Разгляд справы былога супрацоўніка АНТ Дзьмітрыя Семчанкі пачаўся 21 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс вёў судзьдзя Яўген Пісарэвіч.
Пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня Семчанка прызнаў віну ў інкрымінаваным яму.
22 сакавіка пракурор запрасіў Семчанку 3 гады калёніі. Судзьдзя пагадзіўся з дзяржабвінаваўцам і пакараў падсуднага такім тэрмінам. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае іагенцтва БелТА.
Палітзьняволенага абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальваньне сацыяльнай варожасьці і звады»).
- Дзьмітры Семчанка — журналіст і тэлевядоўца, які раней займаў пасаду ў частцы «прэзыдэнцкага пула» тэлеканала АНТ.
- 15 верасьня Дзьмітрыя затрымалі разам з жонкай і прысудзілі яму 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
- Пазьней стала вядома, што супраць журналіста распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці і звады).
- Паводле Генпракуратуры, Семчанка «ў 2020–2022 гадах у розных Telegram-каналах і чатах разьмясьціў публікацыі, накіраваныя на фармаваньне ў грамадзкасьці непрыязнасьці і нянавісьці да сілавікоў, вайскоўцаў і прадстаўнікоў улады».