«Беларусь стала менш прывабнай і стабільнай». Як зьмяніліся стасункі Беларусі і Кітаю

Банэр на ўезьдзе ў беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень", Менская вобласьць

Лукашэнкі не было на форуме ў Пэкіне «Адзін пояс — адзін шлях». Паглядзелі, што адбываецца ў беларуска-кітайскіх стасунках.

Аляксандра Лукашэнкі не было ў Пэкіне на форуме, прысьвечаным дзесяцігодзьдзю кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях». Гэты форум адбываўся 17–18 кастрычніка, на яго сабраліся кіраўнікі многіх краінаў, у тым ліку і Ўладзімір Пуцін. Глядзім, што адбываецца зь беларуска-кітайскімі стасункамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітаіст патлумачыў, чаму Лукашэнкі не было на форуме ў Пэкіне

Гандаль

У 2021 годзе Беларусь прадала тавараў у Кітай на 867,4 мільёна даляраў. З 2020-га экспарт у гэтую краіну вырас на 13,7%. У 2021 годзе Беларусь закупіла ў Кітаі тавараў на 4 мільярды даляраў, гэта на 8,6% больш, чым годам раней.

Згодна з справаздачай Мінэканомікі за першае сёлетняе паўгодзьдзе, найбольш інвэставаў у беларускую эканоміку Кіпр — 499,1 мільёна даляраў, або 29,3%, Расея — 314,4 мільёна даляраў, або 18,5%. Сярод лідэраў па інвэстыцыях таксама згадваюцца Нідэрлянды (87,6 мільёна даляраў), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (62,5 мільёна даляраў), Нямеччына (59,1 мільёна даляраў). Кітай у гэтай справаздачы нават не называюць.

У 2022 годзе Кітай інвэставаў у беларускую эканоміку каля 200 мільёнаў даляраў. Гэта крыху больш за 2% ад агульнай сумы інвэстыцый (8,7 мільярда даляраў).

Апошні крэдыт Кітай даваў Беларусі ў 2019 годзе. Тады гаворка вялася пра паўмільярда даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вялікі камень» не акупіўся, завод цэлюлёзы не дабудавалі. Якія кітайскія праекты былі ў Беларусі і што зь імі стала

А што зь «Вялікім каменем»?

Адзін з асноўных сумесных беларуска-кітайскіх праектаў — індустрыяльны парк «Вялікі камень» з асобым прававым рэжымам і падатковымі льготамі. Парк вырашылі пабудаваць у 2011 годзе, у 2014-м зарэгістравалі першага рэзыдэнта. Цяпер у парку 100 рэзыдэнтаў, чысты прыбытак кампаній парку за 2022 год — 34,1 мільёна рублёў. Экспарт за межы Беларусі — 247,8 мільёна рублёў, або 94,9 мільёна даляраў. Для параўнаньня, у Парку высокіх тэхналёгій экспарт за 2022 год — 2,7 мільярда даляраў, або ў 28 разоў больш. І гэта нягледзячы на крызіс ІТ-сфэры ў Беларусі і масавы ад’езд спэцыялістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зброя для Расеі, мікрасхемы для ВПК, антызаходні фронт, падтрымка сэпаратызму. Экспэртка — пра таемныя мэты Лукашэнкі ў Пэкіне

Падтрымка Кітаю зьменшылася, і гэта зьвязана наўпрост з санкцыямі, пра гэта кажа эканамістка Аліса Рыжычэнка.

«Падтрымка зьменшылася, і гэта зьвязана якраз з праектам „Адзін пояс — адзін шлях“. У межах гэтага праекту раней інвэставалі ў будаўніцтва чыгункі, будаўніцтва дэпо, дзе перагружалася прадукцыя, якая ішла з Кітаю ў Эўропу празь Беларусь. У сувязі з санкцыямі і закрыцьцём межаў многія праекты паставілі на паўзу да высьвятленьня сытуацыі. Будаўнічыя праекты і праекты, якія плянаваліся з кітайскімі інвэстыцыямі ў межах „Вялікага каменя“, таксама закрыліся з прычыны рызыкі другасных санкцый. Гэта праект, які быў скіраваны на замежныя кампаніі, каб яны будавалі двухбаковае супрацоўніцтва з Кітаем і Беларусьсю. Праз санкцыі, асабліва фінансавыя, многія кампаніі вырашылі не станавіцца рэзыдэнтамі гэтага парку», — тлумачыць эканамістка.

Санкцыі паўплывалі і на крэдытную падтрымку Кітаю. Інвэставаньне спынілі, дадае Аліса Рыжычэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўратуе Лукашэнка рубель і як не зьбяднець беларусам

«Імпарт расьце, бо гэта адзіная крыніца высокіх тэхналёгій»

Імпарт з Кітаю расьце, але цяпер Беларусь закупляе там тэхналёгіі, працягвае Аліса Рыжычэнка.

«Расьце імпарт з Кітаю ў Беларусь, адбылася ягоная дывэрсыфікацыя. Раней Беларусь закупляла ў Кітаі спажывецкія тавары, а цяпер гэта іншыя тавары. Беларусь стала закупляць больш запчастак для машын, Geely — гэта кітайскі аўтамабіль, які зьбіраюць у Беларусі. Пастаўкі кампутарнай тэхнікі, тэлефонаў — таксама вырасьлі шматкроць. Фактычна, Кітай становіцца другім партнэрам пасьля Расеі і адзіным партнэрам, хто можа пастаўляць у Беларусь тэхналёгіі», — кажа эканамістка.

Экспарт у Кітай зь Беларусі расьце ў колькасным вымярэньні, але падае ў якасным, зьвяртае ўвагу Аліса Рыжычэнка.

«Намінальна экспарт расьце, але губляе ў якасьці. Раней Беларусь пастаўляла калійныя ўгнаеньні і крыху ежы. А цяпер з прычыны рызыкі санкцый Кітай абірае новых пастаўшчыкоў калійных угнаеньняў. Улетку Кітай падпісаў пагадненьне з канадзкай кампаніяй па цане, якая ніжэй за рынкавую ўтрая. Беларускі бок ня можа прапанаваць такі кошт, бо транспартаваньне дарагое, гэта магчыма зрабіць толькі праз Расею. Маржа гандлю зусім іншая ў параўнаньні з 2019 годам. Беларусь можа нарошчваць у Кітай толькі пастаўкі харчаваньня, і гэта ня тыя грошы, бо за паўгода калійных угнаеньняў раней пастаўлялі на 1,5 мільярда», — зважае эканамістка.

Беларусі Кітай выгадны толькі таму, што «няма іншых альтэрнатыў».

«Беларускія прадпрыемствы, нават для забесьпячэньня вайсковага комплексу Расеі, ня могуць абысьціся без паставак Кітаю, бо ў Эўропе Беларусь ня можа гэта закупіць. Беларусь ня можа зьнізіць імпарт з Кітаю, бо тады зьменшыцца экспарт у Расею, бо Беларусь ня зможа рабіць тое, што патрэбна Расеі, без кітайскіх тэхналёгій», — дадае Аліса Рыжычэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Кітая прасоўваў «плян глябальнай бясьпекі» Пэкіна падчас паездкі ў Расею і Беларусь. Што гэта такое

«Цікавасьць Кітаю зьнізілася»

Кіраўнік інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч кажа, што ЭЗ і Расея маюць для Беларусі большае значэньне, чым Кітай.

«Гэта проста жаданьне беларускіх уладаў знайсьці балянсір, маўляў, мы ня толькі на Расею завязаныя. З аднаго боку, цікавасьць Кітаю да Беларусі зьнізілася. Беларусь была важная як шлях з Кітаю ў Эўропу. Палітычны крызіс і вайна прывялі да таго, што Беларусь стала значна менш прывабнай і стабільнай. Тое самае тычыцца і бізнэс-клімату. Кітайскія кампаніі разьлічваюць рызыкі і падыходзяць да гэтага прагматычна. Калі зачыняецца вакно на Захад, то ясна, што прывабнасьць падае», — кажа Андрэй Казакевіч.

Пасьля ўводу санкцый быў трэнд на актывізацыю стасункаў, працягвае Андрэй Казакевіч.

«Пасьля ўвядзеньня санкцый Беларусь стала разглядаць Кітай як важную альтэрнатыву эўрапейскаму рынку. Тое, што прадавалася ў Эўропу, спрабавалі прадаваць у Кітай. Беларускія ўлады вельмі матываваныя знайсьці хоць нейкую альтэрнатыву, нават калі гэта ня так выгадна. Лічбы па экспарце крыху вырасьлі, але гэта ня значыць, што кірунак стаў прыбытковым для беларускай эканомікі», — даводзіць экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта рынкаў ЭЗ і Ўкраіны каштавала Беларусі 10,5 млрд даляраў, — пасол Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты