Журналістка татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава застаецца за кратамі ў Расеі праз абвінавачаньне, што не зарэгістравалася так званым «іншаземным агентам».
У сваім першым публічным камэнтары пасьля таго, як 18 кастрычніка расейскія сілавікі ўзялі Курмашаву пад варту, яе муж Павел Буторын, які, як і ягоная жонка, мае грамадзянства ЗША і працуе ў офісе Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе, паведаміў, што расейскія ўлады яшчэ не далі консульскага доступу для яго жонкі з парушэньнем яе правоў.
«Мы ўжо вельмі ўдзячныя за падтрымку, якую мы атрымліваем, але нам трэба, каб Алсу прызналі незаконна затрыманай. Гэта вельмі важнае азначэньне, якое ідзе ад ураду Злучаных Штатаў і ад Дзяржаўнага дэпартамэнту, і мы ўпэўненыя, што гэтае азначэньне паскорыць яе вызваленьне», — сказаў Буторын, кіраўнік тэлеканалу «Настоящее время» (створанага Радыё Свабода пры ўдзеле «Голасу Амэрыкі»).
«Няма нічога, чаго мы хочам больш, чым вяртаньня Алсу. Яна патрэбна маім дзецям, мне патрэбна мая жонка», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд Татарстана пакінуў пад арыштам журналістку Радыё Свабода Алсу КурмашавуКурмашава, дасьведчаная журналістка, якая каля 25 гадоў працавала на татара-башкірскай службе Радыё Свабода, у сярэдзіне траўня паехала ў Расею дзеля сямейных справаў.
Алсу часова затрымалі, калі яна чакала зваротнага рэйсу 2 чэрвеня ў аэрапорце Казані. У яе канфіскавалі пашпарты і тэлефон.
Пасьля пяці месяцаў чаканьня рашэньня ў справе, якую Буторын назваў «бессэнсоўнай», Курмашаву аштрафавалі на 10 000 рублёў (103 даляры) за тое, што яна не зарэгістравала свой амэрыканскі пашпарт у расейскіх органах улады.
Курмашова чакала вяртаньня пашпартоў, калі яе зноў затрымалі 18 кастрычніка і абвінавацілі гэтым разам, што яна не зарэгістравалася як «іншаземны агент» (юрыдычнае азначэньне, якое Расея выкарыстоўвае з 2012 году, каб караць тых, хто крытыкуе палітыку ўраду). Ёй пагражае пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Ад моманту арышту Курмашава, якая таксама мае расейскае грамадзянства, ня мела зносін зь сям’ёй.
Затрыманьне Расеяй Курмашавай, другога прадстаўніка амэрыканскіх СМІ, якога Масква арыштавала сёлета, выклікала хвалю крытыкі з боку праваабарончых груп і палітыкаў. Яны заявілі, што гэты крок сьведчыць пра новы ўзровень цэнзуры ваеннага часу.
- Расею абвінавачваюць у затрыманьні амэрыканцаў для выкарыстаньня ў абмене на расейцаў, зьняволеных у Злучаных Штатах.
- Камітэт абароны журналістаў (CPJ) і «Рэпартэры бязь межаў» запатрабавалі неадкладна вызваліць Курмашаву. Патрабаваньне вызваліць журналістку таксама выказалі ў праваабарончай арганізацыі PEN America і ў Офісе правоў чалавека ААН.
- Затрыманьне і арышт журналісткі пракамэнтавалі і асудзілі прадстаўнікі амэрыканскіх уладаў, Эўразьвяз.
- На сёньня Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс «іншаземных агентаў» больш за 30 супрацоўнікаў Радыё Свабода.