У Беларусі і Латвіі «ёсьць нешта большае, чым проста мяжа; у нас агульная гісторыя і агульныя каштоўнасьці», гаворыцца ў віншаваньні Сьвятланы Ціханоўскай.
«Я бясконца ўдзячная Латвіі за падтрымку на шляху да свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Мы ніколі не забудзем, як Латвія стала другой краінай пасьля Літвы, якая ўвяла санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Мы ніколі не забудзем, як Латвія прыняла беларусаў, змушаных пакінуць краіну праз рэжым. Мы ніколі не забудзем, як Латвія падтрымлівала нашых палітвязьняў, грамадзянскую супольнасьць, праваабаронцаў і незалежныя СМІ», — напісала беларуская дэмакратычная лідэрка ў «Твітары».
Ціханоўская заклікала працягнуць «разам адстойваць каштоўнасьці, якія нам дарагія». Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі наведвала Латвію ў лістападзе 2020-га і чэрвені 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступіла ў Саэйме Латвіі: «У Беларусь вярнуўся сталінскі тэрор»Іншая танальнасьць у віншаваньні Аляксандра Лукашэнкі «народу Латвіі»: «Беларусы... ніколі не дыктавалі вам, каго выбіраць кіраўніком сваёй краіны і па якім шляху яна будзе разьвівацца». Лукашэнка сьцьвярджае, што Беларусь без ваганьняў адкрыла для жыхароў Латвіі магчымасьць бязьвізавага ўезду ў краіну, і ёю скарысталіся дзясяткі тысяч чалавек. «Такім чынам Менск падтрымаў гуманітарныя і дзелавыя кантакты, надаў дадатковую каштоўнасьць суседзтву, якое нельга разбурыць», — гаворыцца ў віншаваньні.
Лукашэнка, паводле яго прэсавай службы, «выказаў надзею на добразычлівыя адносіны да беларусаў з латвійскага боку, палітычную сталасьць, грамадзянскую пазыцыю і выбар на карысьць хуткага пераадоленьня ўсіх існуючых супярэчнасьцяў».
«Шчыра жадаю латвійскаму народу міра, пэрспэктываў і магчымасьцей для ўмацаваньня дзяржаўнасьці не коштам стасункаў са сваімі суседзямі», — напісаў Лукашэнка. Ён таксама пажадаў народу Латвіі «слушнага выбару».
Як адзначае «Позірк», Латвія не прызнае Лукашэнку абраным прэзыдэнтам і падтрымлівае санкцыйную палітыку Эўрапейскага Зьвязу, сябрам якога з’яўляецца. Ўлады Беларусі ўключылі Латвію ў сьпіс недружалюбных краін. У рэчышчы гэтай палітыкі віншаваньне са сьвятам Лукашэнка адрасуе толькі народу, не згадваючы ўлады краіны.
У 2023 годзе на беларуска-латвійскай мяжы абвастрылася праблема нелегальнай міграцыі. З пачатку студзеня пагранслужба Латвіі зафіксавала 13,5 тыс. спроб незаконнага пранікненьня грамадзян трэціх краін з тэрыторыі Беларусі.
У сувязі з крызісам 19 верасьня Рыга закрыла пагранічны пераход Сілене (з беларускага боку Урбаны), пакінуўшы дзейным толькі пункт пропуску Патэрніекі (Грыгараўшчына). У адказ Менск увёў забарону на ўвоз шэрагу латвійскіх тавараў, у тым ліку калгот.
Лукашэнка ня быў з візытам у Латвіі. У 2019 годзе візыт плянаваўся, потым быў перанесены, у выніку не адбыўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь застаецца міралюбівай дзяржавай». Лукашэнка павіншаваў народ Латвіі і скрытыкаваў латвійскія ўлады