Недахоп працоўнай сілы і рост інфляцыі — галоўныя пагрозы для беларускай эканомікі, — Крук

Старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук адказвае на пытаньне, ці можа адбыцца рэзкае падзеньне курсу беларускага рубля, тлумачыць, чаму ўлады і бізнэс падвышаюць заробкі, і расказвае пра галоўныя пагрозы для беларускай эканомікі.

Сьцісла:

  • У любы момант расейскі рубель можа абваліцца. І, адпаведна, шок у Расеі будзе цягнуць у багну і Беларусь
  • Сытуацыю ў замежным гандлі я назваў «барацьба паміж фізычнымі аб’ёмамі і цэнамі».
  • Сёньня на рынку працы вельмі абвастрыўся недахоп працоўнай сілы.
  • Прычына росту заробкаў — штучнае стымуляваньне і вялікая міграцыя зь Беларусі.
  • Афіцыйна заробкі растуць, але людзі заяўляюць, што гэтага не адчуваюць.

— Ці можа ў Беларусі ў наступным годзе паўтарыцца, вобразна кажучы, 2011 год? То бок абвал курсу рубля і інфляцыя? Ці ёсьць нейкія стратэгічныя падставы для такога разьвіцьця падзеяў?

Зьміцер Крук

— Кароткі адказ — так. Бо на сёньня нельга быць упэўненым, што з курсам рубля ўсё будзе нармальна.

Але каб у найбліжэйшай будучыні праглядалася нешта падобнае да таго, што было ў 2011-м — падставаў для гэтага таксама не відаць.

Традыцыйны ўплыў на фармаваньне курсу я падзяляю на дзьве вялікія групы чыньнікаў. Першая — зьнешняя — усё тое, што зьвязана з Расеяй і яе вялікім уплывам на беларускі рубель. У Расеі здолелі часова ўтрымаць курс расейскага рубля, гэта зьвязана з адміністратыўным рэгуляваньнем валютнай выручкі. Фактычна там цяпер склаўся афшорны валютны рынак, значная частка валютнай выручкі не трапляе ў краіну. Улады, вядома, спрабуюць гэтую зьяву пад корань зьнішчыць — але вялікае пытаньне, ці атрымаецца ў іх гэта.

Тут вызначальнае для Расеі — нафтагазавыя даходы. Апошнія месяц яны падрасьлі, але прагноз на будучыню, ва ўмовах санкцыяў, вельмі неспрыяльны. У любы момант расейскі рубель можа абваліцца. І, адпаведна, любы шок у Расеі будзе цягнуць у багну і Беларусь.

Што тычыцца ўнутраных беларускіх чыньнікаў, то тут галоўная пагроза для беларускага рубля — дэфіцыт замежнага гандлю. Пакуль там ня ўсё так страшна, і таму большую небясьпеку я бачу ў інфляцыйным чыньніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты BEROC зрабілі ня вельмі добры прагноз пра курс рубля ў 2024 годзе

— Што тычыцца Расеі, то калі вы кажаце, што яны ўжо ўключаюць адміністратыўныя рычагі — то яны ж могуць утрымліваць рубель і надалей такімі адміністратыўнымі нярынкавымі рашэньнямі?

— Вельмі магчыма. Цяпер яны спрабуюць валютную выручку вярнуць у Расею, і для гэтага ўключаюць адміністратыўныя рычагі. Але гэтыя адміністратыўныя магчымасьці не бязьмежныя, бо яны адначасова імкнуцца ствараць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу ўнутры краіны.

— Калі вы гаворыце пра беларускі замежны гандаль, то незалежныя эканамісты цяпер нярэдка наракаюць, што ўсё больш статыстычнай інфармацыі пра гэта становіцца недаступнай для грамадзкасьці. Ці сапраўды гэта так? І які сэнс нешта хаваць, калі зьвесткі пра гандаль Беларусі зь іншымі краінамі можна ўзяць у статыстыцы тых краінаў?

— Сапраўды, вялікага сэнсу ў утойваньні гэтых дадзеных я ня бачу, гэта проста ўскладняе працу. Аналіз замежнага гандлю можна зрабіць паводле «люстранай» статыстыкі зь іншых краінаў, аднак патраціць значна больш часу на пошук інфармацыі. Але важна адзначыць, што статыстыка ў розных краінах часам адрозьніваецца з аб’ектыўных прычын.

Напрыклад, мы цяпер ня можам дакладна адказаць на пытаньне, куды ідуць беларускія нафтапрадукты, — а гэта адна з самых галоўных галінаў беларускага экспарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, колькі заявак на перавозку грузаў паміж Беларусьсю і Літвой адхіліла Літоўская чыгунка праз санкцыі

— Падаюць цэны на асноўныя прадукты беларускага экспарту — найперш, на калійныя ўгнаеньні. Наколькі гэта можа ствараць пагрозы, што сальда беларускага замежнага таваразвароту стане адмоўным?

— Сытуацыю ў замежным гандлі я назваў «барацьба паміж фізычнымі аб’ёмамі і цэнамі». Беларускі экспарт у натуральным выражэньні выйшаў фактычна на даваенны, да 2022 году, узровень, а імпарт апошнія месяцы зьніжаецца. Так што наконт фізычных аб’ёмаў усё добра.

Але зусім адваротная сытуацыя з цэнамі. У 2022 годзе быў проста пік спрыяльнасьці цэнаў на тыя тавары, якія Беларусь экспартавала. Экспартныя цэны расьлі значна хутчэй за імпартныя, і, адпаведна, быў вельмі высокі ўзровень эфэктыўнасьці экспарту.

Цяпер сытуацыя імкліва пагаршаецца, і як прыклад — зьніжэньне цэнаў на калійныя ўгнаеньні, якое вы ўзгадалі. І гэта вялікі выклік для беларускай эканомікі, бо раней за кошт высокіх цэнаў на калійныя ўгнаеньні можна было зьмірыцца з высокім коштам лягістыкі, дастаўкі гэтага тавару ў Кітай і Індыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш рэзкае падзеньне рубля магчымае ў наступным годзе». Што далей будзе з далярам у Беларусі

— Калі Захад пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны ўвёў санкцыі, адбылася пераарыентацыя беларускага экспарту на ўсход — у Расею ды іншыя краіны. Можна сказаць, што ўладам удалося перанакіраваць экспарт і захаваць у цэлым ягоныя аб’ёмы?

— У цэлым — так. Але статыстыка недасяжная, і таму цяжка дэталёва адказаць, у якой ступені гэта натуральная пераарыентацыя. Лідэрамі гэтай пераарыентацыі сталі тыя самыя калійныя ўгнаеньні і нафтапрадукты, прытым з апошнімі сытуацыя вельмі непразрыстая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта рынкаў ЭЗ і Ўкраіны каштавала Беларусі 10,5 млрд даляраў, — пасол Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты

— Улады цягам гэтага году вельмі актыўна падвышаюць заробкі ў намінальным вылічэньні. Наколькі гэта эканамічна абгрунтавана, ці адпавядае рост заробкаў росту вытворчасьці?

— Хутчэй — не, не абгрунтавана. Заробкі даволі далёка адарваліся ад эфэктыўнасьці эканомікі, росту (адносна невялікага) ВУП. Але прычына ня толькі ў штучным стымуляваньні з боку рэжыму, але і ў вялікай міграцыі зь Беларусі.

Сёньня на рынку працы вельмі абвастрыўся недахоп працоўнай сілы. Мы рабілі апытаньне бізнэсаў, і там зь вялікім адрывам галоўнай праблемай названы недахоп працоўных рук. І, адпаведна, у шэрагу выпадкаў бізнэс сам ідзе на падвышэньне заробкаў, каб прадухіліць ад’езд супрацоўнікаў ці іх сыход у іншыя галіны. Пытаньне ў тым, ці ёсьць фінансавая падушка, каб утрымліваць такую сытуацыю. Яна невялікая, і доўгі час трымаць такую сытуацыю ня ўдасца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўпаў сярэдні заробак і зьнізіцца дапамога на пахаваньне

Рана ці позна гэты падвышаны ўзровень заробкаў абернецца інфляцыйным усплёскам. І на сёньня гэта самая галоўная пагроза для беларускай эканомікі.

Наша апытаньне хатніх гаспадарак паказала, што людзі не адчуваюць такога росту рэальных заробкаў, які дэманструе статыстыка. Па ўсіх дыяпазонах даходаў людзі адзначалі, што не адчуваюць таго росту даходаў, пра які гавораць улады. І гэта для мяне пакуль не да канца зразумелы фэномэн.