Апошні ліст ад палітвязьня Міколы Статкевіча прыйшоў 9 лютага, ад Ігара Лосіка — 20 лютага. У так званым рэжыме «інамунікада» (пазбаўленьня сувязі са зьнешнім сьветам) знаходзяцца многія знакавыя палітвязьні з канца лютага.
Паводле дасьведчанай крыніцы, такое распараджэньні прыйшло з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. У сакавіку прынамсі Ігара Лосіка, Міколу Статкевіча і Максіма Знака пакаралі і зьмясьцілі ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ).
Паводле заканадаўства, утрымліваць чалавека ў ПКТ можна максымум 6 месяцаў. Потым яго павінны вярнуць у атрад калёніі да іншых вязьняў. Але інфармацыі пра вяртаньне Лосіка і Статкевіча ў атрады няма, лісты сваякам ад іх па-ранейшаму не прыходзяць.
Пазьней стала вядома, што Марыю Калесьнікаву таксама зьмясьцілі ў адзіночную камэру ПКТ Гомельскай калёніі, яна там прабудзе да канца 2023 году. Пра гэта ў верасьні паведамляла ў фэйсбуку сястра Марыі Тацяна Хоміч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым хоча, каб палітвязьні сталі звычайнымі крымінальнікамі без падтрымкі». 10 нязручных пытаньняў да ініцыятаркі маратону салідарнасьціДнямі пра тое, што Марыю трымаюць у адзіночцы ПКТ, пацьвердзіла Свабодзе і жанчына, якая нядаўна вызваліліся з Гомельскай папраўчай калёніі № 4.
У ліпені адразу некалькі крыніц, у тым ліку сваякі Віктара Бабарыкі, якія трапілі на прыём да начальніка калёніі, і аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol, паведамілі, што палітвязень зьмешчаны ў ПКТ.
Паводле абазнанай крыніцы, у кастрычніку Віктар Бабарыка знаходзіўся ў адзіночцы. Але інфармацыя з турмаў можа даходзіць са спазьненьнем, кажа былы палітвязень Аляксандар Кабанаў.
Без адвакатаў
Адвакатаў у вядомых палітвязьняў цяпер няма — усіх пазбавілі ліцэнзій. Таму ніякай сувязі зь імі таксама няма. Што рабіць у такой сытуацыі, як прымусіць улады хаця б выконваць закон, бо максымальныя 6 месяцаў утрыманьня ў ПКТ у тых жа Статкевіча і Лосіка скончыліся ў верасьні?
Былы адвакат Андрэй, які абараняў палітвязьняў, але быў пазбаўлены ліцэнзіі, кажа, што прававых мэханізмаў няма:
«Калі шчыра, цяпер няма прававых мэханізмаў, каб абараняць „знакавых“ палітвязьняў. Некалі ж Лукашэнка заявіў: „Часам не да законаў“. Калі ж разважаць з пункту гледжаньня закону, яны ня могуць быць так доўга ў ПКТ, бо максымальны тэрмін пакараньня ў памяшканьні камэрнага тыпу — 6 месяцаў. Але мы цяпер ня ведаем дакладна, што зь імі, дзе яны. На жаль», — разводзіць рукамі былы абаронца Андрэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбавілі ліцэнзіі — і добра. Дзякуй, што не пасадзілі». Дзейная і былая адвакаткі расказалі, у якіх умовах працуюць абаронцы ў БеларусіІншая былая адвакатка, таксама пазбаўленая ліцэнзіі, раіць усё ж сваякам не апускаць рукі, а пісаць скаргі начальнікам калёній і звароты ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, запісвацца на прыём:
«На жаль, мы наогул ня ведаем, што зь вядомымі палітвязьнямі. І як даведацца, калі ўлады ня хочуць нічога паведаміць, я ня ведаю. І ўсё ж раю скаргі пісаць, зьвяртацца, ісьці да начальніка калёніі, на прыём у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Як некалі казала Марыя Калесьнікава — «дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці».
Усе адказы на скаргі напісаныя нібыта пад капірку
На ўсе скаргі родных, што няма ліставаньня з палітвязьнямі, прыходзяць аднолькавыя адказы, нібыта напісаныя па адным шаблёне з розных калёній:
«Ваш зварот разгледжаны. У перапісцы асуджаны N. не абмяжоўваецца, адміністрацыя калёніі ліставаньню не перашкаджае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьняў страшаць бясконцай турмой, — былая зьняволеная КласкоўскаяПаводле інфармацыі некалькіх крыніц, што выйшлі на волю з Наваполацкай калёніі № 1 і Гомельскай жаночай калёніі № 4, палітвязьням, якія трапілі ў ПКТ, не дазваляюць карыстацца так званай «атаваркай» у турэмнай краме, хоць грошы на рахунак родныя ім пераводзяць, і заканадаўствам дазваляецца набыць прадукты альбо прадметы гігіены на 1 базавую велічыню (37 рублёў). На скаргі родных прыходзяць стандартныя адказы:
«У адпаведнасьці з КПК асуджаныя маюць права атрымліваць ад блізкіх сваякоў і іншых асоб грашовыя пераводы. Адміністрацыя ў атрыманьні грашовых сродкаў асуджанаму не перашкаджае».
«Забараніць атаварку незаконна. Я з гэтым змагалася»
Свабода паразмаўляла з былой палітычнай зьняволенай, якая ня раз трапляла ў памяшканьне камэрнага тыпу Гомельскай жаночай калёніі № 4, пра ўмовы ўтрыманьня ў ПКТ.
Яна расказала, што штрафнікоў на працу ня водзяць, яны ўвесь час ізаляваныя ў асобным корпусе.
«Кнігі можна чытаць, калі даюць. Бібліятэкар на месяц выдае 5 кніг. Павінен выдаваць штотыдзень, але ўвесь час здараюцца замінкі, і кнігі звычайна ў ПКТ выдаюць 1–2 разы на месяц.
Можна лісты пісаць, але адпраўляюць толькі родным, якія ў справе пазначаныя. А вось перадачы і тэлефанаваньні забароненыя», — расказала Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я часам думаю: „Хай бы ён зламаўся“». Як жывуць і на што спадзяюцца блізкія палітвязьняўУ ПКТ з атраду дазваляюць узяць маленькі пакет з рэчамі, а вось ежу браць з сабой нельга. Сьпіс на атаварку ў краме можна падаць толькі на суму ў 37 рублёў (адну базавую), тлумачыць Алена.
«Гэтыя грошы ты можаш падзяліць на 2 разы на месяц і купіць па пары яблыкаў і пары агуркоў, ці хоць штосьці зь вітамінаў. Марыя Калесьнікава ня курыць, гэта вялізны плюс, няма лішніх трат.
А забараніць атаварку незаконна. Я з гэтым змагалася. Напісала ў пракуратуру і абвінаваціла начальніцу атраду ў вымагальніцтве (яна відэарэгістратар пры гутарцы ня выключыла). У мяне не было пазоваў, у мяне вымагалі „добраахвотныя ўнёскі“. Начальніца атраду, каб атрымаць прэмію, павінна рабіць пэўную суму ўзносаў», — расказала Алена сваю гісторыю.
«У калёніі ўсе спадзяюцца, што з волі падымуць шум»
Былая зьняволеная таксама раіць сваякам пісаць скаргі, звароты, дамагацца прыёму ў начальнікаў калёній.
«У калёніі ўсе спадзяюцца, што з волі падымуць шум і будуць дасылаць скаргі ў пракуратуру і іншыя ведамствы кантролю, што доўга няма вестак ад вязьняў. Яны спадзяюцца, што будзе нейкі каталізатар да гэтага.
Праўда, вязьні часам перастаюць пісаць самі. Калі доўга сядзіш у адзіночцы, пісаць надта няма пра што. Дый яшчэ ўбіваюць у галаву ўсякую лухту, у стылі, што ты, маўляў, нікому не патрэбны, нават бацькам», — кажа Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто і як дапамагае палітзьняволеным беларусам і іх родным. Гайд па асноўных арганізацыях