Браты Марсэль і Тымур некаторы час таму пераехалі ў Варшаву з маці і атрымалі там міжнародную абарону. Але з прычыны кепскага сямейнага сацыяльнага становішча хлопцы апынуліся ў польскім дзіцячым доме. Адкуль іх і забрала Ганна Канавалава.
«Калі бабуля спытала, ці прымем мы двух беларусаў, мы нават ня ведалі, як яны выглядаюць, як іх завуць. Я адразу пагадзілася, таму што беларусам трэба дапамагаць. Гэта наш народ, і трэба адзін аднаму дапамагаць — гэта як адна вялікая сям’я», — кажа 7-гадовая Насьця.
Глядзіце кранальную гісторыю сям’і:
Бацькоў Вані і Насьці, Антаніну Канавалаву і Сяргея Ярашэвіча, асудзілі ў справе тэлеграм-канала «Армія з народам» як ягоных адміністратараў, разам зь яшчэ трыма фігурантамі. Усіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Сяргей у 2020 годзе выехаў за мяжу, але калі затрымалі ягоную жонку, якая была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай, вярнуўся ў Беларусь. Празь месяц пасадзілі і яго. Па выніках суду кожны з сужэнцаў атрымаў па 5,5 года калёніі.
Цяпер Сяргей Ярашэвіч адбывае пакараньне ў ваўкавыскай калёніі, Антаніна Канавалава — у гомельскай. Іхныя малыя дзеці, Ваня і Насьця, жывуць у Варшаве разам з бабуляй Ганнай. Яна здолела іх вывезьці зь Беларусі, каб дзеці ня трапілі ў прытулак.
Прайшло ўжо больш за 3 гады, як Ваня і Насьця ня бачылі маму і тату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра званкі маці з турмы і жыцьцё без бацькоў. Гісторыя Насты і Вані ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каханьне за кратамі. Як у Беларусі прызнаюць палітзьняволенымі цэлыя сем’і