Раніцай 15 кастрычніка ў Польшчы і пры амбасадах краіны ў замежжы пачаліся выбары ў Сэйм і Сэнат. Пасьля доўгай выбарчай кампаніі палякі ў краіне і за мяжой абяруць новых дэпутатаў, а паводле некаторых ацэнак, гэтыя выбары самыя зацятыя з 1989 году, першых свабодных выбараў у краіне пасьля дзесяцігодзьдзяў камуністычнай дыктатуры.
Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў Польшчы а 7-й гадзіне і зачыняцца а 17.00. Чарговы рэкорд ахвочых прагаласаваць б’юць палякі за мяжой — у Італіі, Швэцыі, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі і Латвіі. Да ўчасткаў стаяць вялікія чэргі ў ЗША і Нідэрляндах, піша Onet.pl.
Выбарчыя рэкорды
Пабіты рэкорды ахвочых прагаласаваць, сярод іншага: у Вялікай Брытаніі, Нідэрляндах і Латвіі. У Гішпаніі запісалася для галасаваньня рэкордная колькасьць чалавек — больш за 24,4 тысячы.
Рэкорд таксама ўсталяваны ў Швэцыі. Рэкордная колькасьць выбарнікаў зарэгістраваная для галасаваньня ў пяці створаных па ўсёй краіне камісіях — 15 тысяч.
Права голасу мае кожны грамадзянін Польшчы, якому на дзень галасаваньня споўнілася 18 гадоў. Адначасова адбываецца галасаваньне на рэфэрэндуме. Выбарчае права маюць больш за 29 мільёнаў палякаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць рэчаў, якія варта ведаць пра Польшчу напярэдадні выбараўХто фаварыт?
Цяперашні правы папулісцкі ўрад партыі «Права і справядлівасьць» (ПіС), які знаходзіцца ва ўладзе з 2015 году, ініцыяваў рэформу польскай судовай сыстэмы, матывуючы яе неабходнасьцю барацьбы з карупцыяй. Але гэтыя зьмены выклікалі як у Польшчы, так і ва ўстановах Эўразьвязу крытыку з боку юрыстаў, заклапочаных вяршэнствам польскага права. Гэты момант называюць адным з найслабейшых месцаў ПіС у вачах народа.
Да партыі належаў прэзыдэнт краіны Анджэй Дуда.
Урад ПіС абвінавачваюць і асуджаюць за «захоп» судоў, генэральнай пракуратуры, Вярхоўнага суду і Канстытуцыйнага трыбуналу, а таксама за спробу абмежаваць незалежнасьць судзьдзяў.
Заклапочанасьць вяршэнствам закону не дазваляе Польшчы атрымаць сваю долю сродкаў ЭЗ на аднаўленьне пасьля пандэміі Covid-19 на суму 35 мільярдаў эўра.
Аднак нават пры гэтым у апытаньні польскага Інстытуту рынкавых і сацыяльных дасьледаваньняў (IBRiS) 35% палякаў прызналіся, што гатовыя прагаласаваць за «ПіС». У выпадку стварэньня правай кааліцыі правыя сілы могуць атрымаць 58% мандатаў і надалей вызначаць палітыку Польшчы.
Найбуйнейшая апазыцыйная сіла — «Грамадзянская кааліцыя» на чале з колішнім прэм’ерам Польшчы і эўрадэпутатам Дональдам Тускам, набрала ў апытаньні 30%. Перад выбарамі ў краіне прайшлі некалькі буйных маршаў, у якіх заклікалі «пакончыць з самадурствам ПіС». Туск паабяцаў, што ў выпадку перамогі «Грамадзянскай кааліцыі» на выбарах, палякі забудуць, што такое зьнявага жанчын і татальнае ўмяшаньне адной палітычнай сілы ва ўсе сфэры жыцьця людзей.
Трэцюю пазыцыю дзеляць «Трэцяя дарога» (Trzecia droga) і «Лявіца» (Lewica), маючы па 10%. «Трэцяя дарога» — аб’яднаньне «Польшчы 2050» экс-кандыдата ў прэзыдэнты Шымона Галоўні і Польскай народнай партыі. Лідэр апошняй Уладзіслаў Касіняк-Камыш быў міністрам ва ўрадах Дональда Туска і Эвы Копач.
Радыкальнай правай партыі «Канфэдэрацыі», якая стаіць на пазыцыях эўраскептыкаў, прарочаць каля 8%.
Блёку «Bezpartyjni Samorządowcy» (беспартыйныя прадстаўнікі мясцовага самакіраваньня), паводле перадвыбарчага дасьледаваньня могуць набраць 4%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларусам трэба ведаць пра выбары ў Польшчы і навоштаДзе галасуюць у Беларусі?
Грамадзяне Польшчы, якія знаходзяцца ў Беларусі, могуць прагаласаваць на парлямэнцкіх выбарах і рэферэндуме ў пасольстве гэтай дзяржавы ў Менску.
Для гэтага неабходна рэгістрацыя ў сьпісе выбаршчыкаў на сайце польскага Міністэрства замежных спраў. Запіс праводзілі да 10 кастрычніка.
Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2019 году, 287 693 (3,1 %) жыхары Беларусі зьяўляюцца палякамі. Колькі зь іх валодаюць выбарчым правам, не ўдакладнялася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А потым дывэрсанты захапілі Стоўпцы і абрабавалі цягнік пад Лунінцам. Да чаго рыхтуюцца ў Польшчы, чуючы «жарты» Лукашэнкі пра вагнэраўцаўУчасткі ва Ўкраіне і Ізраілі закрылі да выбараў
Палякі, якія пражываюць ва Ўкраіне, ня могуць галасаваць, бо арганізацыя выбараў у гэтай краіне была спынена з-за вайны. Некаторыя грамадзяне Польшчы з гэтай прычыны вырашылі паехаць прагаласаваць на радзіму.
«Правесьці выбары ва Украіне было немагчыма з-за дзейнага ваеннага становішча», — заявіў амбасадар Польшчы ў Кіеве Барташ Ціхоцкі, які ў нядзелю будзе галасаваць у Польшчы.
Таксама польскія ўлады закрылі выбарчы ўчастак, які плянавалася зрабіць у амбасадзе Польшчы ў Тэль-Авіве. Праз ваенны канфлікт ХАМАС з Ізраілем у рэгіёне адклалі заняткі ў школах, закрылі музэі і многія іншыя ўстановы, скасавалі або адклалі спартовыя і музычныя падзеі. Польская амбасада заявіла аб тым, што працягвае эвакуацыю грамадзян з Ізраілю, але яна праходзіць павольна, бо вайсковыя самалёты, на якіх яна адбываецца, ня здольныя перавозіць вялікую колькасьць людзей.
Так ці іначай, палякам, што жывуць або працуюць у Ізраілі, прапанавалі эвакуавацца на радзіму і прагаласаваць ужо там.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сама меней дзясяткі тысяч выйшлі ў Варшаве на апазыцыйную дэманстрацыюРэфэрэндум. Пытаньні, спрэчкі, сувязь зь Беларусьсю
На рэфэрэндум цяперашнія ўлады Польшчы вынесьлі чатыры пытаньні. Яны наступныя:
- 1. Ці падтрымліваеце вы продаж дзяржаўных актываў замежным структурам, што вядзе да страты полькамі і палякамі кантролю над стратэгічнымі галінамі эканомікі?
- 2. Ці падтрымліваеце вы павышэньне пэнсійнага ўзросту, то бок вяртаньне да веку 67 гадоў для жанчын і мужчын?
- 3. Ці падтрымліваеце вы ліквідацыю загароды на мяжы паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь?
- 4. Ці падтрымліваеце вы прыём тысяч нелегальных мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Афрыкі ў рамках мэханізму прымусовага перасяленьня, навязанага эўрапейскай бюракратыяй?
Кіроўная партыя палічыла гэтыя пытаньні актуальнымі для сёньняшняга польскага грамадзтва. Спыніць правядзеньне рэфэрэндуму не перашкодзіла нават вялікая крытыка ад апазыцыі. Адно з пытаньняў наўпрост тычыцца Беларусі.
Польшча ўзводзіла 206-кілямэтровую загароду ўздоўж мяжы зь Беларусьсю са студзеня 2022 году па чэрвень 2023-га. Будаўніцтва фізычнага бар’еру стала рэакцыяй Варшавы на патокі зь вясны 2021 году мігрантаў, якія імкнуцца незаконна трапіць у краіны ЭЗ зь беларускай тэрыторыі.
Але падобнае супрацьстаяньне палітыцы Лукашэнкі і Пуціна па напаўненьні межаў Эўразьвязу мігрантамі падалося «ПіС» малым. Таму Памежная служба Польшчы ў верасьні абвясьціла тэндэр на будаўніцтва агароджы з электроннымі сыстэмамі сачэньня на мяжы зь Беларусьсю на рацэ Буг. Пра гэта паведаміў польскі міністар унутраных спраў Марыюш Каміньскі.
Даўжыня агароджы мае быць 172 кілямэтры. У агароджы будзе прыкладна 4500 камэраў, цеплавізараў і датчыкаў руху. Няма сумневаў, што «ПіС» пабудуе і гэтую агароджу, калі вынікі рэфэрэндуму будуць для партыі пасьпяховымі, а сама яна застанецца пры ўладзе на наступныя гады, заваяваўшы чарговую перамогу на парлямэнцкіх выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета ў Польшчы затрымалі 580 чалавек за дапамогу ў нелегальнай міграцыі празь мяжу зь БеларусьсюАпазыцыя лічыць рэфэрэндум абсурдным і жорстка крытыкуе пытаньні, вынесеныя на яго, за тое, што яны гучаць як прапаганда ад «ПіС». Некаторыя палітыкі нават заклікаюць прагаласаваць толькі на парлямэнцкіх выбарах, не беручы ўдзелу ў рэфэрэндуме.
У сярэдзіне жніўня ў Згежы Дональд Туск заявіў, што «гэты рэфэрэндум несапраўдны ў самым глыбокім і шырокім сэнсе гэтага слова» і «пытаньні, якія прыдумаў Качыньскі (лідэр „Права і справядлівасьці“ Яраслаў Качыньскі — заўв. Свабоды), зьяўляюцца абвінаваўчым актам супраць ПіС».
На яго думку, гэтым рэфэрэндумам ПіС «падарве рэшткі даверу да сябе ва ўласным электараце».
Лідэр «Польшчы 2050» («Трэцяя дарога») Шымон Галоўня ў інтэрвію TVN24 падкрэсьліў, што «гэтыя чатыры пытаньні зьяўляюцца агітацыйным матэрыялам адной з палітычных партый, якія ўдзельнічаюць у выбарах — «Права і справядлівасьць», якая вядзе агітацыю на выбарчым участку. Пры гэтым распаўсюд агітацыйных матэрыялаў у час выбараў забаронены. На яго думку, «бюлетэнь рэфэрэндуму ў такім выглядзе будзе ўяўляць сабой перадвыбарчую ўлётку „Права і справядлівасьці“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я палякаў не караю...» Зьнішчэньне польскіх магілаў як апошні аргумэнт ЛукашэнкіТомаш Трэла зь „Лявіцы“ ў этэры TVN24 зьвярнуўся да выбаршчыкаў з заклікам ня ўдзельнічаць у рэфэрэндуме, «бо гэта адно вялікае адмываньне грошай толькі дзеля дадатковага фінансаваньня несправядлівай выбарчай кампаніі палітыкаў „Права і справядлівасьці“».
Анна-Марыя Жукоўская з гэтай жа партыі падкрэсьліла, што ня трэба браць картку рэфэрэндуму, бо ўсё гэта “ маніпуляцыя Качыньскага» і «дзяржаўныя кампаніі насамрэч актыўна ўдзельнічаюць у рэфэрэндуме, бо фонды, якія фінансуюцца гэтымі кампаніямі, фінансуюць ролікі, рэклямныя шчыты, яны фактычна фінансуюць выбарчую кампанію PiS».
«Вы кідаеце палякам у твар нязначныя пытаньні, якія сёньня не ўздымае ніводная партыя. Хто сёньня з нас у апазыцыі кажа, што хоча падвышэньня пэнсійнага ўзросту? Ніхто. Хто сёньня ў Польшчы кажа, што хоча прымусовага перасяленьня мігрантаў? Ніхто. Хто сёньня ў Польшчы кажа, што хоча прыватызацыі? Пра гэта гаворыць PiS. Вы хочаце скрасьці сьвята дэмакратыі ў палякаў», — заявіў 17 жніўня ў Сэйме Кшыштаф Гаўкоўскі зь «Лявіцы».
У той жа дзень старшыня Польскай народнай партыі (PSL), што ўваходзіць у «Трэцюю дарогу», Уладзіслаў Касіняк-Камыш адзначыў, што рэфэрэндум быў «адной вялікай фальсыфікацыяй і хлусьнёй. Яны робяць гэта толькі для таго, каб маніпуляваць выбарамі, каб зноў зрабіць нас падзеленым грамадзтвам, не адказваць на сапраўды важныя сёньня пытаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага дэпутата не пусьцілі ў Польшчу назіраць за выбарамі, бо ён пад санкцыямі