Пакуль пагадненьне прыпыненае ў дачыненьні дзьвюх краін — Чэхіі і Польшчы.
Беларусь больш ня будзе перадаваць ім інфармацыю, якая датычыць звычайных узбраеньняў і тэхнікі, а таксама прымаць адтуль інспэкцыі.
У верасьні спыненьне дзеяньня пагадненьня ў дачыненьні гэтых дзьвюх краін ухваліла Палата прадстаўнікоў.
Урады Польшчы і Чэхіі (у сакавіку і жніўні адпаведна) спынілі свае абавязаньні ў гэтым пагадненьні перад Беларусьсю.
Беларусь ратыфікавала гэтае пагадненьне 21 кастрычніка 1992 году. Яно прадугледжвала абмежаваньне сумарных узроўняў звычайных узбраеньняў і тэхнікі ў пяці катэгорыях (танкі, баявыя браняваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама мэханізмы праверкі выкананьня абавязаньняў (абмен інфармацыяй і інспэкцыі).
У практычным пляне спыненьне пагадненьня будзе азначаць, што Беларусь больш ня будзе перадаваць Польшчы і Чэхіі інфармацыю, якая датычыць звычайных узбраеньняў і тэхнікі, і прымаць інспэкцыі з Польшчы і Чэхіі. У дачыненьні іншых дзяржаў Беларусь будзе выконваць свае абавязаньні, прадугледжаныя гэтым пагадненьнем.
Удзельнікамі пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе пасьля развалу СССР сталі 21 эўрапейская і 8 постсавецкіх краін. Расея выйшла з гэтага пагадненьня цалкам у траўні 2023 году.