Стала ўжо ўстойлівай традыцыяй, што Лукашэнка апошнім часам, пра што б ні ішла гаворка, увесь час зьвяртаецца да падзей 2020 году. Тыя дні, ночы, тыдні народнага пратэсту моцна заселі ў ягонай сьвядомасьці, і дасюль гэтая псыхалягічная стрэмка баліць, не дае супакоіцца. Такі посттраўматычны сындром.
Вось і цяпер ён узгадаў тыя дні: «Калі б тады завагаліся, усё — нас бы не было, тут бы ішла вайна. Таму што войскі NATO былі гатовыя ўжо ў Беларусь уступіць... Гэта прамое сутыкненьне з Расеяй. Гэта ядзерная вайна. Таму пройдзе час, вы яшчэ ацэніце тое, што мы зрабілі ў 2020 годзе».
Тут адбываецца спрытная падмена зьместу падзеяў. Лукашэнка катэгарычна адмаўляе, што гэта быў унутрыпалітычны канфлікт, зьвязаны зь ягоным нежаданьнем прызнаць волю народу, выказаную падчас выбараў, і саступіць уладу пераможцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «войскі NATO былі гатовыя ўступіць у Беларусь»
Замест гэтага ён уплішчвае гэтыя падзеі ў вялікую геапалітыку. Маўляў, войскі NATO былі гатовыя ўступіць у Беларусь. Раней ён казаў, што Польшча зьбіралася захапіць Горадзенскую вобласьць, а Расея б гэтага не дапусьціла. Як вынік — сусьветная ядзерная вайна.
То бок атрымліваецца, што ў 2020 годзе Лукашэнка, гвалтам здушыўшы пратэст, ратаваў ня ўласную ўладу, а — сьвет ад ядзернай вайны. Такім чынам, ён — збавіцель чалавецтва ад ядзернага Армагедону. А сьвет дасюль не зразумеў, каму абавязаны сваім выратаваньнем.
Другі сюжэт зьвязаны з супрацоўніцтвам Беларусі з краінамі Афрыкі. І тут на парадку дня зьяўляецца вялікая геапалітыка. Аказваецца, толькі цяпер Беларусь і Афрыка адкрылі адна адну. Лукашэнка кажа: «Нас там чакаюць. Яны, вызваліўшыся ад каляніяльнага ярма, вельмі цяпер баяцца, каб іх зноў нехта не паглынуў. І яны — да нас... Мы ня як каляніялісты да вас прыйдзем. І вось яны цяпер партыямі прыяжджаюць да нас... І яны ў нас небясьпекі ніякай ня бачаць».
Зноў Беларусь і Лукашэнка, як яе кіраўнік, выступаюць абаронцамі, збавіцелямі Афрыкі ад каляніяльнага ярма. Тут гаворка ня столькі пра выгоды, колькі пра вялікую глябальную вызвольную місію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра свой журналісцкі пул: «Так, мы займаемся прапагандай і агітацыяй»Тут, праўда, можна заўважыць паўтарэньне расейскіх прапагандысцкіх наратываў. Масква цяпер спрабуе арганізаваць антызаходнюю кааліцыю з краін глябальнага Поўдня. І ідэалягемы пра каляніялізм павінны стварыць спрыяльную глебу для такога саюзу. Таму і тут Лукашэнка гуляе трохі не ў сваю гульню.
Але можна пагаварыць і пра выгоды. Паводле Лукашэнкі, у гэтым кірунку перад Беларусьсю адчыняюцца вялікія эканамічныя пэрспэктывы. Гаворачы пра афрыканскія краіны, ён запэўнівае: «Яны за ўсё гатовыя плаціць... Гэта багатыя краіны». У прыклад Лукашэнка прывёў супрацоўніцтва з Экватарыяльнай Гвінэяй. «Тут жыве ўсяго пара мільёнаў чалавек, але гэта вельмі багатая дзяржава».
Наконт багацьця гэтых краін ня будзем нічога камэнтаваць. Але ўзьнікае натуральнае пытаньне: калі супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі такое выгоднае, беларусаў там даўно чакалі, то чаму ж усе 29 гадоў кіраваньня Лукашэнкі гэтага не заўважалі? Афрыканскі рынак за мінулы год (2022) склаў у беларускім экспарце ўсяго паўпрацэнта ($200 млн). З 55 краін Афрыкі Беларусь мае дыппрадстаўніцтвы толькі ў пяці краінах (ПАР, Эгіпет, Кенія, Нігерыя і Зымбабвэ). Таму ў рэальнасьці «адкрыцьцё» Афрыкі неяк зацягваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паварот да глябальнага Поўдня. Што ён дасьць Беларусі