3,36 рубля — такі курс даляра ўсталяваўся ў Беларусі. І гэта чарговы рэкорд, за дзень даляр падаражэў на 0,69%. Эўра каштуе 3 рублі 50 капеек, 100 расейскіх рублёў — 3 рублі 35 капеек. Чарговае падзеньне беларускага рубля адносна іншых валютаў зьвязанае з падзеньнем расейскага рубля. Цяпер адзін даляр у Расеі каштуе амаль 100 рублёў, згодна з курсам Цэнтрабанку гэтай краіны.
На думку старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc, чарговае падаражэньне даляра ў Беларусі не прывядзе да рэзкага росту цэнаў.
«На падзеньні беларускага рубля адбілася падзеньне расейскага. Цяпер даляр у Расеі каштуе 100 рублёў. Калі такая сытуацыя захаваецца, у Расеі могуць рабіць нейкія захады: ці павышаць стаўку рэфінансаваньня, ці ўводзіць нейкія дадатковыя валютныя абмежаваньні на рынку. Гэта спыніць падзеньне, але асноўнага фактару — незбалянсаванага попыту на замежную валюту — гэта ня зьменіць. Аднак на цэнах у Беларусі падзеньне рубля моцна не адаб’ецца. Зьмяніўся напрамак гандлю, вялікі аб’ём — гэта Расея. Беларускі рубель умацоўваецца да расейскага, таму імпартаваць з Расеі становіцца выгадна, і гэта стрымлівае інфляцыю ў Беларусі. У той жа час беларускі экспарт робіцца даражэйшы на расейскім рынку, што ня вельмі добра», — мяркуе Анастасія Лузгіна.
Што далей будзе з рублём
У наступным годзе беларускія ўлады хочуць нарасьціць экспарт, у тым ліку ў Расею. З прычыны падзеньня расейскага, а за ім і беларускага рубля гэта можа быць складана. Да таго ж беларускія прадпрыемствы гандлююць з Расеяй у расейскіх рублях, і аплата адбываецца не адразу. То бок тавары могуць патаньнець па дарозе з прычыны падзеньня расейскага рубля.
«Магчыма, гэтыя рызыкі закладаюцца ў дамовы. Гледзячы як кампаніі паміж сабой дамаўляюцца», — заўважае Анастасія Лузгіна.
Бліжэйшым часам беларускі рубель ня будзе рэзка абясцэньвацца, мяркуе экспэртка. Праблемы магчымыя на пачатку наступнага году.
«Расейскі рубель абясцэньваецца хутчэй, чым прагназавалі экспэрты, але ня думаю, што яму дадуць моцна зьнізіцца, бо гэта важны паказчык для людзей. Каб не пасеяць паніку, будуць рабіць захады. Можна чакаць невялікага зьніжэньня расейскага рубля, а за ім беларускага, у межах некалькіх адсоткаў. А ў наступным годзе магчымыя рызыкі ў беларускай эканоміцы, бо ўлады плянуюць працягваць стымуляваць рост ВУП. Тады можа паскорыцца інфляцыя, і гэта можа выклікаць падзеньне рубля», — кажа Анастасія Лузгіна.
Па выніках 2022 году Беларусь заняла трэцяе месца на тэрыторыі былога СССР у росьце афіцыйнага курсу даляра (+7,39%).
У верасьні 2023 даляр у Беларусі падаражэў на 2,29%. Агулам сёлета афіцыйны курс даляра ў краіне вырас больш як на 20%.