Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, што для яго будуюць новую рэзыдэнцыю ў Менску


Новая рэзыдэнцыя Лукашэнкі. Стоп-кадар з расьследваньня BelPol
Новая рэзыдэнцыя Лукашэнкі. Стоп-кадар з расьследваньня BelPol

Аляксандар Лукашэнка назваў «укідам» інфармацыю аб новай рэзыдэнцыі для яго ў цэнтры Менску коштам 14 мільёнаў даляраў.

Лукашэнка заявіў, што калі пачуў інфармацыю пра новую рэзыдэнцыю, задаўся пытаньнем, хто і дзе яе пабудаваў, адзначыўшы, што «безь мяне гэта не маглі пабудаваць».

«Аказваецца, вялікую чыноўніцкую лякарню аддалі Кухараву (у вядзеньне гарадзкіх уладаў Менску) — пабудавалі маленькую за горадам — і там было старое аддзяленьне рэабілітацыі. Яго Кіраўніцтва справамі адрамантавала. Зрабілі рэабілітацыю на першым паверсе. На верхнім паверсе даручыў усе дабрачынныя фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), сабраць пад адным дахам», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.

Ён назваў інфармацыю пра новую рэзыдэнцыю «ідэалягічным і інфармацыйным ціскам» з мэтай «ачарніць уладу» і дадаў, што яму «хапае месцаў, дзе працаваць».

18 верасьня аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol апублікавала фільм-расьсьледаваньне аб рэканструкцыі чатырохпавярховага будынку ў цэнтры Менску, на вуліцы Чырвонаармейскай, 15. Гэта недалёка ад будынку адміністрацыі Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса. У расьследаваньні выказваецца меркаваньне, што гэта — новая рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, расьсьледнікі ацэньваюць яе кошт амаль у $14,4 мільёна.

BelPol паведаміла, што атрымала «сотні дакумэнтаў», якія, паводле расьсьледнікаў, ніколі не публікаваліся ў адкрытым доступе: дэталёвыя пляны, дызайн-канцэпцыі, кантракты, дамовы аб пастаўках і каштарыс «на велізарныя сумы грашовых сродкаў, вылучаных зь дзяржаўнага бюджэту».

Плян новай меркаванай рэзыдэнцыі, апублікаваны BelPo
Плян новай меркаванай рэзыдэнцыі, апублікаваны BelPo

Расьсьледнікі на падставе атрыманых дакумэнтаў стварылі візуалізацыю рэзыдэнцыі. Там ёсьць басэйн з асобнай VIP-зонай і «дарожкай Кнайпа» з чатырма ванначкамі для ног з кантраснымі тэмпэратурамі і масажам ступняў. У SPA-зоне — два джакузі, звычайная саўна, крыясаўна, парная і хамам, два «душы ўражаньняў», басэйн, пяць лежакоў, сьнегагенэратар, масажны кабінэт, пакой адпачынку і пакой для посуду.

На другім паверсе працоўная прастора. Там разьмешчаныя кабінэты «начальнікаў структурных падразьдзяленьняў» з асобнымі прымальнямі, дзьве залі для перамоваў, прэс-цэнтар і канфэрэнц-заля на 49 чалавек. На трэцім паверсе абедная заля зь вітражом на столі коштам больш за 72 тысячы беларускіх рублёў (каля $28,5 тысячы), «пакой для запрошаных», пакой для посуду, памяшканьне для пакаёвак, сэрвэрны пакой, пакой групы аховы і дзяжурнага ад’ютанта зь відэасьцяной.

Ёсьць заля для нарадаў з васільковым столевым вітражом за амаль 225 тысяч беларускіх рублёў (каля $79 тысяч), бібліятэка, два электракамінкі, працоўны кабінэт з столевым вітражом за 78,3 тысячы (каля $31 тысячы) і спальня зь мяккімі сьценамі. У ванным пакоі з душам, унітазам і бідэ расьсьледнікі выявілі мыльніцу за 1656 рублёў (каля $660).

На апошнім, чацьвёртым паверсе рэзыдэнцыі месьцяцца тры кабінэты для пэрсаналу, кабінэты начальніка асабістай аховы і асабістага лекара, працэдурны кабінэт.

Кадар з расьследаваньня BelPol
Кадар з расьследаваньня BelPol

Пра памяшканьні, дзе маглі б разьмясьціцца ўсе дабрачынныя фонды, якія закрылі беларускія ўлады, у расьследаваньні BelPol нічога не было.

Ускосна пацьвярджаюць тое, што рэзыдэнцыя пабудаваная для Лукашэнкі, дакумэнты, падпісаныя начальнікам Галоўнага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Яўгенам Галіным, памяшканьні для адʼютанта і асабістай аховы, адна спальні, адзін працэдурны кабінэт.

У гэты момант у Аляксандра Лукашэнкі ня менш за 17 рэзыдэнцыяў. Іншаземных гасьцей ён часьцей за ўсё прымае ў «Палацы незалежнасьці», а жыве ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG