЗ і іх блізкіх, дыпляматаў і грамадзян, якія прыбылі ў краіну з гуманітарных прычын. З 9 лістапада Фінляндыя забараніла ўезд у краіну з Расеі на роварах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС Латвіі: Мігранты, якія спрабуюць перасячы мяжу Расеі зь Фінляндыяй, маюць беларускія візы18 лістапада Фінляндыя закрыла 4 кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Расеяй, сама меней да 18 лютага 2024 году, абгрунтаваўшы гэта рашэньне меркаваньнямі бясьпекі. Сьпікер парлямэнту краіны Юсі Хала-ахо нават выказаў думку, што мігранты з краін Азіі і Афрыкі, якія прыбываюць з Расеі і просяць у краіне прытулку, могуць быць зьвязаныя з расейскімі спэцслужбамі і ПВК «Вагнэр», якія актыўна працуюць у афрыканскіх краінах.
У ноч з 24 па 25 лістапада Фінляндыя закрыла восем зь дзевяці кантрольна-прапускных пунктаў на мяжы з Расеяй. Адкрытым застаецца толькі пункт пропуску Рая-Ёосэпі, які знаходзіцца за 240 кілямэтраў ад Мурманску.