Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета ў Польшчы затрымалі 580 чалавек за дапамогу ў нелегальнай міграцыі празь мяжу зь Беларусьсю


З пачатку 2023 году ў Польшчы затрымалі 580 чалавек за дапамогу ў перавозцы мігрантаў, паведамляе 7 кастрычніка Памежная служба Польшчы.

За мінулы дзень, 6 кастрычніка, зафіксавалі 175 спробаў незаконна трапіць у краіны Эўразьвязу з боку Беларусі.

У Польшчу спрабавалі трапіць 34 мігранты, у тым ліку грамадзяне Самалі і Эгіпту. Зь іх 12 чалавек пры выглядзе польскіх патрулёў вярнуліся на беларускую тэрыторыю. На ўчастку Белавежа затрыманы грамадзянін Грузіі, які перавозіў 3 грамадзян Ірану і 2 грамадзян Афганістану, паведамляе Памежная служба Польшчы.

На латвійска-беларускай мяжы ўчора затрымалі 87 чалавек, на літоўска-беларускай — 54, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

З пачатку году краіны ЭЗ прадухілілі больш за 34 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня зь Беларусі

У 2023 годзе ўжо спынена 34 385 спробаў незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 21 658, Латвію — 10 746, Літву — 1 981), з пачатку кастрычніка — 1 161, паведамляе BPN.

28 жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краінаў Балтыі вызначылі масавы прарыў нелегальных мігрантаў адной з падставаў для поўнага закрыцьця межаў ЭЗ зь Беларусьсю.

Статыстыка, выведзеная BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць, што напружанасьць на мяжы Беларусі і ЭЗ вагаецца, але захоўваецца. Калі ўзімку, на пачатку году, прадухілілі 3 959 спробаў нелегальнага пераходу мяжы (студзень — 1 989, люты — 1 970), то ўвесну — 11 560 (сакавік — 3 401, красавік — 3 440, травень — 4 719), улетку — 13 250 (чэрвень — 3 701, ліпень — 5 054, жнівень — 4 495); у верасьні — 4449.

Мігранцкі крызіс пачаўся пасьля заявы Лукашэнкі

  • Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
  • Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
  • Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
  • Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG