Навіны палітвязьняў: Стала вядома, колькі гадоў «крытай турмы» прысудзілі бязногаму «тэрарысту» Гундару

Уладзімер Гундар. Архіўнае фота

Палітвязень Уладзімер Гундар ужо адбывае пакараньне ў выглядзе 20 гадоў калёніі.

Фігурант справы аб тэрарызьме, краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар расказаў пра першыя ўражаньні ад магілёўскай турмы, дзе яму давядзецца далей адбываць сваё пакараньне.

«Мяркуе, што там яму будзе крыху лягчэй. Пакуль ён у двухмеснай камэры адзін. Прысудзілі тры гады турмы і агульны рэжым. Разьлічвае на штодзённыя прагулкі. Шмат думае пра Беларусь і чытае. За першы час у турме прачытаў ужо чатыры кнігі. Працягвае пісаць вершы», – паведаміла Свабодзе дасьведчаная крыніца.

На стан здароўя, паводле суразмоўцы, Уладзімер Гундар асабліва не наракае.

«Казаў, што адчувае сябе няблага. Пра турэмных дактароў сказаў, што больш уважлівыя, таблеткі ад ціску даюць рэгулярна. І нават папрасілі рэцэпты тых лекаў, што два гады таму выпісваў хірург ад яго асноўнага захворваньня. Не выключае, што правядуць курс лячэньня, які павінен праводзіцца кожны год».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Гундара перавялі на турэмны рэжым

Ліст палітвязьня пра этап не прапусьціла цэнзура. У пачатку кастрычніка стала вядома, што Ўладзімера Гундара, асуджанага на 20 гадоў калёніі праз абвінавачаньне ў тэрарызьме і нападзе па міліцыянта, у бабруйскай калёніі зноў судзілі і па выніках суду перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую «крытую турму» №4. Пры гэтым тэрмін зьмяшчэньня ў турму для сваякоў спачатку заставаўся невядомым. Адразу з карцару бабруйскай калёніі палітвязьня этапавалі ў магілёўскую «крытую» вязьніцу. Дарога з Бабруйску ў Магілёў, паміж якімі ня болей за 150 кілямэтраў, расьцягнулася для Гундара амаль на 5 дзён. Пра ўмовы этапаваньня палітвязьня крыніцы нічога невядома.

«Дакладна вядомы толькі прыблізны час этапу і тое, што яго везьлі праз Гомель. Як ён спраўляўся на сваіх мыліцах забірацца ў вагон і зь яго высаджвацца, уявіць цяжка. Ён паспрабаваў апісаць свой шлях у вялікім лісьце, але гэты ліст не адправілі і яму афіцыйна пра гэта паведамілі. Магчыма, падрабязнасьці даведаемся ўжо па ягоным вызваленьні. Усе на гэта вельмі спадзяюцца», – расказала крыніца, зьвязаная са знаёмымі і сваякамі Ўладзімера Гундара.

Увесну 2023 году, калі Ўладзімера Гундара яшчэ трымалі ў горадзенскім СІЗА, ён расказаў сваякам, што падчас знаходжаньня ў карцары аглух на адно вуха, а пазьней слых часткова аднавіўся. Што цяпер са слыхам у палітвязьня, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкамэндавалі дыхальную гімнастыку і зноў пасадзілі ў карцар. Што вядома пра палітвязьня без нагі Ўладзімера Гундара
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Да Гундара часткова вярнуўся слых