Адвакат прасіў суд прызначыць меру стрыманьня, не зьвязаную з пазбаўленьнем свабоды. Паседжаньне суда прайшло ў закрытым для прэсы рэжыме, журналістка прысутнічала па відэаканферэнцсувязі, піша «Idel.Рэаліі».
Журналістку Алсу Курмашаву затрымалі 18 кастрычніка. Яе падазраюць па частцы 3 артыкула 330.1 КК Расейскай Фэдэрацыі («Невыкананьне ўстаноўленага заканадаўствам Расеі абавязку па прадстаўленьні ва ўпаўнаважаны орган дакумэнтаў, неабходных для ўключэньня ў рэестар іншаагентаў, учыненае асобай, якая ажыцьцяўляе мэтанакіраваны збор зьвестак у галіне ваеннай, ваенна-тэхнічнай дзейнасьці Расеі, якія пры іх атрыманьні замежнымі крыніцамі могуць быць выкарыстаны супраць бясьпекі Расеі»).
На думку СК, Курмашава павінна была прадставіць дакумэнты для ўключэньня яе ў рэестар «іншаагентаў». У той жа час Мінюст Расеі па сваёй ініцыятыве не ўключаў журналістку ў рэестар. Гэта першая крымінальная справа па гэтым артыкуле ў Расеі, якую распачалі супраць журналіста. Курмашава сваёй віны не прызнае.
18 кастрычніка яе адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. У пятніцу, 20 кастрычніка, суд павінен быў абраць ёй меру стрыманьня. На паседжаньні сьледчы прасіў адправіць журналістку ў СІЗА, аднак прадстаўнік пракуратуры прапанаваў падоўжыць тэрмін затрыманьня яшчэ на 72 гадзіны. Судзьдзя Марс Ганееў задаволіў хадайніцтва пракуратуры.
Алсу Курмашова — грамадзянка ЗША і Расеі, якая пражывае ў Празе (Чэхія) са сваім мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня яна прыехала ў Расею па сямейных абставінах. Сілавікі затрымалі яе ў казанскім аэрапорце 2 чэрвеня, калі журналістка чакала рэйс дадому. У Курмашавай канфіскавалі амэрыканскі і расейскі пашпарты. Пасьля суд у Казані аштрафаваў яе за неапавяшчэньне расейскіх уладаў аб другім грамадзянстве.
На затрыманае журналісткі адрэагавалі і ў сусьветнай супольнасьці. Заяву ў сувязі з затрыманьнем Курмашовай апублікавала, у прыватнасьці, Упраўленьне ААН па правах чалавека.
19 кастрычніка Спэцыяльная плятформа Савета Эўропы для абароны журналістаў апублікавала абвестку аб затрыманьні Курмашовай. У міжнароднай структуры чакаюць яе вызваленьня і зьняцьця зь яе ўсіх абвінавачаньняў.
Затрыманьне журналісткі асудзілі і ў ЭЗ.
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША Мэцью Мілер на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне заявіў, што «для нас няма важнейшага прыярытэту, чым бясьпека грамадзян ЗША за межамі краіны».
Увечары 19 кастрычніка амэрыканскі кангрэсмэн, кіраўнік камітэта па зьнешняй палітыцы Палаты прадстаўнікоў Майкл Маккол таксама зрабіў адмысловую заяву наконт затрыманьня ў Казані Алсу Курмашавай.
«На жаль, гэта яшчэ адзін прыклад вайны Расеі са свабодай выказваньня меркаваньняў, які паказвае, што рэжым Пуціна накіраваны супраць амэрыканцаў. Я заклікаю да яе неадкладнага вызваленьня», — сказаў Маккол.
18 кастрычніка выконваючы абавязкі прэзыдэнта РСЕ/РС Джэфры Гедмін заклікаў вызваліць Алсу Курмашаву, каб яна магла вярнуцца да сваёй сям’і.
У Камітэце па абароне журналістаў (CPJ) таксама заклікалі вызваліць журналістку, затрыманую «паводле надуманых крымінальных абвінавачаньняў».
- Алсу Курмашава многія гады асьвятляе праблемы этнічных меншасьцяў у Волга-Уральскім рэгіёне Расеі. Яна асьвятляла пытаньні абароны і захаваньня татарскай мовы і культуры на фоне ціску расейскіх уладаў на карэнныя народы Расеі, які ўзмацняецца за апошнія гады.
- Расейскія ўлады могуць абвясьціць «іншаагентам» любога, хто знаходзіцца пад «замежным уплывам», вызначэньне якога ў законе прапісана вельмі расплывіста. Цяпер у рэестры некалькі сотняў так званых агентаў: фізычных асоб, СМІ, НКА і рухаў.
- З канца 2022 года новымі папраўкамі ў заканадаўства «іншаагентам» забаранілі выкладаць у дзяржустановах, быць арганізатарамі публічных мерапрыемстваў, служыць у войску па кантракце і быць членамі выбарчых камісій.
- Расейскі Мінюст у 2017 годзе прызнаў праекты Татара-башкірскай службы Радыё Свабодная Эўропа — «Idel.Рэаліі» і Азатлык Радыёсы — «замежнымі агентамі».