Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьняў страшаць бясконцай турмой, — былая зьняволеная Класкоўская


Вольга Класкоўская, каляж
Вольга Класкоўская, каляж

11 кастрычніка за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» пачалі зноў судзіць палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Пра тое, як палітвязьням працягваюць тэрміны зьняволеньня па новых абвінавачаньнях, расказала былая палітзьняволеная, журналістка Вольга Класкоўская.

Класкоўская правяла больш за два гады ў зьняволеньні — яе асудзілі за ўдзел у пратэстах у кастрычніку 2020 году.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

  • Артыкул 411 — «Аб злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі» — выкарыстоўваюць для ўзьдзеяньня найперш на палітвязьняў. Кожны можа не зашпіліць гузік — усе зьняволеныя маюць такія больш ці менш дробныя «парушэньні». Але за палітвязьнямі адмыслова сочаць — і адміністрацыя, і тыя зьняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.
  • Нават калі палітвязень вельмі асьцярожны, адміністрацыя можа пайсьці на тое, каб падкінуць нейкія забароненыя рэчы — напрыклад, таблеткі ці лязо. На Марыю Калесьнікаву ў Гомельскай калёніі цягам аднаго дня «павесілі» чатыры парушэньні.
  • Я ўпэўненая, што гэта загад зьверху. Турэмнікі самі па сабе — ня нейкія незалежныя людзі. Вядома ж, яны таксама маюць свае асабістыя рахункі, але калі я была за кратамі, увесь час прыяжджалі нейкія камісіі.
  • Артыкул 411 выкарыстоўваюць, каб зрабіць тры рэчы — 1) нэўтралізаваць і ня выпусьціць на свабоду актыўнага палітвязьня зь лідэрскімі якасьцямі, 2) адпомсьціць актыўнаму палітвязьню, скарыць яго, 3) застрашыць палітвязьня.
  • Я ня ведаю ніводнага палітвязьня, якога б апэратыўнікі калёніі ня страшылі гэтым артыкулам. Мяне ім палохалі не адзін раз.
  • Для турэмнікаў вельмі важна, каб палітвязень прызнаў віну. Палітвязьні, якія нядаўна вызваліліся, распавядалі мне пра выпадак, калі апэратыўнік паклаў перад зьняволенай жанчынай дзьве тэчкі і сказаў, што ў адной — папера з прызнаньнем віны, а ў другой — матэрыялы, каб распачаць новую крымінальную справу. Таму, маўляў, выбірай, вось асадка.
  • Асабліва такі прыём выкарыстоўваюць, калі да вызваленьня застаецца зусім мала. Чалавек зьнясілены, ён ужо настроіўся на вызваленьне, і яго бяруць за горла: альбо падпішы паперу, альбо мы будзем працягваць тваё зьняволеньне да бясконцасьці.
  • Шмат хто не вытрымлівае, і за гэта ні ў якім разе нельга асуджаць палітвязьняў. Нельга патрабаваць ад іх нейкага залішняга гераізму за кратамі.
  • Мяне ад артыкула 411 «уратавала» тое, што супраць мяне распачалі іншую крымінальную справу за камэнтар у інтэрнэце і вывезьлі ў Берасьцейскі СІЗА.
  • Падчас свайго зьняволеньня я сустракалася з многімі крымінальнікамі, якія шмат разоў былі за кратамі, але супраць такіх людзей амаль ніколі не распачыналі крымінальнай справы па артыкуле 411. Толькі аднойчы я пачула гісторыю пра нейкага хлопца, які ледзь не зь лязом кідаўся на адміністрацыю і атрымаў гэты артыкул.
  • Кожны палітвязень, які атрымлівае тэрмін, ня ведае, калі адбудзецца вызваленьне — фактычна гэта пажыцьцёвае зьняволеньне. Ёсьць яшчэ розьніца паміж палітвязьнямі «першай хвалі», якія былі арыштаваныя ў 2020 годзе, і тымі, каго перасьледуюць цяпер. У часе нашага знаходжаньня за кратамі гэта было больш на ўзроўні пагрозаў. А цяпер ужо зьявіліся асуджаныя па гэтым артыкуле нават не адзін раз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG