31 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў красавіку Польшча паінфармавала аб рашэньні не выконваць Дамову аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў дачыненьні да Беларусі. Хаця гэта дамова нібыта фактычна зьяўляецца апошнім міжнародным актам у сфэры кантролю над узбраеньнямі, які юрыдычна абавязвае.
4 верасьня начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Валер Равенка абвінаваціў Польшчу ў парушэньні Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
Праблема ў тым, што Польшча не ратыфікавала Дамову аб адаптацыі ДЗУСЭ, падпісаную ў Стамбуле ў 1999 годзе. Яе не ратыфікавала ніводная краіна NATO. Гэта зрабілі толькі Беларусь, Казахстан, Расея і Ўкраіна. У 2023 годзе РФ канчаткова выйшла з дамовы. То бок зь юрыдычнага гледзішча адаптаваная дамова так і не набыла моц. Беларусь прытрымлівалася гэтай дамовы ў аднабаковым парадку. Таму атрымліваецца, што Польшча выйшла з дамовы, якая на самой справе і ня дзейнічала.
Валер Равенка спасылаецца на Будапэшцкае пагадненьне ад 1990 году, калі яшчэ існавала Арганізацыя Варшаўскай дамовы (АВД) і квоты разьмяркоўваліся паміж блёкамі NATO і АВД. Але АВД даўно няма, а NATO пашырылася на Ўсход.
Магчыма, былі нейкія «джэнтэльмэнскія» дамоўленасьці, што краіны, якія не ратыфікавалі дамовы, абяцалі выконваць яе і прытрымлівацца тых квот, што былі зафіксаваныя ў гэтым дакумэнце. А цяпер Польшча адмовілася ад гэтага абяцаньня.
Другі дзіўны момант. Беларусь нібыта хоча спыніць дзеяньне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе (ДЗУСЭ) адносна Польшчы і Чэхіі. Гэта нейкі лягічны абсурд. Як гэта адносна Польшчы і Чэхіі Беларусь выйдзе з дамовы, а адносна, напрыклад, Літвы і Латвіі ня выйдзе. Квоты тычацца звычайных узбраеньняў (танкі, артылерыя, самалёты, верталёты) на тэрыторыі краіны. Немагчыма выконваць дамову адносна адной краіны, і адначасова не выконваць адносна другой.
Трэці дзіўны момант. Беларусь не выходзіць з дамовы цалкам, усьлед за Расеяй, не ідзе ўсьлед за саюзьнікам, а гуляе ў нейкія дзіўныя вайскова-дыпляматычныя гульні.