Бацьку палітзьняволенага Мікіты Залатарова арыштавалі шосты раз запар
Яго зноў абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Міхаіла Лапунова 23 кастрычніка асудзілі ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля, паведамляюць праваабаронцы.
Яго зноў абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Гэтым разам справу Міхаіла разглядала судзьдзя Тацяна Волкава. Вынік суду пакуль невядомы. Але на свабоду палітзьняволены ня выйшаў.
- Міхаіла Лапунова затрымалі 8 жніўня. З таго часу ён бесьперапынна знаходзіцца за кратамі.
- Сын Лапунова Мікіта Залатароў — адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 году. Агульны тэрмін пакараньня для яго склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калёніі.
Праваабаронцы паведамляюць пра жорсткія затрыманьні на Гомельшчыне
У Жыткавічах, Петрыкаве і Тураве было затрымана сама меней 9 чалавек за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляе «Палеская Вясна».
У паведамленьні набліжанага да сілавікоў тэлеграм-каналу сьцьвярджаецца, што ўсім затрыманым «давядзецца адказаць за свае дзеяньні ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам і Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях РБ».
На відэа, апублікаваным сілавікамі, людзей затрымліваюць жорстка, з ужываньнем фізычнай сілы. У адным з выпадкаў на відэа відаць, як сілавікі выломваюць дзьверы, урываюцца ў кватэру і выцягваюць мужчыну, які, верагодна, спаў, проста з ложка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 кастрычніка: прадпрымальніка і кіроўцу пакаралі за ўдзел пратэстах 2020 годуЖанчына патэлефанавала ў міліцыю і выказалася пра Лукашэнку. Яе асудзілі на год калёніі
У судзе Ганцавіцкага раёну пятага кастрычніка асудзілі Алену Міхалюк паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Аксана Зоткіна прызначыла Алене 1 год калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Алена ўтрымліваецца пад вартай з 11 жніўня 2023 году.
Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна 10 жніўня ўвечары, ужыўшы алькагольныя напоі і пасварыўшыся з сужыцелем на глебе рэўнасьці, тры разы тэлефанавала ў аддзяленьне міліцыі. Як паведаміў на судзе сьведка, старшы дзяжурны інспэктар, жанчына, не называючы прычыны выкліку, прасіла міліцыянтаў прыбыць, і пасьля нібы абразіла Лукашэнку. Алена прызнала віну часткова.
Алена Міхалюк мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю і гадуе непаўналетняе дзіця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: гарадзенца асудзілі на 5 гадоў за «масавыя беспарадкі», у Слоніме дэфэктоляга аштрафавалі за «экстрэмісцкую» кнігуУ Берасьці сілавікі затрымалі інжынэра за відэа з вайсковай тэхнікай
У Берасьці сілавікі затрымалі інжынэра-энэргетыка за адпраўку ў чат відэа з вайсковай тэхнікай. Пра гэта паведаміў праўладны тэлеграм-канал, піша «Медыязона».
У апублікаваным відэа затрыманы прадстаўляецца Аляксандрам Мікалаевічам і кажа, што ў яго ёсьць жонка і трое дзяцей. «Медыязона» знайшла старонкі брэстаўчаніна ў сацсетках, яго завуць Аляксандар Бойка.
«На той момант быў спалоханы, таму выклаў відэа на эмоцыях. У гэтым чаце быў наратыў, што вось-вось пачнуцца ваенныя дзеяньні паміж Беларусьсю і Ўкраінай», — кажа інжынэр.
У роліку паказваюць скрыншоты з чата. У тлумачэньні да відэа з вайсковай тэхнікай гаворыцца, што яна рухаецца па трасе М1 у бок Брэста. Калі гэта было зьнята, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 кастрычніка: за распаўсюд «экстрэмізму» арыштавалі рабочага з «Паліміра»