Пра гэта заявіла спэцыяльная дакладчыца ААН у пытаньнях катаваньняў Эліс Джыл Эдвардс, — паведамляе The New York Times.
Эдвардс зрабіла сямідзённую паездку ва Ўкраіну і па яе выніках адзначыла, што катаваньні з боку расейскіх вайскоўцаў і прадстаўнікоў іншых сілавых структур нельга назваць выпадковасьцю ці асобнымі інцыдэнтамі. «Катаваньні арганізаваныя так, што зьяўляюцца часткай дзяржаўнай палітыкі запалохваньня і пакараньня з мэтай атрымаць інфармацыю або прызнаньне», — заявіла спэцыяльная дакладчыца ААН.
Яна дадала, што атрымала сьведчаньні пра катаваньні токам, біцьцё, імітацыі пакаранняў смерцю, пагрозы гвалтам, прымус да працяглага знаходжаньня ў адной позе і іншыя мэтады катаваньняў у зняволеньні на акупаваных Расеяй тэрыторыях або ў палоне.
У суботу ў МУС Украіны заявілі, што раней на вызваленых ад расейскай акупацыі ўкраінскіх тэрыторыях знайшлі 80 імправізаваных турмаў, дзе ў нечалавечых умовах утрымліваліся грамадзяне Ўкраіны.
У лістападзе 2022 году Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека выпусьціў даклад, прысьвечаны абыходжаньню з ваеннапалоннымі падчас поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. У ім апроч іншага ішла гаворка пра жорсткае абыходжаньне і катаваньні ў адносінах да ўкраінскіх ваеннапалонных, а таксама да мірных жыхароў.
Расейскія ўлады адпрэчваюць паведамленьні аб катаваньнях і, наадварот, абвінавачваюць украінскіх вайскоўцаў у катаваньнях і забойствах расейскіх ваеннапалонных. Пра такія выпадкі ў ААН таксама заяўлялі, не сьцьвярджаючы пры гэтым, што яны маюць сыстэматычны характар. Рэакцыі расейскіх уладаў на апошнія заявы прадстаўніцы ААН пакуль няма.