Паўночнаатлянтычны альянс (NATO) абвясьціў аб афіцыйным спыненьні дзеяньня пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе — ключавой дамовы бясьпекі часоў халоднай вайны — пасьля выхаду зь яго Расеі.
Як паведаміла агенцтва АР, усе краіны, якія ўваходзяць у блёк, цяпер замарожваюць свой удзел у дакумэнце.
«Сытуацыя, калі краіны Альянсу выконваюць пагадненьне, а Расея — не, будзе непрымальнай», — заявілі ў NATO.
Першай аб спыненьні свайго ўдзелу ў гэтым пагадненьні заявіла Польшча. У супольнай заяве Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны Польшчы адзначаецца, што гэта робяць у адказ на дэнансацыю пагадненьня Расеяй і яе ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
Удзельнікамі пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе пасьля распаду СССР сталі 21 эўрапейская і 8 постсавецкіх краін. Расея выйшла з гэтага пагадненьня цалкам у траўні 2023 году. Беларусь у кастрычніку спыніла дзеяньне нормаў гэтага дакумэнту датычна Чэхіі і Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зацьвердзіў спыненьне ўдзелу Беларусі ў пагадненьні аб звычайных узброеных сілах у ЭўропеПагадненьне, падпісанае ў 1990 годзе, набыло юрыдычную моц у 1992 годзе. Яно прадугледжвала абмежаваньне сумарных узроўняў звычайных узбраеньняў і тэхнікі ў пяці катэгорыях (танкі, баявыя браняваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама мэханізмы праверкі выкананьня абавязаньняў (абмен інфармацыяй і інспэкцыі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея дэнансавала пагадненьне аб узброеных сілах у Эўропе, якое падпісалі больш за 30 гадоў таму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіўныя гульні. Што адбываецца вакол Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе