Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Латвіі: Мігранты, якія спрабуюць перасячы мяжу Расеі зь Фінляндыяй, маюць беларускія візы


На латвійска-беларускай мяжы зьніжаецца колькасьць нелегальных мігрантаў, але кантроль на мяжы ня будуць аслабляць, бо сытуацыя можа зьмяніцца, заявіў міністар унутраных спраў Латвіі Рыхард Казлоўскіс у інтэрвію праграме LTV «Ранішняя панарама».

Паводле міністра, хоць за апошнія два тыдні назіраецца скарачэньне нелегальнай міграцыі на латвійска-беларускай мяжы, але назіраецца яе рост ля ўсходніх межаў Літвы і Польшчы і цяперашняе аслабленьне «не азначае, што плыні нелегальных мігрантаў ня могуць аднавіцца».

«Праца ва ўзмоцненым рэжыме [на мяжы зь Беларусьсю], тым ня менш, дала пэўныя вынікі, — сказаў міністар унутраных спраў Латвіі. — Ёсьць інфармацыя, што тыя асобы, якія спрабуюць перасячы мяжу ў Фінляндыі, маюць беларускія візы. Гэта азначае, што яны прайшлі дастаткова вялікі шлях, каб дабрацца туды».

Рыхард Казлоўскіс зьвярнуў увагу на тое, што ў Расеі бязьвізавы рэжым з Іранам, а таксама на прамыя авіязносіны паміж краінамі.

Тым часам кіраўнік эстонскага МУС Лаўры Ляанэмэтс абвінаваціў Расею ў тым, што яна праводзіць апэрацыі па «гібрыднай атацы», дастаўляючы мігрантаў на мяжу з Эстоніяй з мэтай падарваць бясьпеку і выклікаць неспакой насельніцтва краіны, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле МУС Эстоніі, зь мінулага чацьвярга каля 30 мігрантаў, у асноўным з Самалі і Сырыі, спрабавалі трапіць у Эстонію з Расеі праз прапускны пункт Нарва. Ніводзін зь іх не папрасіў прытулку, і ўсіх іх вярнулі назад.

Эстонія падрыхтавалася да закрыцьця памежных пераходаў у выпадку «узмацненьня міграцыйнага ціску з боку Расеі», а таксама да дзеяньняў у дачыненьні да мігрантаў, калі яны паспрабуюць пранікнуць у краіну па-за афіцыйнымі пераходамі, паведаміў агенцтву Reuters міністар унутраных спраў Эстоніі Лаўры Ляанэмэтс праз прэс-сакратара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG