Сьцісла:
- Украінскі наступ рызыкуе зьмяніцца працяглай пазыцыйнай вайной, і гэта робіць расейска-ўкраінскі канфлікт шмат у чым падобным на падзеі Першай сусьветнай.
- «Мясныя штурмы» пад Аўдзееўкай, Бахмутам, Кляшчэеўкай — паменшаная мадэль таго, што адбывалася ў 1916-м пад Вэрдэнам, на Нарачы, ля Смаргоняў і пад Баранавічамі.
- Калі адштурхоўвацца ад графіку 1916-га, наперадзе ва Ўкраіне яшчэ прынамсі паўгода-год «акопнай вайны». Пакуль і адзін, і другі бок ня зьмірацца з тым, што ня здольныя перамагчы.
- Вайна можа скончыцца не пераканаўчай перамогай Кіева ці Масквы, а своеасаблівай «нічыёй».
- Калі ці ў адной, ці ў другой краіне (а магчыма, і ў абедзьвюх) адбудуцца палітычныя і грамадзкія забурэньні, якія прывядуць да кардынальных зьменаў, далейшы працяг вайны стане немагчымым і бессэнсоўным.
Цяперашнюю вайну ва Ўкраіне апошнім часам часта параўноўваюць з Першай сусьветнай, 105 гадоў з дня заканчэньня якой адзначаецца 11 лістапада. «Акопная вайна», «вайна на зьнясіленьне», «пазыцыйная вайна», «снарадны голад» — гэта лексыка з эўрапейскіх газэт 1915–1918 гадоў дзіўным чынам перакачавала ў сацыяльныя сеткі і тэлеканалы 2022–2023-га.
Асабліва гэта стала прыкметна пасьля нядаўняй публікацыі галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага ў часопісе The Economist пра сытуацыю на фронце. Генэрал Залужны, у прыватнасьці, выказаў думку, што вайна з Расеяй «зайшла ў тупік», а ўкраінскі наступ рызыкуе зьмяніцца працяглай пазыцыйнай вайной, якая можа працягвацца многія гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Зяленскі заявіў, што перамоваў з Расеяй і перадачы ёй тэрыторый ня будзе. Што ён сказаў яшчэВось некалькі цытат з публікацыі Залужнага, у якіх праводзяцца паралелі з вайной стогадовай даўніны:
- «Глыбокага і прыгожага прарыву, хутчэй за ўсё, ня будзе».
- «Як і ў Першую сусьветную, мы дасягнулі ўзроўню разьвіцьця тэхналёгій, які ставіць нас у тупік».
- «Самая вялікая рызыка пазыцыйнай вайны палягае ў тым, што яна можа зацягнуцца на гады і выматаць украінскую дзяржаву».
У Расеі яўна болей шанцаў выйграць вайну на зьнясіленьне. І гэта турбуе Кіеў. Словы прэзыдэнта Зяленскага ў інтэрвію тэлеканалу NBC 5 лістапада — адлюстраваньне гэтай трывогі:
- «Калі Расея заб’е ўсіх нас, яна нападзе на краіны NATO, і вы пашляце туды сваіх сыноў і дачок. І гэта будзе — выбачайце, але цана будзе вышэйшай».
Акопная праўда Залужнага
Войны і эпохі вельмі розныя, ды і маштабы падзей нібыта не сувымерныя. Чатыры гады Першай сусьветнай — гэта больш за 20 мільёнаў ахвяраў і яшчэ 50 мільёнаў параненых і пакалечаных, распад чатырох імпэрый, кардынальнае перакрэсьліваньне амаль усіх дзяржаўных межаў на эўрапейскім (і ня толькі) кантынэнце. Цяперашняя расейска-ўкраінская вайна да такіх маштабаў і наступстваў недацягвае. Прынамсі, пакуль. Але лёгіка вайны, успрыманьне яе ў чалавечай сьвядомасьці, уплыў на грамадзкія настроі падобныя, пэўна, ва ўсе часы. Хоць бы з тае прычыны, што жыцьцё і сьмерць чалавека, драмы чалавечых лёсаў мала зьмяняюцца на працягу стагодзьдзяў.
Адметна, што і мэты ў тых, хто распачынаў гэтыя войны, былі падобныя. Усе разьлічвалі на хуткія і яркія перамогі. Адны плянавалі за некалькі тыдняў увайсьці ў Бэрлін, другія — хуткімі кінжальнымі ўдарамі захапіць палову эўрапейскай Расеі... Зусім як Пуцін у лютым 2022-га, калі плянаваў за два тыдні ўвайсьці ў Кіеў.
Што падказвае досьвед той вайны, чаго можа чакаць у наступныя месяцы і гады? Калі адштурхоўвацца ад графіку 1916 году (якраз тады адбыўся пераход да «акопнай вайны»), наперадзе яшчэ прынамсі паўгода-год «стратэгічнага тупіка». І адзін, і другі бок ня хочуць зьмірыцца з тым, што ня здольныя справіцца з такой сытуацыяй. Кожнаму здаецца: яшчэ крыху намаганьняў, яшчэ некалькі новых мабілізаваных дывізій, яшчэ пару соцень дадатковых артылерыйскіх батарэй — і жаданы пералом будзе дасягнуты.
У 1916–1917 гадах на франтах Першай сусьветнай адбывалася дакладна тое ж. Тое, што цяпер называюць «мяснымі штурмамі» пад Аўдзееўкай, Бахмутам, Кляшчэеўкай — у нашмат большых і крывавых маштабах адбывалася ў 1916-м пад Вэрдэнам, на Нарачы, ля Смаргоняў і пад Баранавічамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі выгнаць Расею з усёй украінскай тэрыторыі, яна ўсё роўна застанецца сур’ёзнай пагрозай», — Фрэнсіс Фукуяма«Вайна да пераможнага канца!»
Адначасова ў акопах, пад салдацкімі шынялямі і бушлатамі высьпявалі стомленасьць і нянавісьць да вайны, зьбіралася сацыяльная энэргія, якая пазьней магутна выбухнула вялізнымі ўзрушэньнямі. У Расейскай імпэрыі гэта здарылася ў 1917 годзе, у Германскай — у 1918-м.... І ў выніку ні Расея, ні Нямеччына (хоць ваявалі па розныя бакі фронту) ня выйшлі ў той вайне пераможцамі: абедзьве пацярпелі калясальныя страты (і людзкія, і матэрыяльныя), абедзьве скурчыліся ў сваіх памерах, абедзьве перажылі балючы распад ранейшага дзяржаўнага ладу.
Вельмі можа здарыцца, што і ў цяперашняй вайне нас чакае не пераканаўчая перамога аднаго з бакоў, не трыюмф Кіева ці Масквы, а своеасаблівая «нічыя», калі ці ў адной, ці ў другой краіне (а магчыма, і ў абедзьвюх) адбудуцца такія палітычныя і грамадзкія забурэньні, такія ўнутраныя разбуральныя працэсы, якія прывядуць да кардынальных зьменаў і зробяць далейшы працяг вайны немагчымым і бессэнсоўным.
Пры гэтым палітыкі і военачальнікі могуць пераконваць (і з рацыянальнага пункту гледжаньня аргумэнтавана), што перамога вельмі блізка, што перавага дасягнутая і засталося толькі зрабіць апошні штуршок. Так было ў Расеі ўвесну 1917-га. На той час Антанта сапраўды дамаглася перавагі на франтах і значна павялічыла свае шанцы на блізкую перамогу.
«Вайна да пераможнага канца!»— запэўніваў саюзьнікаў міністар замежных спраў Расеі Мілюкоў у сваёй ноце ад 18 красавіка 1917-га, у якой абяцаў, што Расея ня выйдзе з вайны, працягне выконваць абавязаньні перад саюзьнікамі і ня пойдзе на сэпаратны мір. Але грамадзкія настроі ўнутры краіны на той час былі ўжо такія, што замест таго, каб выклікаць патрыятычны ўздым, яны толькі яшчэ больш раздражнілі і азлобілі народ, дарэшты стомлены вайною. А ўрэшце і наблізілі бальшавіцкую рэвалюцыю.
Што адбываецца пасьля 20 месяцаў вайны
І вось прайшлі першыя дваццаць месяцаў вайны. Паводле календара Першай сусьветнай — гэта вясна 1916 года. Што гэта быў за час? У выніку Вялікага адступленьня Расея страціла Польшчу, Прыбалтыку, захад Беларусі. Усходні фронт перарэзаў Беларусь на дзьве паловы — ад Дзьвіны і нарачанскіх азёр на поўначы да Пінска і Прыпяці на поўдні. У наступныя два з паловай гады гэта лінія траншэй, акопаў, бункераў, бліндажоў заставалася амаль нязьменнай. Гэта не азначала, што баявыя дзеяньні спыніліся. Вайна працягвалася — проста фронт амаль ня рухаўся. Вайна станавілася пазыцыйнай — якраз такой, якой так апасаецца генэрал Залужны.
Пазыцыйная вайна — гэта вайна акопная. Той выпадак, калі ніводнаму з бакоў не хапае сілаў, каб наступаць і прарываць абарону праціўніка. Грыміць артылерыйская кананада, ляцяць ракеты і міны, час ад часу тысячы салдатаў падымаюцца ў атаку, каб празь нейкі час, пакінуўшы сотні сваіх таварышаў на мінных палях на нэўтральнай паласе, адкаціцца назад і зноў, яшчэ глыбей, закопвацца ў зямлю — у акопы, траншэі і бункеры.
Клясычныя прыклады пазыцыйнай вайны — тое, як вяліся баявыя дзеяньні на Заходнім фронце з канца 1914-га і на Ўсходнім з канца 1915-га і з пачатку 1916-га. Адзін з самых вядомых эпізодаў — бітва пад Вэрдэнам («Вэрдэнская мясарубка»). Страты французаў і ангельцаў — 750 тыс. чалавек, немцаў — 450 тыс. Вядомы францускі пісьменьнік Анры Барбюс, удзельнік тых падзей, у сваім славутым рамане «Агонь» так апісваў карціну пасьля бою:
«Цэлыя лясы скошаныя, як пшаніца; усе ўкрыцьці знойдзеныя і прабітыя, нават калі на іх у тры рады ляжалі бярвёны і зямля; усе скрыжаваньні палітыя сталёвым дажджом, дарогі разбураныя і ператвораныя ў нейкія даўгія гарбы; усюды разгромленыя абозы, пашкоджаныя часткі, перамяшаныя трупы, быццам наваленыя ў кучы рыдлёўкай»...
У сакавіку 1916-га, пасьля настойлівых просьбаў францускіх саюзьнікаў, каб аслабіць націск немцаў на Вэрдэн, Расея распачынае Нарачанскую апэрацыю ў Беларусі. Паставы, Дзісна, Сьвянцяны, Лынтупы — у ваколіцах гэтых мястэчак і сёньня можна ўбачыць сьляды тых жорсткіх баёў. Падчас Нарачанскай апэрацыі Расея страціла 78 000 чалавек забітымі і параненымі, Нямеччына — 20 000. Пад Вэрдэнам і на Соме страты былі куды большымі: Антанта страціла агулам каля мільёна чалавек, Нямеччына — 800 тысяч.
Пры гэтым ні пад Вэрдэнам на захадзе, ні на Нарачы на ўсходзе ніякіх істотных тактычных вынікаў саюзьнікі не дасягнулі: да канца 1916 года лінія фронту засталася прыблізна там жа, дзе яна была на пачатку года.
Катастрафічныя наступствы, бясплённасьць і бессэнсоўнасьць вайны станавіліся ўсё больш відавочнымі. У лістападзе-сьнежні 1916-га Нямеччына і яе саюзьнікі прапанавалі распачаць мірныя перамовы. Антанта прапанову адхіліла, аргумэнтуючы тым, што мір немагчымы «да таго часу, пакуль не забясьпечана аднаўленьне парушаных правоў і свабод, прызнаньне прынцыпу нацыянальнасьцяў і свабоднага існаваньня малых дзяржаў».
Адкрытых і канкрэтных прапаноў міру ў сёньняшняй вайне з Масквы і Кіева пакуль не гучыць, хоць папярэдніх намёкаў і ўмоў ужо нямала. Яшчэ некалькі месяцаў бясплённых «мясных штурмаў» — і пра неабходнасьць замірэньня загавораць, у гэтым сумневаў мала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага добраахвотніка Зьмітра Рубашэўскага пасьмяротна ўзнагародзілі «Хрестом Хоробрих»«Да чаго прыводзяць агрэсія і эгаізм»
Цяжка пазьбегнуць яшчэ і такой паралелі. Вайна паміж Расеяй і Ўкраінай — гэта канфлікт паміж этнічна вельмі блізкімі народамі, якія яшчэ зусім нядаўна жылі ў адной дзяржаве і лічыліся (прынамсі, афіцыйна) братнімі. Але Першая сусьветная вайна таксама ў пэўнай ступені можа лічыцца канфліктам «унутрысямейным». Сусьветную бойню распачалі, па сутнасьці, блізкія крэўныя сваякі: стрыечныя браты і ўнукі каралевы Вікторыі Вільгельм ІІ і Георг V і стрыечны брат Георга V Мікалай ІІ, жанаты зь яшчэ адной унучкай каралевы Вікторыі. Ці не маглі яны, замест крывавай калатнечы, дамовіцца паміж сабой па-сямейнаму? Тым больш што супярэчнасьці не выглядалі такімі ўжо невырашальнымі.
А ці не маглі «па-сямейнаму» дамовіцца паміж сабой Масква і Кіеў? Тым больш што сярод крамлёўскай плютакратыі мноства асобаў з украінскімі прозьвішчамі. Як, зрэшты, і ў кіраўніцтве Ўкраіны поўна тых, хто зь цяжкасьцю размаўляе па-ўкраінску і мае расейскія карані. Але ў гісторыі і сем’яў, і народаў часта бывае так, што самыя зацятыя і непрымірымыя канфлікты здараюцца менавіта паміж блізкімі сваякамі.
Для дынастый Раманавых у Расеі і Гогенцолернаў у Нямеччыне тая вайна ўрэшце скончылася драмай. Страцілі яны ня толькі імпэратарскія кароны: сям’ю Раманавых у ліпені 1918-га расстралялі бальшавікі; змушаны да адрачэньня Вільгельм ІІ вымушаны быў ратавацца пажыцьцёвым выгнаньнем у Нідэрляндах.
...У чэрвені 2014-га Ўладзімір Пуцін адкрываў у Маскве помнік у гонар удзельнікаў Першай сусьветнай вайны. У прамове з гэтай нагоды разважаў пра сэнс і ўрокі драматычных падзей стогадовай даўніны. Былі ў выступе, у прыватнасьці, такія словы:
«Чалавецтву даўно пара зразумець і прыняць адну, самую галоўную, ісьціну: гвалт спараджае гвалт. А шлях да міру і росквіту складаецца з добрай волі і дыялёгу. І з памяці пра ўрокі мінулых войнаў. Пра тое, хто і навошта іх распачынаў».
Трагедыя Першай сусьветнай, паводле Пуціна, «нагадвае пра тое, да чаго прыводзяць агрэсія і эгаізм, непамерныя амбіцыі кіраўнікоў дзяржаў і палітычных эліт, якія бяруць верх над здаровым сэнсам».
Міне дзевяць гадоў — і ў пуцінскай Расеі прыблізна за такія ж публічна прамоўленыя развагі і высновы будуць кідаць у турму — як за здраду радзіме і дыскрэдытацыю расейскай арміі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Украіна мае плян працягу вайны супраць РасеіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.