У грамадзян Беларусі застаюцца два месяцы, каб пасьпець унесьці падаткі за нерухомую маёмасьць, а таксама зямельны і транспартны зборы. Апошні тэрмін — 15 лістапада ўключна, нагадваюць падаткавікі.
Паводле «Зеркала», віцебскія падаткавікі ўдакладняюць, што на ўсе гэтыя тры падаткі павінна была прыйсьці адзіная плацёжка. Інфармацыю аб сумах падаткаў можна паглядзець праз АРІП, асабісты кабінэт на сайце Міністэрства падаткаў і збораў, а таксама ў любой падатковай інспэкцыі на тэрыторыі краіны.
Падаткі на нерухомасьць, як і зямельны збор, за 2022 год налічалі ў два этапы. Да 15 лістапада 2022 года трэба было ўнесьці аванс па падатку — 50% ад сумы збору. Астатнюю частку трэба заплаціць да 15 лістапада сёлета.
Што да транспартнага падатку, то яго таксама трэба заплаціць да 15 лістапада ўключна. Сёлета стаўкі гэтага збору не падвышалі.
Аднак, як піша «Зеркало», у параўнаньні зь мінулым годам усё ж такі ёсьць навіна — унесьці транспартны падатак трэба адной сумай, гэта значыць без авансавых плацяжоў, як было ў 2022 годзе.