Калі многія іншыя прынцыпы і правілы ў адносінах з вонкавым сьветам ігнаруюцца, то чаму нельга паблажліва альбо грэбліва ставіцца і да нормаў этыкету, прынятых у цывілізаваным сьвеце?
Адзін з апошніх замежных візытаў Лукашэнкі. Аэрапорт «Манас» у Бішкеку. Лукашэнкаў «Боінг» толькі што прызямліўся. На лётным полі — ганаровая варта, дывановая дарожка, шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў на чале з прэм’ер-міністрам Акылбекам Джапаравым. Усе — у строгіх гарнітурах, як і патрабуе пратакол падобных афіцыйных візытаў, дакладная працэдура якіх даўно і строга рэглямэнтаваная жорсткімі правіламі дыпляматычнага этыкету.
І тут па трапе спускаецца Аляксандр Лукашэнка. У моднай кароткай куртцы-«бомбэры», у спартовых штанах, на нагах — зручныя «сьнікерсы» зь белай падэшвай. Зашпілены на ўсе гузікі кіргіскі прэм’ер-міністар, апрануты строга паводле пратаколу, робіць выгляд, што нічога не адбылося. Хоць усяго некалькі гадзін перад тым менавіта ён сустракаў іншых высокапастаўленых удзельнікаў саміту (прэзыдэнтаў Пуціна, Аліева, Такаева), і ўсе былі апранутыя ў адпаведнасьці з пратаколам. Лукашэнка быў адзіным, хто дазволіў сабе нечаканыя вольнасьці. І як гэта могуць расцаніць тыя, хто сустракае высокапастаўленага госьця?
Выпадковасьцю гэта яўна не было. Апошнім часам Лукашэнка ня раз зьяўляўся ў «нефармальным» выглядзе падчас афіцыйных пратакольных мерапрыемстваў. Так здарылася, напрыклад, падчас афіцыйнай цырымоніі разьвітаньня з прэзыдэнтам Экватарыяльнай Гвінэі ў менскім аэрапорце сёлета 8 верасьня. Тэадора Мбасога і ўся ягоная дзяржаўная дэлегацыя — у строгіх эўрапейскіх гарнітурах, пры поўным парадзе, а Аляксандар Лукашэнка — у модным сярод аматараў брэйк-дансу клятчастым «бомбэры» і тых жа дарагіх красоўках зь белымі падэшвамі.
Прыкладна ў такім жа адзеньні Лукашэнка апошнім часам спускаецца з трапа самалёта, прылятаючы зь візытамі ў Маскву ды іншыя расейскія гарады. Візыты, што праўда, працоўныя, але расейскія віцэ-прэм’еры ці губэрнатары, якія паводле пратаколу сустракаюць лідэра замежнай дзяржавы, апранутыя адпаведным чынам і выконваюць усе дыпляматычныя фармальнасьці, а таму таксама робяць зьдзіўленыя вочы: з падобным рэдка даводзіцца сустракацца.
Варта агаварыцца: часам палітычныя лідэры загадзя дамаўляюцца пра нефармальны характар візыту і адпаведны свабодны стыль адзеньня падчас такіх «сустрэч бяз гальштукаў», але гэта робіцца загадзя і на ўзаемнай аснове. Сытуацыі, калі падчас пратакольнага мерапрыемства адзін палітык апрануты паводле ўсіх дыпляматычных правілаў (у гарнітуры, гальштуку і зашпілены на ўсе гузікі), а другі так, нібыта ён толькі што вярнуўся з прагулкі па лесе ці з прабежкі ў парку, надзвычай рэдкія і звычайна расцэньваюцца як нешта надзвычайнае і недапушчальнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каляіна для дыктатара, якая вядзе да краху. Раздарожжаў у Лукашэнкі больш не засталосяСталінскі фрэнч
Лукашэнка, вядома, ня першы і не апошні з дыктатараў, хто нават на ўзроўні адзеньня імкнецца прадэманстраваць свае выключнасьць, індывідуальнасьць, унікальнасьць.
У свой час Сталін увёў у савецкую намэнклятурную моду стыль, які цяпер называюць «мілітары». Сьціплы вайсковы фрэнч, галіфэ і бліскучыя хромавыя боты — у такім убраньні правадыр савецкага народу ня толькі застаўся ў гісторыі, але і запачаткаваў стыль, які потым пераймалі многія іншыя дыктатары.
Славуты сталінскі фрэнч зьявіўся падчас грамадзянскай і савецка-польскай войнаў. Аднойчы апрануўшы вайсковы мундзір, будучы правадыр не захацеў пераапранацца і пасьля вайны, зрабіўшы яго асновай уласнага іміджу на ўсё астатняе жыцьцё. На пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя гэта выглядала дэмакратычна і зразумела: у маладой савецкай краіне, ахопленай голадам і галечай, не хапала ўсяго, у тым ліку і адзеньня. Добрая палова краіны хадзіла ў паўвайсковай вопратцы, якой багата засталося з ваеннага часу.
Зрэшты, паслужлівыя царадворцы ня раз спрабавалі ўнесьці карэктывы ў аскетычны вобраз любімага «бацькі народаў». Адна з найбольш вядомых спробаў была зроблена пасьля таго, як у чэрвені 1945 году Сталіна ўгаварылі прыняць найвышэйшае вайсковае званьне — генэралісімуса. Паўстала пытаньне і пра адпаведны мундзір. І яго неўзабаве пашылі. Адзін з найбольш набліжаных у той час да Сталіна военачальнікаў генэрал Штаменка пазьней успамінаў, як аднаго разу ўбачыў у прыёмнай правадыра галоўнага інтэнданта Чырвонай арміі генэрала Драчова, апранутага ў пышны мундзір невядомага раней крою, зь вялікімі эпалетамі, шчодра аздобленымі залатымі махрамі:
«Мундзір быў сшыты паводле мадэляў часоў Кутузава, з высокім стаячым каўняром. Штаны ж выглядалі па-сучаснаму, але блішчэлі пазалочанымі лямпасамі. Калі, зьдзіўленыя такім апэрэтачным уборам, мы спыніліся і паглядзелі на дзіўны касьцюм, Драчоў ціха сказаў: «Новая форма для генэралісімуса».
Сталіну новы мундзір яўна не спадабаўся. Акінуўшы яго беглым позіркам, правадыр зрабіўся змрочным і загадаў Драчову пакінуць кабінэт. Мундзір генэралісімуса ў выніку Сталін так ні разу і не апрануў.
Зрэшчы, гэта зусім не азначае, што мундзір у Сталіна быў такім жа, як ва ўсіх іншых маршалаў і генэралаў. Сталінскі маршальскі кіцель быў унікальнага сьветла-шэрага колеру — зусім не такі, як у іншых маршалаў. Каўнер не стаячы, які павінен быў паводле новых статутных стандартаў, а «адкладны», з шынэльнымі чырвонымі пятліцамі (цьвёрдых стаячых каўняроў Сталін не любіў: яны яму ціснулі шыю). Строга кажучы, мундзір гэты ня ўпісваўся ні ў якія армейскія статуты, але, пэўна, такая мэта і ставілася. Правадыр і геній не павінен быў выглядаць так, як усе іншыя.
У гэтым «нестатутным» пазнавальным кіцелі Сталіна ўрэшце і пахавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як жа не катаваць, калі яны супраць улады?» Аб чым дыктатары шкадуюць перад сьмерцю
Вяртаньне да «ленінскага стылю»
Сталінскі стыль у адзеньні ў другой палове ХХ стагодзьдзя перанялі многія тагачасныя камуністычныя дыктатары: кітайскі правадыр Мао Цзэ Дун, віетнамскі Хо Шы Мін, паўночнакарэйскі Кім Ір Сэн, кубінскі Фідэль Кастра...
А вось у Савецкім Саюзе пасьля асуджэньня пэрыяду «культу асобы» мода на сталінскія фрэнчы амаль імгненна зьнікла. Немагчыма ўявіць, каб хто-небудзь з наступных пасьля Сталіна лідэраў СССР (ці то Хрушчоў, ці Брэжнеў, ці Андропаў, ці Чарненка, ці Гарбачоў) выправіўся ў замежны візыт і сыходзіў з трапа самалёта, апрануты ў нешта іншае, апроч строгага дзелавога гарнітура.
Праўда, Хрушчоў на першым часе трохі спрабаваў экспэрымэнтаваць з вопраткай (многім запомніліся ягоныя вышыванкі, апранутыя пад пінжак), але шырокага распаўсюду гэтая практыка не набыла. Савецкі істэблішмэнт афіцыйна вяртаўся да «ленінскіх нормаў» ва ўсім, у тым ліку і ў стылі адзеньня. А паколькі ўявіць вобраз Леніна без гальштука гэтак жа цяжка, як Сталіна — у гальштуку, модзе на фрэнчы, галіфэ і хромавыя боты пасьля 1956 году настаў рашучы канец. Адмаўленьне ад сталінізму адбывалася ва ўсім, у тым ліку і на ўзроўні такіх сымбаляў, як стыль адзеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можам атрымаць рэжым, горшы, чым пры Лукашэнку». Экспэрт прадказвае вайсковую дыктатуру ў БеларусіПарада Лукашэнкі Зяленскаму: «Ужо пара пагаліцца, апрануцца нармальна...»
Але стыль «мілітары» аказаўся куды больш жыцьцяздольным і папулярным сярод палітыкаў, чым іншыя сымбалі сталінізму. Цікава, што менавіта на яго зьвярнуў увагу і пачаў актыўна выкарыстоўваць зь першых дзён расейскай агрэсіі ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімер Зяленскі.
Зяленскага не выпадае абвінавачваць у дыктатарскіх замашках, але тое, што ён добра разьбіраецца ў тонкасьцях публічнага іміджу, сумневаў мала. Усе памятаюць: ужо на наступны дзень пасьля пачатку вайны Зяленскі цалкам адмовіўся ад гарнітураў, гальштукаў і белых кашуль. На публіцы ён зьяўляецца выключна ў стылі «мілітары»: майках, кашулях, швэдрах, куртках колеру хакі ды іншых маскавальных адценьняў, у армейскіх штанах і чаравіках. Сам Зяленскі ў інтэрвію Бі-Бі-Сі тлумачыў гэта так:
«Гэта было вельмі дзіўна — мой касьцюм. Часы зьмяніліся, і было некамфортна гаварыць зь людзьмі ў такой складанай сытуацыі. Я хацеў паказаць ім, што падтрымліваю іх і застаюся тут... Гэта было больш зручна і зразумела для людзей. Гэта ж вайна, і вельмі дзіўна, калі вайна, а ты ў гарнітуры».
Адметна, аднак, тое, што Зяленскі зьяўляецца цяпер у такім уборы ня толькі на фронце і ў паездках па Ўкраіне, але і падчас шматлікіх замежных афіцыйных візытаў, пратакольных мерапрыемстваў, выступаючы ў замежных парлямэнтах і міжнародных арганізацыях, калі ўся публіка наўкол — выключна ў строгіх дзелавых касьцюмах. У гэтым сэнсе новы імідж разьлічаны яўна ня толькі на ўнутраную ўкраінскую аўдыторыю, і вытлумачыць усё толькі жаданьнем «быць як усе» і паказаць, што «застаюся тут», немагчыма.
Між іншым, Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў на новы імідж Зяленскага 6 траўня 2022 году крытычна, зь яўным раздражненьнем:
«Ужо пара пагаліцца, апрануцца нармальна і дэманстраваць украінскаму народу і сусьветнай супольнасьці, што ў яго кожны дзень лепш, лепш і лепш. З гэтага вобразу трэба выходзіць. Зацягнулася гэтая гульня».
У гэтай нібыта парадзе яўна гучала рэўнасьць. Маўляў, гэта мая «фішка», а тут нейкі актор, бяз году тыдзень як прэзыдэнт, пераймае чужыя прыдумкі і прыёмы.
Зяленскі да зьдзеклівай парады, як вядома, не прыслухаўся. Але пры гэтым запэўнівае, што абавязкова вернецца да традыцыйнага іміджу і клясычнага гарнітура:
«Канечне, я ведаю, што так будзе. Пасьля нашай перамогі. Магчыма, у дзень нашай перамогі. Але так абавязкова будзе, бо тады ж я буду прэзыдэнтам мірнай краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ордэн для заклятага сябра. Як Лукашэнка і Пуцін абменьваліся дзяржаўнымі ўзнагародаміМашэраў сабе такога не дазваляў
Даўно заўважана: неабмежаваная ўлада з часам вельмі істотна мяняе таго, хто ёй валодае. Гэта датычыць многіх сфэр чалавечага жыцьця, у тым ліку і стаўленьня да таго, як дапушчальна паводзіць сябе ў грамадзтве і, сярод іншага, як апранацца. З часам, прывыкшы да таго, што ўсе ягоныя жаданьні і прыхамаці выконваюцца, надзелены неабмежаванай уладай дзяяч, здараецца, дае волю розным патаемным фантазіям і капрызам. Гэта датычыць і таго, у якім абліччы ён зьяўляецца перад публікай.
У першыя гады свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка вельмі абачліва ставіўся да ўласнага гардэробу, асабліва падчас афіцыйных візытаў. Немагчыма прыгадаць выпадак, калі б на афіцыйную сустрэчу ў сярэдзіне ці ў канцы 90-х ён выправіўся, апрануўшы тое, што супярэчыла б пратаколу. Тады нават у паездкі па Беларусі ён выпраўляўся ў строгім касьцюме і гальштуку. Варта зазначыць: такая была і савецкая, і раньняя постсавецкая традыцыя, яе не парушалі ні Машэраў, ні Кісялёў, ні Кебіч, ні Шушкевіч.
Але спакваля Лукашэнка ад яе амаль адышоў. У апошнія гады, езьдзячы па краіне, ён зьяўляецца перад падначаленымі то ў паўвайсковай белай кашулі, то ў спартовай куртцы, то ў льняной вышыванцы. Пры гэтым падначаленыя, што адметна, падчас такіх візытаў суправаджаюць Лукашэнку ў строгіх зашпіленых гарнітурах з гальштукамі (нават калі на дварэ сьпёка). Пераймаць прыклад гаспадара і пераапранацца ў вольным стылі ніхто не адважваецца (ці, магчыма, ім забаронена гэта рабіць).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два баракі аднаго лягеру. Рэпрэсіі Лукашэнкі і рэпрэсіі Пуціна: хто чый прыклад пераймаеЭксцэнтрычныя дыктатары
Лукашэнка — далёка ня першы з клюбу шматгадовых аўтарытарных валадароў, хто адважыўся ігнараваць агульнапрынятыя правілы. І зусім ня самы эксцэнтрычны.
Найбольш эпатажным з дыктатараў апошняга часу быў, відавочна, лібійскі лідэр Муамар Кадафі. Кажуць, на ягоны пышны бэдуінскі плашч, у якім ён звычайна выходзіў на афіцыйныя цырымоніі, ішло ня меней за 15 мэтраў тканіны (між іншым, у такім плашчы ён прыяжджаў зь візытам у Менск у 2008 годзе). Зрэшты, бэдуінскім уборам Кадафі зусім не абмяжоўваўся. Ён любіў і іншыя эксцэнтрычныя строі — з вышыўкай, з выкарыстаньнем зьвярыных шкураў і незвычайных галаўных убораў. А часам зьяўляўся на публіцы ў расшытым золатам генэральскім мундзіры з бліскучымі эпалетамі ў стылі ХІХ стагодзьдзя.
Тым, каму давялося жыць у апошнія дзесяцігодзьдзі ХХ стагодзьдзя, добра запомнілася футравая шапка-піражок зь леапардавай скуры, якую, здаецца, ніколі не здымаў кангалескі дыктатар Мабуту Сэсэ Сэка. Мабуту быў прыхільнікам афрыканскай аўтэнтычнасьці ва ўсім, у тым ліку і ў вопратцы. Урэшце ён забараніў насіць у краіне эўрапейскія гарнітуры, а замест гэтага распрацаваў «абакост» — адзеньне, якое лічылася сымбалем пераадоленьня каляніяльнай мінуўшчыны. Адмыслоўцы не без падстаў бачылі ў «абакосьце» падабенства з фрэнчам Мао Цзэдуна. Насіць «абакост» абавязаны былі ўсе дзяржаўныя службоўцы. Як і варта было чакаць, афрыканскі фрэнч Мабуту не перажыў свайго стваральніка, які пасьля 26 гадоў дыктатуры вымушаны быў уцякаць з краіны пад напорам паўстанцаў.
На гэтым тле даволі сьціплым і бяскрыўдным выглядае імідж новага афрыканскага сябра Лукашэнкі — прэзыдэнта Зымбабвэ Эмэрсана Мнангагвы. Строгага дзелавога гарнітура ён не адмаўляе, але пры гэтым заўсёды накідвае на шыю стракаты шалік у колерах нацыянальнага сьцяга (гэтым шалікам ён запомніўся і падчас нядаўняга візыту ў Менск).
Запамінальная дэталь і яркі акцэнт робяць зымбабвійскага лідэра пазнавальным у любой сытуацыі. Што праўда, на першым часе некаторыя прымалі яго ў такім выглядзе за футбольнага фаната, але з часам усе прызвычаіліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа, яшчэ два, ну тры гады...». Ці магчымае вяртаньне Беларусі ў сытуацыю «да 2020-га» і ці хоча гэтага Лукашэнка?Хто ж адважыцца зрабіць яму заўвагу?
Зразумела, што жорсткія правілы афіцыйнага дрэс-коду ў стасунках паміж дзяржаўнымі дзеячамі ды іншымі афіцыйнымі асобамі ўзьніклі ня ўчора і зусім не выпадкова. Тут і глыбокія гістарычныя традыцыі, і прызнаньне агульных для ўсіх дыпляматычных правілаў і пратаколаў, і праява павагі да суразмоўцы і партнэра. На што разьлічвае і якую мэту ставіць перад сабой той, хто ці то дэманстратыўна, ці то выпадкова парушае гэтыя нормы?
Стварыць сабе вобраз мудрага патрыярха, які ўзвышаецца па-над умоўнасьцямі, якому дазволена больш, чым астатнім, хоць бы з прычыны свайго 30-гадовага валадараньня?
Паказаць уласную выключнасьць і ўнікальнасьць, права паблажліва і звысоку глядзець на іншых, магчымасьць ігнараваць тое, чаго іншыя ігнараваць ня могуць і ня хочуць?
Прадэманстраваць, хто тут сапраўдны гаспадар сытуацыі?
Відавочна: і першае, і другое, і трэцяе. Але ў якое становішча ў выніку пастаўлены другі бок — той, які прымае такога госьця ці каго прымае такі гаспадар? Ці ня будзе расцэнена гэта як праява непавагі ці недастатковага шанаваньня? І якія наступствы ў выніку могуць быць (ня толькі для эксцэнтрычнага палітыка, але і для дзяржавы, якую ён прадстаўляе)?
Папраўдзе, тэарэтыкі і практыкі дыпляматыі даўно далі адказы на гэтыя пытаньні і катэгарычна ня раяць адказным службовым асобам парушаць правілы пратаколу. Але хто адважыцца зрабіць заўвагу альбо выказаць прэтэнзію ў адрас асобы, якая ўжо даўно ні зь якімі правіламі лічыцца не прывыкла?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лібэральных балбатуноў у лягеры, здраднікаў — да сьценкі». Пра калектыўную адказнасьць «бэчэбэшнікаў», як яе разумее Лукашэнка