Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Расея стварае на мяжы зь Фінляндыяй мігранцкі крызіс, як між Беларусьсю і Польшчай


На фінска-расейскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
На фінска-расейскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Прэмʼер-міністар Фінляндыі Пэтэры Орпа ня выключыў закрыцьця дадатковых памежных пунктаў уздоўж фінска-расейскай мяжы, якая складае 1340 кілямэтраў (830 міль).

Прэм’ер-міністар Фінляндыі Пэтэры Орпа заявіў аб магчымых дадатковых мерах на мяжы з Расеяй пасьля закрыцьця чатырох памежных пунктаў, каб спыніць міграцыйны паток з расейскай тэрыторыі.

«Сытуацыя разьвіваецца ў дрэнным кірунку. Калі зьменаў ня будзе, мы прымем дадатковыя меры, і калі спатрэбіцца, то хутка. Ясна, што мы не прымаем такіх паводзінаў», — працытавала прэмʼер-міністра Фінляндыі агенцтва Associated Press. Ён наведаў адзін з памежных пунктаў на мяжы з Расеяй.

Сёлета Фінляндыя ўступіла ў NATO у адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, цяпер фінскія ўлады абвінавацілі Маскву ў пропуску мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Афрыкі без сапраўдных праязных дакумэнтаў на фінскую мяжу. На мінулым тыдні ўрад Фінляндыі вымушаны быў закрыць чатыры памежныя пункты на паўднёвым усходзе Фінляндыі, але новыя мігранты пачалі прыбываць на іншыя прапускныя пункты далей на поўнач.

Прэмʼер-міністар Фінляндыі Пэтэры Орпа ня выключыў закрыцьця дадатковых памежных пунктаў уздоўж фінска-расейскай мяжы, якая складае 1340 кілямэтраў.

Фінскі грамадзкі вяшчальнік YLE, на якога спасылаецца Associated Press, паведаміў, што ў лістападзе ў Фінляндыю прыбылі 500 грамадзян, якія шукаюць прытулку, што значна больш, чым звычайна.

ISW: дзеяньні Расеі на мяжы з Фінляндыяй накіраваныя на дэстабілізацыю NATO

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня (ISW) вайны назвалі крызіс на мяжы Расеі з Фінляндыяй тактыкай гібрыднай вайны, якую Расея і Беларусь выкарысталі ў 2021 годзе на мяжы з Польшчай і іншымі краінамі Эўразьвязу.

«Крэмль дазволіў або, магчыма, непасрэдна кантраляваў штучнае стварэньне Беларусьсю мігранцкага крызісу на мяжы з Польшчай у 2021 годзе, калі беларускія спэцслужбы дапамагалі тысячам блізкаўсходніх мігрантаў перасякаць беларускую мяжу з Польшчай. Крэмль выкарыстаў сфабрыкаваны крызіс 2021 году, каб ілжыва абвінаваціць NATO у агрэсіі супраць Беларусі», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 20 лістапада.

Раней экспэрты Інстытуту сьцьвярджалі, што Крэмль можа спрабаваць стварыць умовы ў інфармацыйнай прасторы для дэстабілізацыі краін NATO на расейскіх межах і адцягнуць увагу ад вайны ва Ўкраіне. У ISW нагадалі, што адной з мэтаў Уладзіміра Пуціна пры пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе быў развал NATO — гэта мэта, якую ён хоча дасягнуць.

Фінляндыя з 18 лістапада і сама меней да 18 лютага 2024 году закрыла чатыры кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Расеяй: Ваалімаа (Тарфянаўка), Нуйямаа (Брусьнічнае), Іматра (Сьветлагорск) і Нійрала (Вяртсіля). Пакуль застаюцца адкрытымі яшчэ 4 памежныя пераходы.

Гэта рашэньне абгрунтавалі меркаваньнямі бясьпекі. Сьпікер парлямэнту краіны Юсі Хала-аха нават выказаў думку, што мігранты з краін Азіі і Афрыкі, якія прыбываюць з Расеі і просяць у краіне прытулку, могуць быць зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі і ПВК «Вагнэр», якія актыўна працуюць у афрыканскіх краінах.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG