Кіраўнік ЦВК падзякаваў унутраным войскам за «рашучыя дзеяньні» на выбарах

Ігар Карпенка, архіўнае фота

Паводле кіраўніка ЦВК Беларусі Ігара Карпенкі, менавіта падчас «правядзеньня выбараў апанэнты могуць падарваць стабільнасьць у дзяржаве».

«Я ўдзячны асабістаму складу ўнутраных войскаў за рашучыя дзеяньні па забесьпячэньні грамадзкага парадку ў пэрыяд правядзеньня выбарчых кампаній», — заявіў кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка 17 кастрычніка на сустрэчы з афіцэрамі галоўнага ўпраўленьня камандуючага ўнутранымі войскамі і вайскоўцамі часьцей Менскага гарнізону.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Ўнутраных войскаў, кіраўнік ЦВК «на прыкладах суседніх краін» патлумачыў, якія фактары могуць паўплываць на правядзеньне выбараў, «бо менавіта падчас гэтай працэдуры апанэнты могуць падарваць стабільнасьць у дзяржаве».

«Галоўная задача праваахоўных органаў і ўсіх арганізатараў выбараў — ня даць паралізаваць работу выбарчых участкаў, забясьпечыць грамадзкі парадак і не дапусьціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў цэлым», — заявіў Карпенка.

У сакавіку гэтага году, зьвяртаючыся да ўнутраных войскаў МУС з нагоды 105-годзьдзя іх стварэньня, Аляксандар Лукашэнка назваў іх «гарантам непарушнасьці грамадзкага парадку і канстытуцыйных асноў дзяржаўнасьці».

  • У траўні 2022 году Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях дзейнасьці ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў», які карэктуе два законы — «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і «Аб барацьбе з тэрарызмам».
  • Згодна з дакумэнтам, унутраныя войскі Беларусі надзяляюцца паўнамоцтвамі на прымяненьне баявой і спэцыяльнай тэхнікі «для спыненьня масавых беспарадкаў і групавых парушэньняў грамадзкага парадку».
  • Таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў атрымаюць права на захоўваньне і нашэньне зброі, вывучэньне абстаноўкі ў раёнах выкананьня гэтых задач, у тым ліку з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў. Дакумэнт пашырыў задачы ўнутраных войскаў «за кошт іх удзелу ў ахове грамадзкага парадку, забесьпячэньні прававога рэжыму ў зоне правядзеньня контратэрарыстычнай апэрацыі, бясьпецы ахоўных асоб і ахоўных аб’ектаў, а таксама ў мерапрыемствах па ўзмацненьні аховы дзяржаўнай мяжы».
  • Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаныя ў падаўленьні масавых пратэстаў у 2020 годзе, яны таксама прыцягваліся да разгону вулічных акцый у ранейшыя гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новым намесьнікам Карпянкова стаў камандзір САХРу, які з 2020 году пад санкцыямі ЭЗ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпянкоў: новыя атрады спэцназу МУС выкрыстоўваюць «унікальны досьвед» НКВД
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе памятаюць 2020 год». Карпянкоў расказаў, як унутраныя войскі будуць выкарыстоўваць дроны