Ці вырашыць новы закон праблему недахопу лекараў? Спыталіся ў мэдыкаў і былой студэнткі

Каляж

Пасьлядыплёмная адукацыя (ардынатура) стане абавязковай для выпускнікоў некаторых мэдыцынскіх спэцыяльнасьцяў. Адпрацоўваньне пасьля яе павялічыцца да 5 гадоў.

Сыстэма аховы здароўя як мінімум апошнія тры гады адчувае недахоп спэцыялістаў. Банк вакансій паказвае, што цяпер у Беларусі шукаюць больш за 6 тысяч мэдыкаў. Год таму такіх вакансій было на 2 тысячы менш. Раённыя лякарні часам шукаюць 10 і больш дактароў. Напрыклад, у Лоеўскай цэнтральнай раённай лякарні трэба адразу 12 мэдыкаў, у Хойніцкай — 10.

Днямі праблему зь нястачай спэцыялістаў прызнаў і Лукашэнка.

«Так, у нас дзесьці не хапае лекараў. Некаторыя лекары зьбеглі са сваёй прафэсіі і чорт ведае чым займаюцца», – заявіў ён і паабяцаў вырашыць праблему.

Адна зь ягоных прапаноў — пазбаўляць дыплёмаў мэдыкаў, якія не засталіся ў прафэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адпрацоўку для беларускіх лекараў пасьля ардынатуры павялічылі да 5 гадоў

Лукашэнка спрабуе вырашыць праблему не ўпершыню. У 2021 годзе, напрыклад, ён выказаўся, што тэрмін адпрацоўваньня для мэдыкаў мусіць быць 10 гадоў. Цяпер падпісаў папраўкі ў закон, які павялічыў гэты тэрмін да пяці гадоў, у тым ліку для завочнікаў.

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі закону «Аб ахове здароўя». Ардынатура стане бясплатнай, і ўсіх лекараў пасьля яе заканчэньня адправяць на адпрацоўку. Калі лекар кіне вучобу ў ардынатуры або яго адлічаць, яму давядзецца пакрыць выдаткі на навучаньне. Ці такія меры дапамогуць вырашыць праблемы беларускай мэдыцыны, хаця б нястачу лекараў? Спыталіся пра гэта ў саміх мэдыкаў і нядаўняй студэнткі мэдыцынскага ўнівэрсытэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта катастрофа для канкрэтнага чалавека, але не для дзяржавы». Пацыенты і лекар пра недахоп лекаў у шпіталях

«Не разьвіцьцё, а дэградацыя»

Псыхіятар Сяргей Папоў пераехаў у Фінляндыю ў 2022 годзе. У сыстэме беларускай мэдыцыны адпрацаваў 20 гадоў. Лекар лічыць, што новыя папраўкі ў закон сапраўды могуць дапамагчы Міністэрству аховы здароўя вырашыць праблему зь недахопам кадраў.

«Але тут праблема ў іншым. Гэта вельмі паўплывае на якасьць гэтага лекара і на тое, якую дапамогу ён будзе аказваць людзям. Якасьць навучаньня ў клінічнай ардынатуры будзе зьніжацца», — лічыць суразмоўца.

Папоў тлумачыць, што Міністэрства аховы здароўя сваімі мэтадамі забівае важны прынцып у практычнай мэдыцыне — тое, што лекары павінны канкураваць адзін з адным за пацыента.

«Калі гэта ёсьць, то лекар разумее, чаму ён павінен вучыцца, удасканальвацца. Насамрэч лекары павінны канкураваць за магчымасьць вучыцца ў ардынатуры ці дзесьці працаваць. Але калі Міністэрства аховы здароўя ідзе па шляху прымусовага замацаваньня лекараў, то гэта будзе не пра разьвіцьцё, а пра дэградацыю», — кажа лекар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыцына ў пагонах. Чаму прызначэньне сілавіка ў кіраўніцтва РНПЦ — гэта знак бяды

Ён лічыць, што прафэсійныя, таленавітыя дактары працягнуць выяжджаць зь Беларусі.

«Бо будуць разумець, што яны лекары не таму, што ім Міністэрства выдала такую паперку, а таму, што яны ўмеюць нешта рабіць, вучыцца і нечага дабівацца. Застануцца тыя, якія будуць больш залежныя ад аўтарытарнага кіраўніцтва. І такіх будзе ўсё больш. Такі шлях у мэдыцыне, сыстэме падрыхтоўкі лекараў, вельмі небясьпечны», — кажа Сяргей Папоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Добра, што сэрца схапіла не ў райцэнтры, там бы дакладна памёр». Як нястача мэдыкаў адбіваецца на аказаньні дапамогі ў правінцыі

Ня ехаць у Брагін

Аксана (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі, — РС) вучылася ў мэдыцынскім унівэрсытэце. Але, ня скончыўшы яго, забрала дакумэнты. Адной з прычын беларуска называе тое, што Лукашэнка загаварыў пра 10 гадоў адпрацоўкі для мэдыкаў. Аксана кажа, што заўважае, як мэдыцынскія кадры зь Беларусі ўцякаюць, «як вада скрозь пальцы», таму разумее, чаму прымаюцца такія законы.

«У мяне траціна знаёмых – тых, хто вучыўся да мяне, разам са мной – ці забралі дакумэнты, ці давучыліся і выехалі, ці адпрацавалі тыя два гады і пакінулі мэдыцыну. Людзі шукаюць спосабу, каб ня ехаць, скажам, у Брагін. Хутка выходзяць замуж, нараджаюць дзяцей», — тлумачыць былая студэнтка.

Яе маці доўга і цяжка хварэла. Аксана кажа, што за гэтыя гады наглядзелася на лекараў «на адпрацоўцы», якія выгаралі эмацыйна, страчвалі чалавечнасьць.

«Натуральна, нехта застаецца. Хто знайшоў добрае месца ці ў каго гэта пакліканьне», — удакладняе Аксана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як засьцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад COVID-19 у новым сэзоне. Парады

Суразмоўца прывяла прыклад са сваёй знаёмай, якая скончыла ўнівэрсытэт і паехала на адпрацоўку ў вёску.

«Там яна была адзіным лекарам на аддзяленьне. Плюс мела дваіх памочнікаў. Праз год яе паставілі загадчыцай аддзяленьня. Уявіце, якая гэта вялікая адказнасьць і цяжар для дзяўчыны ў 24 гады. На яе павесілі проста ўсё што можна», — кажа Аксана.

«Плаціць за нешта, за дыплём, сваёй асабістай свабодай я не хачу. Для мяне свабода — гэта прыярытэт», — тлумачыць былая студэнтка свой выбар. Яна лічыць, што меры з адпрацоўкай па пяць гадоў не прывабяць людзей у мэдыцыну. Сярод магчымых наступстваў называе недабор на мэдычныя спэцыяльнасьці ў хуткім часе.

«Разумныя людзі не захочуць столькі гадоў аддаваць адной установе»

Максім (імя зьмененае з пытаньняў бясьпекі. — РС) працаваў у Беларусі хірургам. Ён лічыць, што закон пра адпрацоўваньне па 5 гадоў з пункту погляду «замацаваньня кадраў» спрацуе.

«Забіць» шпіталі лекарамі ўдасца на нейкі час. Другое пытаньне — кваліфікацыя кадраў. Вось тут, я лічу, кваліфікацыя рэзка зьнізіцца. Бо разумныя людзі, якія вучыліся мэдыцыне, займаліся навукай, зразумеюць, што абавязковая доўгая адпрацоўка ня выйсьце. І Беларусь не краіна для жыцьця. І не захочуць столькі гадоў аддаваць пэўнай адной установе. На іх месца знойдуцца, вядома, людзі. Але кваліфікацыя тых людзей будзе нізкай. І на розныя пасады таксама трапяць такія мэдыкі, якія ніколі б у іншым выпадку, каб ня «гэта ўсё», ня трапілі б на такія пасады», — тлумачыць доктар.

Ён успамінае, што пасьля вучобы як адзін з найлепшых студэнтаў уладкаваўся ў добрую сталічную клініку.

«Там быў вельмі моцны калектыў хірургаў. Але пасьля падзей 2020 году 85% нашага калектыву ці звольніліся, ці выехалі. Нягледзячы на гэта, вакансій там няма, штат запоўнены на 100%. Але цяпер гэта далёка ня тое моцнае аддзяленьне, якое было раней. Таму што хірурга трэба навучыць рабіць апэрацыі, гэта ж ня так лёгка. Трэба пэўны час на гэта. А калі прыходзяць маладыя спэцыялісты, не гатовыя да такой працы, узровень спэцыялізаванай дапамогі рэзка падае», — дадаў Максім.