Тэлевядоўца, былы супрацоўнік АНТ Дзьмітры Семчанка адбывае пакараньне ў калёніі № 22 пад Івацэвічамі. У зьняволеньні Семчанка ўжо каля паўгода. Крыніца, якая мае кантакты з былымі вязьнямі калёніі, падзялілася са Свабодай апошнімі зьвесткамі пра журналіста.
«Ён трымаецца нармальна, мае роўныя адносіны зь іншымі вязьнямі. Вучыцца на зваршчыка, у вольны час шмат займаецца спортам — яго часта бачаць на спартовай пляцоўцы», — расказала крыніца. Паводле яе зьвестак, Дзьмітры Семчанка ня скардзіцца на здароўе. Палітвязень знаходзіць час на чытаньне мастацкай літаратуры і ўдасканальвае сваю ангельскую мову.
«Да яго даходзяць лісты ад сваякоў, ёсьць і тэлефонныя званкі. На волю яму выходзіць у сярэдзіне 2025 году. Пратрымаецца!» — мяркуе крыніца пра Дзьмітрыя Семчанку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому журналісту з пулу Лукашэнкі Семчанку далі 3 гады калёніі за «распальваньне варожасьці»У 2020 годзе Дзьмітры Семчанка ўзначальваў на АНТ гэтак званы прэзыдэнцкі пул — адмысловую групу журналістаў, якія асьвятлялі афіцыйныя падзеі, зьвязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам. Паваротным пунктам у ягонай кар’еры сталі прэзыдэнцкія выбары 2020 году. Неўзабаве пасьля іх журналіст звольніўся з АНТ, а ў верасьні яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у пратэставым маршы.
Да 2022 году Семчанка займаўся грамадзкімі сувязямі, працаваў у фірме «Белагра», а ў канцы году яго зноў затрымалі і пасьля двух тэрмінаў па 15 сутак выставілі абвінавачаньне паводле 130 артыкула Крымінальнага кодэксу — за «падбухторваньне да іншай сацыяльнай варажнечы». У сакавіку 2023 году Семчанку прызналі вінаватым і прысудзілі яму 3 гады зьняволеньня, ягоная апэляцыйная скарга выніку не дала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хлусі. Не крадзі. Не забівай». Турэмныя вершы беларускіх палітвязьняўЗь вязьніц, дзе сядзеў Дзьмітры Семчанка, ён дасылаў напісаныя ў няволі вершы. Некаторыя зь іх, як верш «Тры крокі», а таксама верш пра беларускую мову, ужо публікаваліся раней. Паводле крыніцаў Свабоды, творчасьць палітвязьня за кратамі працягваецца. Яны падзяліліся яшчэ адным ягоным творам.
Твой ліст як паветра —
Дыхаў бы, дыхаў.
Літары — не наглядзецца.
Водар з паўмэтра
Птушкаю дзікай
Б’ецца да сэрца.
Проста папера.
Звычайны канвэрт.
А для мяне як ікона.
Ты мая вера,
Мой запавет,
Зорка ў дарозе дадому.
Няма тэлефонаў,
Спатканьняў з табой
І, зразумела, вай-фаю.
Створаных словаў
Тваёй рукой
Сувязь праз краты прымаю.
Словы складаюцца
Ў вусны твае,
Нібы на першым спатканьні.
Зноў усьміхаюцца,
Быццам у сьне.
Так выглядае каханьне.
У адным зь лістоў на волю Дзьмітры Семчанка прызнаўся: «Прыемная ўвага, якая надае сэнс маім учынкам і сёньняшняму існаваньню тут. Міне нейкі час (спадзяюся, што хутка), і ў адным са знакавых месцаў абавязкова зробяць помнік у выглядзе анёла з паштоўкай у адной руцэ і бандэролькай у другой. Зразумела, каму ён будзе прысьвечаны».
- Беларускія праваабаронцы прызналі Дзьмітрыя Семчанку палітвязьнем.
- За кратамі ў Беларусі цяпер 33 журналісты. За студзень-верасень 2023 году 15 журналістаў асудзілі паводле крымінальных абвінавачваньняў, а ўжо асуджаную журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву летась «даасудзілі» за «здраду дзяржаве». На працягу 2022 году было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах у дачыненьні да журналістаў і мэдыяработнікаў, сярод іх найбольшы тэрмін быў прызначаны Андрэю Аляксандраву, які праходзіў па справе БелаПАН, — 14 гадоў калёніі.
- З пачатку 2023 году прайшлі 26 ператрусаў у дамах журналістаў і ў рэдакцыях мэдыяў, было 35 затрыманьняў і 14 адміністратыўных арыштаў журналістаў, таксама сілавікі выклікалі журналістаў для апытаньня, наведвалі сваякоў і абшуквалі дамы тых, хто зьехаў зь Беларусі. У 2022 годзе БАЖ зафіксаваў 40 затрыманьняў журналістаў і 55 ператрусаў (зь іх 5 — у рэдакцыях СМІ), 20 разоў журналістаў арыштоўвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Маладэчне будзе вуліца «Рэгіянальнай газэты». Зьявіўся поўны тэкст апошняга слова на судзе рэдактара Аляксандра Манцэвіча
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.