Узрост згвалтаваных — ад 16 да 83 гадоў. Камісія ААН апублікавала новыя зьвесткі пра катаваньні на акупаваных тэрыторыях Украіны

Ілюстрацыйнае фота. Наступствы расейскага абстрэлу Херсону, кастрычнік 2023 году

Новыя сьведчаньні злачынстваў расейскіх вайскоўцаў у Херсонскай і Запароскай абласьцях былі сабраныя падчас расьсьледаваньня незалежнай міжнароднай камісіі ААН. Яны «паказваюць тую ж сыстэматычнасьць катаваньняў у раёнах, якія знаходзяцца пад кантролем расейскіх уладаў», гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У расьсьледаваных выпадках расейцы ў асноўным катавалі мужчын, якія падазравалі ў перадачы інфармацыі ўкраінскім уладам або ў іншым выглядзе падтрымкі ўкраінскіх Ўзброеных сіл. Сьведкі паведамлялі пра інцыдэнты, калі катаваньні зьдзяйсьняліся з такой жорсткасьцю, што прыводзілі да сьмерці ахвяры.

Задакумэнтаваныя камісіяй выпадкі згвалтаваньня адбыліся ў пэрыяд з сакавіка 2022 году па ліпень 2022 году ў асноўным, калі вайскоўцы хадзілі па дамах у невялікіх сёлах акупаванай Херсонскай вобласьці. Некаторыя са злачынстваў адбыліся ў сьледчых ізалятарах, якія знаходзіліся ў распараджэньні расейскіх уладаў. У расьсьледаваных выпадках ахвярамі згвалтаваньня стала дзяўчына 16 гадоў і жанчыны ва ўзросьце ад 19 да 83 гадоў.

Расьсьледаваньні камісіі ў Херсонскай і Запароскай абласьцях сьведчаць, што згвалтаваньні і іншыя формы сэксуальнага гвалту часта зьдзяйсьняліся разам з дадатковымі актамі гвалту ў дачыненьні да ахвяраў, уключаючы жорсткае зьбіцьцё, удушэньне, задушэньне, парэзы, стрэлы побач з галавой ахвяры і наўмысныя забойствы.

У прыватнасьці, аўтары даклада расказваюць пра 75-гадовую жанчыну ў Херсонскай вобласьці, якую катаваў расейскі салдат: ён біў яе па твары, грудзях і рэбрах і душыў падчас допыту. Таксама ён загадаў жанчыне распрануцца, а калі тая адмовілася, сарваў зь яе адзеньне, парэзаў жывот невялікім вострым прадметам і некалькі разоў згвалтаваў.

Адзначаецца, што ў дакладзе зафіксаваныя і тры выпадкі, калі ўкраінскія ўлады зьдзейсьнілі парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні да асобаў, якіх яны абвінавацілі ў супрацоўніцтве з расейскімі вайскоўцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад ААН: прызначаныя Расеяй адміністрацыі не дапускаюць назіральнікаў на акупаваныя тэрыторыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыца ААН: катаваньні — частка палітыкі Расеі ва Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад ААН: прызначаныя Расеяй адміністрацыі не дапускаюць назіральнікаў на акупаваныя тэрыторыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АР: У Расеі стварылі «сетку турмаў для ўкраінцаў», у іх вязьняў катуюць і прымушаюць да рабскай працы