Калі брама зачыняецца. Што адбываецца ў беларуска-кітайскіх дачыненьнях?

Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень"

Галоўная праблема палягае ў тым, што той статус, з-за якога Беларусь была цікавая Кітаю — транзытны статус — разбураецца на вачах. У выніку вострага канфлікту Беларусі з ЭЗ, заходніх санкцыяў ролю транспартнага хаба, моста, брамы ў Эўропу краіна ў значнай меры страціла.

Сьцісла:

  • Беларускія ўлады заўсёды імкнуліся стварыць для кітайскага бізнэсу на тэрыторыі Беларусі льготныя ўмовы.
  • Канфлікт з ЭЗ, ступар на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах вядзе да таго, што значэньне Беларусі ў геапалітыцы Кітаю падае.
  • Спробы афіцыйнага Менску пераключыць сваю замежную палітыку на Азію радыкальна нічога не мяняюць. Бо Беларусь для Пэкіну цікавая менавіта яе эўрапейская дзяржава, як брама ў ЭЗ.
  • Усё гэта стварае пэўны дыскамфорт для беларускіх уладаў. Таму яны і мітусяцца.

16 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе стварыць зону свабоднага гандлю паслугамі з Кітаем.

Вядома, што беларускія ўлады заўсёды імкнуліся стварыць для кітайскага бізнэсу на тэрыторыі Беларусі льготныя ўмовы. Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень», які пачаў будавацца з 2012 году, — гэта такі своеасаблівы афшор зь вельмі льготнымі ўмовамі для ягоных рэзыдэнтаў. Аднак гэтага аказалася мала. Давялося прэзыдэнцкімі ўказамі ў 2015 і 2018 гадах даваць дадатковыя льготы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь стала менш прывабнай і стабільнай». Як зьмяніліся стасункі Беларусі і Кітаю

Пасьля ўвядзеньня заходніх санкцыяў гандаль Беларусі з Кітаем актывізаваўся. У 2022 годзе экспарт беларускіх тавараў у КНР вырас на 65%, сёлета за студзень-кастрычнік ён павялічыўся яшчэ на 10%. Кітай — асноўны пакупнік беларускага калію, сёлета, па зьвестках Свабоды з прадпрыемства, пастаўкі ў параўнаньні зь мінулым годам маглі вырасьці ў 1,5–2 раза.

Ёсьць палітычная падтрымка Беларусі з боку Кітаю. На ўсіх міжнародных пляцоўках Пэкін актыўна абараняе афіцыйны Менск ад крытыкі наконт правоў чалавека.

Здаецца, вонкава ўсё нармальна. Аднак усё больш бачныя непаразуменьні ў беларуска-кітайскіх дачыненьнях, якія, хоць і прыхаваныя, аднак выходзяць на паверхню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітаіст патлумачыў, чаму Лукашэнкі не было на форуме ў Пэкіне

Старая праблема ў адносінах палягае ў тым, што Кітай гатовы даваць крэдыты, але вельмі мала інвэстуе ў беларускую эканоміку. Цяпер гэтае пытаньне абвастрылася з прычыны ізаляцыі Беларусі.

Але галоўная праблема палягае ў тым, што той статус, з-за якога Беларусь была цікавая Кітаю, разбураецца на вачах. А менавіта: транзытны статус Беларусі. А гэта ж стратэгічны рэсурс дзяржавы і ў пляне геапалітыкі, і ў пляне эканомікі.

Стратэгія Кітаю адносна Беларусі грунтавалася на тым, што беларуская тэрыторыя разглядалася як транспартны хаб, транзытны мост у Эўропу. Па дадзеных за 2019 год, празь Беларусь праходзіла больш за 80% усіх чыгуначных перавозак паміж Эўразьвязам і Кітаем. На гэтым простым інтарэсе канструяваліся розныя палітыка-дыпляматычныя надбудовы, кшталту дамоваў аб «жалезным братэрстве», «усепагодным сяброўстве» і інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Злом трэнду праз вайну і санкцыі. Глядзім, як Беларусь гандлюе з Расеяй і Кітаем

Але ў выніку вострага канфлікту Беларусі з ЭЗ, заходніх санкцый свой транзытны статус краіна ў значнай меры страціла. Паводле ацэнкі эканаміста Льва Львоўскага, абарачэньне грузаў празь Беларусь зьменшылася прыкладна на 40% у параўнаньні з 2021 годам.

Больш за тое, праблема абвастраецца. Ступар на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах моцна пагаршае сытуацыю. Пытаньне аб поўным перакрыцьці мяжы зь Беларусьсю заходнімі і паўночнымі суседзямі не сыходзіць з парадку дня. 16 лістапада ў Сейме Літвы разглядалася тэма закрыцьця некаторых памежных пунктаў на беларуска-літоўскай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сейме Літвы прапанавалі закрыць некаторыя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю

Усё гэта вядзе да таго, што значэньне Беларусі ў геапалітыцы Кітаю падае. Гэтага становішча не кампэнсуюць спробы афіцыйнага Менску пераключыць сваю замежную палітыку на Азію, інтэгравацца ў розныя азіяцкія арганізацыі, кшталту ШАС. Кітай ня супраць. Але Беларусь для Пэкіну цікавая менавіта як эўрапейская дзяржава, як брама ў ЭЗ. Менавіта гэты чыньнік быў галоўным пры стварэньні парку «Вялікі камень». Меркавалася, што прадукцыя, атрыманая ў гэтым афшоры, будзе канкурэнтаздольная на эўрапейскім рынку. А для гэтага патрэбныя былі добрыя адносіны паміж Беларусьсю і ЭЗ (у ідэале — льготны гандлёвы рэжым).

І калі гэтая брама зачыняецца, то давядзецца шукаць іншыя. Пэкін не хавае свайго расчараваньня. Усе заўважылі адсутнасьць Лукашэнкі на трэцім форум «Адзін пояс — адзін шлях» у Пэкіне ў кастрычніку. Гэта дэманстрацыя таго, што Кітай незадаволены цяперашнім становішчам. Каму патрэбная брама, якая зачыняецца?

Усё гэта стварае пэўны дыскамфорт для беларускіх уладаў. Таму яны і мітусяцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асноўны пакупнік — Кітай, цэны нізкія. Што адбываецца зь «Беларуськаліем»

З аднаго боку, улады робяць спробы неяк выйсьці з тупіку ў адносінах з ЭЗ, зьняць напружаньне на заходняй мяжы, каб не даводзіць сытуацыю да поўнага перакрыцьця памежных пераходаў. Усе заўважылі, што ў сваіх публічных заявах апошняга часу Аляксандар Лукашэнка ўсё часьцей гаворыць аб жаданьні пачаць нейкі дыялёг з краінамі ЭЗ, перш за ўсё з суседзямі.

А зь іншага боку, робіцца спроба неяк яшчэ зацікавіць, залагодзіць Кітай. Вось вам зона свабоднага гандлю паслугамі.

Але такія паўмеры, паліятывы наўрад ці могуць вырашыць тыя праблемы беларуска-кітайскіх дачыненьняў, якія хвалююць Пэкін.