«Пра зайца, ваўка і мядзьведзя». Дзіцячы верш Тодара Кляшторнага выдаюць асобнай незвычайнай кнігай

Кніга «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя»

Паразмаўлялі з прадстаўніцай выдавецтва Słowianka пра новую беларускую дзіцячую кнігу. Даведаліся, як яна стваралася, якія былі складанасьці і чым гэтае выданьне ўнікальнае.

Słowianka — гэта незалежнае выдавецтва, якое займаецца дзіцячымі кнігамі на беларускай мове. «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя» — ужо трэцяя праца выдавецтва. Да гэтага выйшлі «Каток-пестунок» і «Ашуканкі».

«Ідэя ўзьнікла таму, што кнігі на беларускай мове для дзяцей выдаюцца вельмі файныя, але іх мала. І таму вырашылі: чаму б не? Бо можна зрабіць унёсак у тое, каб больш зьяўлялася кніг для дзяцей», — кажа прадстаўніца выдавецтва (не называем імя на просьбу суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС).

Суразмоўца гаворыць, што верш Тодара Кляшторнага прапанаваў культуроляг, рэжысэр, выкладчык Васіль Дранько-Майсюк.

«Мы хацелі ўключыць гэты верш у зборнік „Каток-пестунок“, бо менавіта Васіль Дранько-Майсюк быў складальнікам першай кнігі, дзе знаходзіцца клясыка беларускай дзіцячай літаратуры. Але гэты верш на восем старонак занадта вялікі для зборніка, таму вырашылі, што можам выдаць яго асобнай кніжкай».

Верш Тодара Кляшторнага «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя» выходзіў асобнымі кнігамі ў 1935 і 1964 гадах.

«У нас былі здымкі гэтых кніжачак, таму мы маглі паглядзець, як гэта было зроблена раней. Але вельмі складана было ў інтэрнэце знайсьці проста тэкст гэтага дзіцячага верша. Таму мне здаецца, што важна такую нашую спадчыну адбудоўваць нанова, каб такія кніжкі таксама выходзілі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціхан Чарнякевіч: «Знаходжу апірышча ў беларускай мове, а найбольш камфортна пачуваюся ў спазнаньні літоўскай літаратуры і культуры»

«Спалучылі традыцыйную кнігу зь вімэльбухам»

Незвычайнае ў кнізе — яе выгляд.

«Гэта будзе кніжка-гармонік. Такая раскладная кніжка, дзе можна ўсю гісторыю раскласьці на падлозе або стале і чытаць, перагортваючы адну старонку за другой. А можна раскласьці цалкам, як усю гісторыю, тады перад намі паўстае цудоўны беларускі зімовы лес і жывёлы».

Кніга «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя»

Уся кніга зробленая на тоўстым кардоне. З аднаго боку ёсьць галоўны сюжэт зь вершам Тодара Кляшторнага, а з другога — вімэльбух (тып шырокафарматнай кнігі з малюнкамі бяз словаў, ілюстраваная кніга-галаваломка. — РС).

Кніга «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя»

«Так мы спалучылі традыцыйную кнігу, дзе ёсьць сюжэт, зь вімэльбухам. Таму кнігу можна і разглядаць, і чытаць. Таксама мы можам выкарыстоўваць кнігу як лягапэдычную гульню: калі дзіця яшчэ не ўмее чытаць, але яно чула гэтую гісторыю некалькі разоў, то калі мы раскладзем кнігу, мы можам расказваць гісторыю, ідучы з адной старонкі на другую, і калі мы бачым усё разам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэтка Наста Кудасава: «Беларусам вельмі самотна ва ўсіх кутках сьвету. Нам не хапае цеплыні і надзеі»

«Усе эмоцыі жывёл мастачцы ўдалося ідэальна перадаць»

Дадаткова да кнігі зрабілі і размалёўку.

«Яна будзе падобная да кнігі, двухбаковая, дзе можна таксама расказаць гісторыю. Але ў размалёўцы няма тэксту, замест яго дадалі дадатковых пэрсанажаў-жывёлаў, якіх можна сустрэць у зімовым лесе. Таму размалёўку можна назваць і адукацыйнай, бо мы менавіта на ёй падпісалі ўсе назвы жывёлаў па-беларуску, каб бацькі і дзеці маглі пра іх даведацца».

Мастацкім рэдактарам кнігі стаў Анатоль Лазар, менавіта ён прыдумаў зрабіць кнігу-гармонік, кажа прадстаўніца выдавецтва.

«Мастачка кнігі — Кацярына Сьцяжко. У гісторыі „Пра зайца, ваўка і мядзьведзя“ вельмі хуткі сюжэт, і ўсе эмоцыі жывёл ёй удалося ідэальна перадаць. Гэта галоўная каманда, якая працуе над кнігай».

Прадстаўніца выдавецтва адзначае, што кнігу было тэхналягічна складана рэалізаваць.

«Вельмі складана надрукаваць на такім доўгім кардоне і яго скласьці. Але мы не хацелі адмаўляцца ад ідэі і зрабілі ўсё. Мы ўжо бачылі пробны друк, які нас вельмі задаволіў, бо гэта ідэальны фармат, памер, кніга добра раскладаецца і файна выглядае».

Прадстаўніца выдавецтва кажа, што яе вельмі натхняе праца зь дзецьмі і для дзяцей.

«Натхняе, калі бачыш, як тая кніга, якую ты ствараеш, падабаецца дзецям. Натхняе зваротная сувязь ад бацькоў і дзяцей. Мяне вельмі радуе, што ад іншых беларускіх незалежных выдавецтваў бачная не канкурэнцыя, а падтрымка. Мы хочам супрацоўнічаць зь іншымі выдавецтвамі, спалучыць нашыя сілы, каб кнігі на беларуская мове атрымліваліся хутчэй і іх было больш».

Кніга «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя» мусіць неўзабаве выйсьці. Падрабязнасьці можна даведацца ў сацыяльных сетках выдавецтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14 краін, чатыры выдавецтвы, зь Беларусьсю складана. Расказваем пра новую інтэрнэт-кнігарню «Кнігаўка» (+ сьпіс іншых крамаў)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Кандрацюк: «Людзі, якія жывуць пры Белавескай пушчы, — свабодалюбныя арыгіналы»