Паводле яго, такая мера неабходная для скарачэньня правозу кантрабанды.
«Прапануем ацаніць магчымасьць закрыцьця памежных пераходаў, празь якія ў Літву ідуць найбольш масавыя патокі кантрабанды, і разгледзець пытаньне дадатковага фінансаваньня тых кантрольна-прапускных пунктаў, кантроль на якіх недастатковы», — заявіў Лінге на пасяджэньні камітэту, яго цытуе выданьне Kauno Diena.
Пра якія менавіта пункты пропуску ідзе гаворка, не ўдакладняецца.
Паведамляецца, што сёлета Міністэрства ўнутраных спраў Літвы фіксуе павелічэньне спробаў правозу кантрабандных тавараў зь Беларусі і РФ, але ў цэлым аб’ёмы затрыманых нелегальных грузаў зьменшыліся.
- 18 жніўня Літва закрыла пункты пропуску Шумск/Лоша і Відзы/Цьверач. Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог/Меднікі, Прывалка/Райгорад, Беняконі/Салечнікі і Катлоўка/Лаварышкі.
- Літоўскае МУС пазьней прапаноўвала закрыць яшчэ два пункты (Прывалка/Райгорад і Катлоўка/Лаварышкі), але пакуль іх не закрылі.
- 28 жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі на сустрэчы ў Варшаве ўзгаднілі асноўныя крытэры, пры адпаведнасьці якім будзе вырашана цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю: збройны інцыдэнт або інцыдэнт на мяжы адной з краін, які ўяўляе сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, а таксама арганізаваны масавы прарыў нелегалаў.
- 29 жніўня прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што ўрад Літвы найбліжэйшым часам «ня будзе закрываць дадатковыя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю», але згадала пра існаваньне пляну, у якім прапісана, як можна скараціць колькасьць пунктаў пропуску, празь якія можна перасякаць літоўска-беларускую мяжу.
- 1 лістапада Мытная служба Літвы заявіла аб узмацненьні жорсткасьці кантролю на межах зь Беларусьсю і Расеяй для прадухіленьня вывазу санкцыйных тавараў.