«Дзе ўзяў грошы — гэта мая справа». Навошта ствараецца дабрачынны «Фонд Першага»

Новая рэзыдэнцыя Лукашэнкі, кадар з расьсьледаваньня BelPol

Можна не сумнявацца, што грошы на рахунку «Фонду Першага», які цяпер ствараецца, зьявяцца хутка. Ахвяраваць будуць «добраахвотна-прымусовым» парадкам.

Пералічэньне туды фінасавых рэсурсаў будзе маркерам палітычнай ляяльнасьці. А выдаткоўваць адтуль грошы будзе асабіста Лукашэнка паводле палітычнай мэтазгоднасьці.

Сьцісла:

  • Лукашэнка патлумачыў, што ўсе дабрачынныя фонды, якія існавалі ў Беларусі, пасьля 2020 году зьліквідаваныя, бо яны, паводле ягонай вэрсіі, былі неяк датычныя да пратэстаў.
  • Існаваньне паралельнай дзяржаве сыстэмы дабрачыннасьці, гуманітарнай дапамогі прынцыпова супярэчыць сфармаванай Лукашэнкам сацыяльнай мадэлі, у якой адзіным дабрадзеем можа быць толькі ўзначаленая ім улада.
  • Лукашэнка заўсёды хацеў мець акрамя бюджэтных грошай, якіх найчасьцей не хапае, пазабюджэтныя рэсурсы дзеля розных палітычных і прыватных мэтаў.

Пра дабрачынны фонд Аляксандар Лукашэнка расказаў у зьвязку з скандалам, які выбухнуў пасьля зьяўленьня інфармацыі аб яго новай рэзыдэнцыі ў цэнтры Менску, у будынку на вуліцы Чырвонаармейскай, 15. Апраўдваючыся, ён заявіў, што, маўляў, «на верхнім паверсе даручыў усе дабрачынныя фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей) сабраць пад адным дахам».

Потым высьветлілася, што папраўдзе пад гэтым адрасам яшчэ год таму, 25 кастрычніка 2022 году, зарэгістраваны «Фонд Першага». У выпісцы з рэгістру няма ніякіх кантактных зьвестак ці інфармацыі пра заснавальнікаў фонду. Вядома, што даручэньне стварыць «адзіны нацыянальны фонд» Лукашэнка даў падчас нарады 22 жніўня таго ж году. Прычым даручэньне адрасавалася «былому кіраўніку справаў прэзыдэнта». Можна меркаваць, што ішлося пра Віктара Шэймана, які займаў гэтую пасаду да 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў новай рэзыдэнцыі на вуліцы Чырвонаармейскай зарэгістравалі «Фонд Першага»

Зь інфармацыі, якою падзяліўся Лукашэнка падчас паездкі ў Берасьцейскую вобласьць 6 кастрычніка, вядома, што на рахунку фонду грошай няма, як няма і кіраўніка. Толькі зразумела, што ён ствараецца пад эгідай кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.

Лукашэнка патлумачыў, што ўсе дабрачынныя фонды, якія існавалі ў Беларусі, пасьля 2020 году зьліквідаваныя, бо яны, паводле ягонай вэрсіі, былі неяк датычныя да пратэстаў. Аднак рэч ня толькі ў гэтым.

Больш важна, што існаваньне паралельнай дзяржаве (і больш эфектыўнай, чым дзяржава) сыстэмы дабрачыннасьці, гуманітарнай дапамогі, якая ахоплівае дзясяткі тысяч чалавек, прынцыпова супярэчыць сфармаванай Лукашэнкам сацыяльнай мадэлі, у якой адзіным дабрадзеем можа быць толькі ўзначаленая ім улада. Таму з самага пачатку сваёй прэзыдэнцкай дзейнасьці ён пачаў барацьбу з дабрачыннымі фондамі («Дзецям Чарнобыля» і інш.) «На гуманітарнай дапамозе былі створаныя грамадзкія і іншыя жульніцкія арганізацыі», — казаў Лукашэнка, тым самым прыраўняўшы добраахвотныя грамадзкія ініцыятывы да крыміналу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, што для яго будуюць новую рэзыдэнцыю ў Менску

Другі важны чыньнік. Лукашэнка заўсёды хацеў мець акрамя бюджэтных грошай, якіх найчасьцей не хапае, пазабюджэтныя рэсурсы дзеля розных палітычных і прыватных мэтаў. За іх ня трэба рабіць справаздачу, пры іх выдаткаваньні няма лімітаў. Уласна, дзеля гэтага кіраўніцтва справамі прэзыдэнта было ператворана ў камэрцыйную арганізацыю.

З самага пачатку сваёй дзейнасьці Лукашэнка стварыў не прадугледжаны ніякім заканадаўствам спэцыяльны прэзыдэнцкі фонд, якім ён асабіста і бескантрольна распараджаўся. Паводле ацэнак экспэртаў, аб’ём гэтага фонду ў пэўныя пэрыяды быў роўны дзяржаўнаму бюджэту. Напрыклад, той факт, што грошы ад гандлю зброяй ідуць не ў дзяржаўны скарб, у свой час прызнаў міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут, адказваючы ў парлямэнце на пытаньні дэпутатаў.

Сам Лукашэнка спачатку асабліва не хаваў існаваньня ценевага бюджэту:

«У Лукашэнкі ёсьць пазабюджэтныя грошы. Так, ёсць. Але яны не мае асабістыя...»; «Ёсьць у прэзыдэнта невялікія рэзэрвы — на чорны дзень, я іх не аддам!»

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году Лукашэнка аддзячыў кіраўнікам вэртыкалі за атрыманыя вынікі тым, што даў кожнаму зь іх «Мэрсэдэс», а ў адказ на крытыку апазыцыі і незалежных СМІ адказаў так:

«Ну я што, зь бюджэту гэтыя грошы ўзяў? Ды ні капейкі зь бюджэту ня ўзяў. Дзе ўзяў — гэта мая справа».

Можна не сумнявацца, што грошы на рахунку «Фонду Першага» зьявяцца хутка. Ахвяраваць будуць «добраахвотна-прымусовым» парадкам. Пералічэньне туды фінасавых рэсурсаў будзе маркерам палітычнае ляяльнасьці.

А разьмяркоўваць адтуль грошы будзе асабіста Лукашэнка паводле палітычнай мэтазгоднасьці. Ці то на дапамогу самым сацыяльна неабароненым беларусам, ці то на «Мэрсэдэсы» для кіраўнікоў вэртыкалі адпаведна вынікам выбарчай кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гэтыя 12 заводаў улады ўлілі 1,5 млрд даляраў. Цяпер яны ў стратах, 4 зь іх банкруты. Гісторыя дзяржаўнага інвэставаньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol апублікаваў расьсьледаваньне аб новай рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў цэнтры Менску коштам $14 млн