2500 вакансій. Што адбываецца з МТЗ, які прапанаваў плаціць 500 рублёў за кожнага новага супрацоўніка

Менскі трактарны завод і пратэсты 2020 году. Каляж

Супрацоўнікі МТЗ расказваюць, чым выкліканы такі незвычайны крок кіраўніцтва.

500 рублёў дадуць, калі прывядзеш сяброў працаваць на Менскі трактарны завод. Такую акцыю запусьцілі на прадпрыемстве. Прапанова будзе дзейнічаць з 1 сьнежня. Яна тычыцца шэрагу спэцыяльнасьцяў: кіроўца-выпрабавальнік, каваль-штампоўшчык, наладчык аўтаматычных ліній і агрэгатных станкоў, сьлесар-інструмэнтальшчык.

Агаворваецца, што новыя работнікі павінны мець разрад, не ніжэйшы за трэці. 500 рублёў выплацяць, калі прыведзены супрацоўнік адпрацуе 3 месяцы без парушэньня працоўнай і вытворчай дысцыпліны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МТЗ гатовы плаціць сваім работнікам 500 рублёў за кожнага новага супрацоўніка

Што адбываецца з заводам

На раніцу 20 лістапада, згодна з Рэспубліканскім банкам вакансій, на МТЗ шукаюць 2547 супрацоўнікаў. Некалькі дзясяткаў — гэта падразьдзяленьні прадпрыемства за межамі Менску, але большасьць — работнікі на сам завод на Даўгабродзкай, 29.

Напрыклад, вядучаму сыстэмнаму аналітыку гатовыя плаціць 1155 рублёў, зубарэзчыку 2000 рублёў, сьлесару-рамонтніку — 1800 рублёў.

Яшчэ ў жніўні 2022 году на МТЗ шукалі 1019 супрацоўнікаў. За год колькасьць вырасла больш як удвая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​На МАЗе — 700 рублёў, на МТЗ — ад 650. Колькі гатовыя плаціць на вядучых дзяржаўных прадпрыемствах

Вядома, што ў 2021 годзе на заводзе працавалі 15 400 рабочых. У 2022-м завод выйграў 170 тэндэраў на агульную суму 46 млн беларускіх рублёў. Годам раней прадпрыемства атрымала 90 кантрактаў, яшчэ раней — ня больш за 30 на год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На МТЗ за год утрая вырасла колькасьць вакансій, цяпер шукаюць каля 13% супрацоўнікаў

Колькасьць заказаў расьце, а выручка не. Чысты прыбытак заводу за студзень—чэрвень мінулага году — 49,4 мільёна рублёў, а за такі ж пэрыяд у 2021 годзе — 94 мільёны, амаль удвая болей. Цалкам справаздачу за 2022 год не апублікавалі.

На чэрвень 2022 году завода меў 1,6 мільярда даўгоў па крэдытах.

«Пэнсіянэрам працягваюць кантракты»

Свабода паразмаўляла зь людзьмі, знаёмымі з сытуацыяй на Менскім трактарным заводзе. Некалькі суразмоўцаў пацьвердзілі нястачу супрацоўнікаў. Ад гэтага зараз працягваюць кантракты пэнсіянэрам, якіх раней зьбіраліся скарачаць.

На гэта паўплывала некалькі прычын, найперш палітычны крызіс і звальненьні з палітычных матываў, а таксама эміграцыя спэцыялістаў за мяжу.

Іншы суразмоўца расказаў, што завод мае цяпер «як дзяржаўныя кантракты, так і кантракты, зьвязаныя з расейскімі вайсковымі заказамі», якія трэба выконваць. Таму рабочыя працуюць ня толькі за свае спэцыяльнасьці, а і за некаторыя іншыя, бо «кадраў бракуе». Пры гэтым «вырасьлі заказы, зьвязаныя з вайсковай прамысловасьцю».

Па словах суразмоўцаў, звольненых раней за палітыку спэцыялістаў «вяртаць забаронена».

Менскі трактарны завод працуе пад санкцыямі з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і Ўкраіны.

Прычына — палітычныя рэпрэсіі і саўдзел у вайне. ЭЗ ня ўводзіў санкцый супраць МТЗ наўпрост, але абмежаваў пастаўкі шэрагу беларускіх тавараў, трактароў у тым ліку.

Пад санкцыі трапіла кампанія Аляксандра Зайцава ТАА «Сохра». Афіцыйна асноўны від яе дзейнасьці — пасярэдніцтва ў пастаўках беларускай тэхнікі ў краіны Азіі і Афрыкі. Сярод іншага, «Сохра» гандлюе прадукцыяй МТЗ, БелАЗу, МАЗу, «Амкадору» ды іншых вытворцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія акупацыйныя ўлады на Запарожжы хочуць адкрыць філіялы двух беларускіх прадпрыемстваў