На словах — «згуртаванасьць», у рэальнасьці — крызіс. Вынікі менскага саміту АДКБ

Удзельнікі саміту АДКБ у Менску, 23 лістапада 2023 году

Саміт АДКБ у Менску падвёў вынікі старшынства Беларусі ў гэтай арганізацыі, якое адбывалася на працягу 2023 году. Беларускае кіраўніцтва бадзёра рапартуе, што справы ідуць цудоўна. Аднак гэта выглядае як добрая міна пры дрэннай гульні.

Сьцісла:

  • Адмова Армэніі ўдзельнічаць у мерапрыемствах АДКБ, ейны байкот менскага саміту — яскравае сьведчаньне пра рэальную «згуртаванасьць» гэтага саюзу.
  • Аляксандар Лукашэнка абурыўся пазыцыяй Армэніі, палічыў, што мае права даць ёй ацэнку.
  • Фактычна толькі Лукашэнка выступіў з агрэсіўнай прамовай на адрас Захаду, NATO, суседзяў, гаварыў пра вялізныя пагрозы з таго боку. Прэзыдэнт Казахстану запярэчыў.
  • Пасьля працяглага перапынку Лукашэнку ўдалося перамовіцца з Пуціным сам-насам.

Адкрываючы саміт, Аляксандар Лукашэнка абвясьціў: «Роўна год таму ў ходзе сэсіі Савету калектыўнай бясьпекі ў Ерэване мы агучылі прыярытэтныя напрамкі старшынства Рэспублікі Беларусь як на ўнутраным, так і на зьнешнім контуры. На ўнутраным контуры мы імкнуліся падвысіць згуртаванасьць дзяржаў — чальцоў АДКБ у мэтах умацаваньня самой арганізацыі... Сёньня можна канстатаваць, што мэты, пазначаныя беларускім бокам у лістападзе мінулага году, у цэлым дасягнутыя».

У гэтым месцы варта паставіць некалькі пытальнікаў. Найперш наконт «згуртаванасьці».

Чатыры з шасьці краін-чальцоў не падтрымалі хоць бы на палітычным узроўні Расею ў яе вайне супраць Украіны. АДКБ не падтрымала Армэнію ў яе збройным канфлікце з Азэрбайджанам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску рыхтуюцца да саміту АДКБ. На ім плянуюць абмеркаваць Армэнію безь яе ўдзелу

Адмова Армэніі ўдзельнічаць у мерапрыемствах АДКБ, ейны байкот менскага саміту — яскравае сьведчаньне рэальных вынікаў беларускага старшынства, высілкаў Менску ў справе «падвышэньня згуртаванасьці» гэтага саюзу.

Армэнія ня ставіць пытаньне пра выхад з АДКБ. І наўрад ці да гэтага справа дойдзе, зважаючы на тое складанае геапалітычнае становішча, у якім знаходзіцца гэтая краіна. Цяперашні дэмарш Ерэвана — гэта дэманстрацыя незадаволенасьці пазыцыяй Масквы ў пытаньні Карабаху.

Лукашэнка абурыўся паводзінамі кіраўніцтва Армэніі, палічыў, што мае права даць ім ацэнку. Ён назваў прэм’ера Армэніі Нікола Пашыньяна «палітыкам-аднаднеўкай» і заявіў: «Мы прыйшлі да адзінай высновы, што праблемныя пытаньні заўсёды былі і будуць. Калі мы іх маем намер вырашаць, то іх трэба вырашаць за сталом перамоваў, не рабіць дэмаршаў без прычын, бяз пэўных прычын».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прайшоў саміт АДКБ: без Пашыньяна, але з Пуціным

Тут варта нагадаць, што сам Лукашэнка не прытрымліваецца такіх правілаў, якім вучыць іншых. Ён, мусіць, забыўся, што ў свой час, у 2009 годзе, беларускі бок таксама байкатаваў саміт АДКБ у Маскве. Тады ў аснове канфлікту Менску і Масквы ляжала спрэчка аб доступе беларускіх малочных тавараў на расейскі рынак. І Лукашэнка ставіў пытаньне ў выглядзе ўльтыматуму: або РФ здымае абмежаваньне на пастаўкі прадуктаў, або беларускі бок ня ўдзельнічае ў саміце АДКБ і тым самым блякуе яго працу. Больш за год Менск ухіляўся ад старшынства ў АДКБ, якое павінна было якраз тады перайсьці да Беларусі, адмаўляўся падпісваць дакумэнты, прынятыя на тым саміце.

Варта зьвярнуць увагу, што тады Менск увязаў з АДКБ тэму, якая ня мела ніякага дачыненьня да пытаньняў бясьпекі, чым, уласна і займаецца гэтая арганізацыя. А Армэнія ўсё ж дэманструе незадаволенасьць пазыцыяй саюзьнікаў менавіта ў сфэры бясьпекі.

У любым выпадку, байкот Армэніяй АДКБ — гэта яскравая прыкмета крызісу гэтай арганізацыі.

Што да выступаў на саміце, то яны прайшлі паводле звычайнай схемы. Фактычна толькі Лукашэнка выступіў з агрэсіўнай прамовай на адрас Захаду, NATO, суседзяў, гаварыў пра вялізныя пагрозы з таго боку, апраўдваў зьяўленьне ў Беларусі ядзернай зброі, бэсьціў міжнароднае права. Нават Уладзімір Пуцін не падтрымаў агрэсіўны лукашэнкаўскі тон (ва ўсялякім разе, у публічнай частцы выступу).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў расейскую ядзерную зброю ў Беларусі «не пагрозай», але праявай «дыпляматычнага этыкету»

Справа дайшла да таго, што прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў вымушаны быў запярэчыць: «Няма неабходнасьці пастаянна гаварыць пра ўзрастаючыя пагрозы бясьпецы дзяржаў-удзельніц АДКБ, нават калі такія існуюць. У рэшце рэшт, пагрозы існавалі заўсёды. Такая сутнасьць міжнароднай супольнасьці. Частыя заявы на гэтую тэму спараджаюць ілюзію, нібыта мы кагосьці баімся. Падобныя заявы могуць таксама атрымаць і, здаецца, ужо атрымліваюць зусім няправільную інтэрпрэтацыю. Рыторыка арганізацыі павінна быць жорсткай, але вельмі карэктнай».

Таму пра «згуртаванасьць» гаварыць не выпадае. Палеміка паміж саюзьнікамі выходзіць на публічны ўзровень.

А Лукашэнку нарэшце ўдалося коратка пагутарыць з Пуціным. Ён плянаваў гэта зрабіць яшчэ 13 кастрычніка падчас саміту СНД у Кіргізстане. Але тады нешта сарвалася. Цяпер жа, каб атрымалася размова, Лукашэнку давялося праводзіць расейскага прэзыдэнта ў аэрапорт, хоць пратакол візыту Пуціна (рабочы візыт) гэтага не патрабаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі старшынёўства Беларусі ў АДКБ: разьвітаньне з Армэніяй. І з ілюзіямі