За апошні год беларускія ўлады прыдумалі адразу некалькі спосабаў, каб сабраць больш грошай зь беларусаў.
Плата за багаж у мэтро
Пасажыры Менскага мэтрапалітэну часьцей сталі паведамляць аб дадатковай плаце за багаж. Насамрэч правілы праезду ў мэтро не мяняліся з 2020 году. Проста ім цяпер удзяляюць больш увагі.
«Мы таксама клапоцімся і аб фінансавых сродках, якія ідуць на ўтрыманьне мэтрапалітэну», — сказаў «Мінскай праўдзе» прэс-сакратар мэтрапалітэну Андрэй Дроб.
Стандартны багаж, які не патрабуе дадатковай аплаты, — той, які па сукупнасьці трох вымярэньняў (даўжыня, шырыня і вышыня) не перавышае 121 см. Гэтае ж правіла распаўсюджваецца на дзіцячыя вазкі, ровары, самакаты і іншыя аналягічныя прадметы. У выпадку перавышэньня памераў багажу могуць папрасіць дадаткова аплаціць адзін ці два жэтоны. Раней у менскім мэтро рэдка зьвярталі на гэта ўвагу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская бізнэс-эміграцыя пачала запавольвацца. Вынікі новага дасьледаваньняПадатак на «багатых» індывідуальных прадпрымальнікаў
З наступнага году для некаторых індывідуальных прадпрымальнікаў могуць значна зьмяніцца правілы працы. Калі іх гадавы прыбытак перавысіць 500 тысяч рублёў, то ім, па-першае, давядзецца плаціць павышаны падатак на даходы: ня 20%, а 30%. А па-другое, трэба перааформіцца ў юрыдычную асобу. Гэта прадугледжвае законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці».
На думку чыноўнікаў, калі законапраект прымуць, зьмена закране каля 2 тысяч прадпрымальнікаў.
500 тысяч на год — гэта крыху больш за 41 тысячу рублёў на месяц, ці 13 440 даляраў на месяц паводле цяперашняга курсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павысіць падаткі для ІП і фізычных асобаў, на першую кватэру і аўтамабілі: якія зьмены рыхтуюць у Падатковы кодэкс БеларусіПадатак «на багатых»
Падатак для асобаў, якія маюць высокія даходы, таксама плянуецца. Згодна з законапраектам «Аб зьменах Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь», калі фізычная асоба мае даход звыш 200 000 рублёў за год, то падаходны падатак для іх будзе вылічвацца па стаўцы 25%. 200 000 на год — гэта 16 666 рублёў на месяц. Звычайная стаўка падаходнага падатку ў Беларусі — 13%. Гэтае новаўвядзеньне запрацуе з 2024 году, калі законапраект прымуць. На думку чыноўнікаў, зьмены закрануць 2 тысячы чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адсутнасьць працы — яшчэ ня цяжкая жыцьцёвая сытуацыя? Як дзяржава скарачае сацыяльны пакетКамісія 5% за аплату камуналкі з-за мяжы
Беларускі Paritetbank сумесна з правайдэрам плацяжоў Bepaid запусьціў паслугу аплаты з картак замежных банкаў у сыстэме АРІП (праз гэтую сыстэму аплачваюцца камунальныя плацяжы, падаткі, мыта, інтэрнэт і мабільная сувязь ды інш.). Аплаціць можна суму да 36 900 рублёў на дзень. Аднак ёсьць нюанс: камісія складзе 5% ад сумы.
Гэткія ж плацяжы праз АРІП зь беларускіх картак робяцца без камісій. Такую магчымасьць беларускі дзяржаўны рэгулятар Нацбанк анансаваў яшчэ ў ліпені.
Paritetbank — гэта акцыянэрнае таварыства, да 2021 году больш за 99% акцый належала Саіду Гуцэрыеву, сыну сябра Лукашэнкі Міхаілу Гуцэрыеву. У 2021 годзе ён прадаў гэты актыў расейскаму прадпрымальніку Расіму Ісмаілаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства падаткаў нагадала беларусам, што на сплату збораў за першую кватэру, зямлю і транспарт застаецца няшмат часу
Паборы з таксістаў
8 чэрвеня зьявіўся праект указу Лукашэнкі, які тычыцца таксістаў. Калі яго прымуць, створаць «рэестар аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хочуць уключыць усіх дыспэтчараў, перавозчыкаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавозчык не ў рэестры — ён працуе незаконна. Каб трапіць у рэестар, трэба плаціць. За адну машыну — дзьве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу — адна (37 рублёў). За дыспэтчара — 100 базавых (3700 рублёў).
Сёньня ж кіроўца таксі ня плаціць гэтых пабораў. А яшчэ, калі закон прымуць, кіроўцы за свае грошы мусяць абсталяваць салён машыны камэрай, каб паездка фіксавалася на відэа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разгляд нашумелага законапраекту са зьменамі для прадпрымальнікаў Беларусі адклаліКазна пусьцее?
Рэсурсы, каб напоўніць бюджэт, абмежаваныя, а яны патрэбныя для эканомікі і ўтрыманьня сілавікоў. На гэта зьвяртае ўвагу старшая навуковая супрацоўніца Beroc Анастасія Лузгіна.
«Прымаюцца рашэньні, каб павысіць збор падаткаў, каб былі дадатковыя платы ў бюджэт. Гэтыя зьмены сьведчаць аб тым, што ёсьць праблемы з напаўняльнасьцю бюджэту. Ёсьць таксама пытаньні з ростам расходаў, трэба ўтрымліваць сілавікоў, а таксама выплачваць пэнсіі. Колькасьць работнікаў у эканоміцы скарачаецца, і трэба пераразьмяркоўваць рэсурсы, каб плаціць пэнсіі. Усё ўказвае на тое, што ёсьць цяжкасьці зь неабходнымі для дзяржавы грашыма», — кажа Анастасія Лузгіна.
Беларускае Міністэрства фінансаў прагназуе дэфіцыт бюджэту ў 2024 годзе ў 4,8 мільярда рублёў. Гэта перавышэньне расходаў над даходамі. Сёлетні бюджэт улады плянавалі з дэфіцытам 3,1 мільярда рублёў, аднак у сярэдзіне лістапада Мінфін адсправаздачыўся, што па выніку году дэфіцыту можа і ня быць, могуць выйсьці ў нуль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як у пекле». Чаму Беларусь узначаліла антырэйтынг сыстэмаў падаткаабкладаньня