На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ізраільскі палітоляг і дыплямат, у мінулым першы сакратар амбасады Ізраілю ў Маскве Міхаіл Пэлівэрт.
— Упершыню за 50 гадоў у Ізраілі абвешчаны стан вайны. Паведамляецца, што ізраільскае войска ўжо выбіла з тэрыторыі краіны нападнікаў-хамасаўцаў. Аднак якія ў Ізраілю ваенныя і палітычныя мэты ў вайне, якую яму накінулі, у якую ўцягнулі?
— Я вас папраўлю: у 2006 годзе, падчас так званай другой лібанскай вайны, урад даў арміі, ЦАХАЛу паўнамоцтвы прымаць рашэньні, якія могуць прывесьці да вайны. Але вы маеце рацыю ў тым, што маштаб падзеяў можна параўнаць толькі з падзеямі 1973 году. І нават абставіны, пры якіх пачалася гэтая вайна ў суботу а 6-й раніцы, вельмі падобныя да падзей кастрычніка 1973 году, калі нас засьпелі зьнянацку і Ізраіль не паверыў той інфармацыі, якая ў яго была — што Сырыя і Эгіпет зьбіраюцца напасьці ў Судны дзень — самы сьвяты дзень для ізраільскага народу.
Тады за 10 дзён да вайны ў Ізраіль прылятаў кароль Ярданіі Хусэйн, які папярэдзіў тагачасную прэмʼерку Голду Мэір пра рыхтаваную вайну. Я ў чэрвені меркаваў, што вялікая вайна пачнецца напрыканцы жніўня. Я памыліўся прыкладна на месяц. Людзі больш прафэсійныя ў вайсковай аналітыцы казалі, што гэта раней ці пазьней пачнецца. Было зразумела, што чым бліжэй падпісаньне мірнага пагадненьня паміж Ізраілем і Саудаўскай Арабіяй, тым больш нэрвовай і вострай будзе сытуацыя. Іран зьяўляецца галоўным лялькаводам таго, што адбываецца, і галоўным бэнэфіцыярам. Ён ня мог дазволіць, каб галоўная краіна суніцкага ісламу — Саудаўская Арабія — дамовілася з Ізраілем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніякіх перамоў. У Ізраілі заявілі аб неабходнасьці зьнішчэньня арганізацыі ХАМАС— Ці ідзе цяпер гаворка пра сухапутную апэрацыю ў Газе, пра ўсталяваньне там прамога ізраільскага вайсковага кіраваньня? Там жыве каля 2 мільёнаў чалавек. І сытуацыя там не такая, што ХАМАС сілай захапіў уладу над міралюбівым і талерантным палестынскім насельніцтвам Газы. Дык у чым жа палітычнае рашэньне?
— Я згодны з вамі, што гэтая вайна нам накінутая. І мы гуляем паводле правілаў нашых ворагаў. Мы пакуль ня вызначылі, у чым мэты гэтай апэрацыі: мэты вызначаюцца ў працэсе падзеяў. У мінулым сутыкненьні з ХАМАСам завяршаліся празь некалькі дзён дэ-факта мірным пагадненьнем пры пасярэдніцтве, як правіла, Эгіпту. У цяперашняй сытуацыі мне складана ўявіць, як ізраільскі ўрад можа сабе дазволіць нейкае перамірʼе з ХАМАСам, пакуль ня будуць дасягнутыя мэты, якія пакуль не агучаныя, але якія лунаюць у паветры. Цяпер ізраільскае грамадзтва знаходзіцца на эмацыйным піку ўсьведамленьня таго, што адбылося. І галоўныя словы, якія паўтараюць ізраільцяне, — гэта помста, жаданьне пакараць тых барбараў, якія за апошнія дні забілі каля тысячы чалавек.
Мы бачылі жахлівыя кадры з музычнага фэстывалю ў паселішчы Рэім, дзе былі забітыя 300 чалавек. Вобраз перамогі, які ізраільскі ўрад павінен будзе прадставіць грамадзтву, — гэта толькі поўнае зьнішчэньне ўсёй інфраструктуры арганізацыі ХАМАС у сэктары Газа. Мне бачыцца пераможная карцінка як трыбунал, які будзе праведзены ў Ізраілі, як у свой час быў праведзены трыбунал над нацысцкім злачынцам Адольфам Эйхманам. Мне бачыцца такі трыбунал над лідэрамі ХАМАСу са сьмяротнымі прысудамі. Азлабленьне ізраільскага грамадзтва сёньня настолькі моцнае, што задаволіць нас ня зможа нішто меншае. Хоць я павінен быць рэалістам. І цяпер галоўная апэратыўная задача — вызваліць як мага больш цывільных, якіх утрымліваюць у закладніках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ў Ізраілі: афіцыйны нэўтралітэт Менску і антыізраільскія сымпатыі беларускіх дзяржаўных мэдыя— Амбасадар Ізраілю быў адным зь нямногіх заходніх дыпляматаў, якія ўручылі Лукашэнку даверчыя граматы пасьля 2020 году. Рэакцыя Беларусі на цяперашні напад на Ізраіль — стрыманы камэнтар МЗС, маўчаньне Лукашэнкі і прапалестынскі камэнтар у другарадным афіцыёзе «Мінская праўда»: «Перамога Палестыны на акупаваных тэрыторыях — гэта перамога Менску і Масквы... Сьцягі Палестыны будуць лунаць над мячэцьцю Аль-Акса ў Ерусаліме». Як бы вы ахарактарызавалі пазыцыю Менску ў канфлікце? І спрагназуйце, калі ласка, магчымую рэакцыю Ізраілю на гэтую пазыцыю.
— Я лічу, што для Ізраілю настаў час крыштальнай чысьціні. Бяспрымеснае зло, якое напала на нас, павінна прымусіць нас усьвядоміць, хто нашыя сябры. Я пакуль налічыў 92 краіны, якія безагаворачна прызналі права Ізраілю на самаабарону і на вядзеньне вайны і дасягненьне тых мэтаў, якія мы сабе паставім. Беларусі сярод іх няма. Як і Расеі, якую прэмʼер Ізраілю Біньямін Нэтаньягу неаднаразова называў саюзьнікам. А Ўладзіміра Пуціна ён называў сваім асабістым сябрам.
Я б вельмі хацеў, каб у дыпляматычнай няпэўнасьці ў гэтай сытуацыі з боку Беларусі былі наступствы. І каб Ізраіль жорстка адрэагаваў на гэтую двухсэнсоўнасьць пазыцыі. Ізраільскае МЗС раней ставілася да краінаў — былых рэспублік СССР вельмі асьцярожна. Гэта матывавалася тым, што яны, магчыма, ня самыя вялікія нашыя сябры, але яны могуць учыніць нам вялікую шкоду. І таму адкрыта мы зь імі сварыцца ня будзем. Я мяркую, што Ізраіль сёньня дастаткова моцны і ў эканамічным, і ў палітычным, і ў вайсковым сэнсе, каб спыніць гэтую гульню. І артыкуляваць, што тыя краіны, якія ня будуць прызнаваць нашае права на самаабарону, ня могуць лічыцца нашымі сябрамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскай выведцы сьцьвярджаюць, што вагнэраўцы навучалі штурму байцоў ХАМАС у Афрыцы— Вы ўжо прыгадалі рэакцыю Расеі, у якой вы працавалі ў амбасадзе Ізраілю на пачатку дзясятых гадоў. Да таго ж варта прыгадаць, што Масква падтрымлівала шчыльныя нават публічныя сувязі з ХАМАСам. Ці ёсьць зьвесткі, што яна датычная да цяперашняга нападу на Ізраіль? Вы сказалі, што бэнэфіцыяр гэтага нападу — Іран. А Расея?
— Іран дакладна бэнэфіцыяр гэтага канфлікту. Ці можа Расея ім таксама быць? Гэта домыслы. У мяне няма фактычных доказаў гэтага, як і адваротнага. У Ізраілі папулярная думка, што цяперашнія падзеі выгадныя Расеі, бо адцягваюць увагу сьвету ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне. Гэтай тэорыі нельга адмовіць ва ўцямнасьці, хоць я не магу яе пацьвердзіць. Але нагадаў бы, што на пачатку гэтай вайны, а 6-й раніцы 7-га кастрычніка, з Газы па Ізраілі было выпушчана каля 3 тысячаў ракет. Гледзячы па ўсім, паралельна была праведзеная і масаваная кібэратака, у выніку чаго Ізраіль пэўны час не рэагаваў і не падаўляў агнявыя пункты праціўніка. ХАМАС ня мае магчымасьці ўчыніць такую атаку. Магчымасьці яе ўчыніць мае Іран. І некаторыя іншыя дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пакуль ня зьвязваюць напад на Ізраіль з факусаваньнем Захаду на Ўкраіне— Падчас і пасьля цяперашняй вайны з ХАМАСам ці зьменіцца пазыцыя Ізраілю адносна вайны Расеі з Украінай?
— Улюбёная стратэгія Нэтаньягу — гэта адкладаць прыняцьцё рашэньня, пакуль абставіны не прымусяць яго гэтае рашэньне прымаць. На іўрыце такая тактыка называецца «сядзець на плоце». Я мяркую, што Нэтаньягу будзе сядзець на плоце да апошняга. У бліжэйшыя месяцы ў яго ёсьць дыпляматычная і палітычная прастора, каб казаць, што Ізраіль заняты сваімі праблемамі і ў яго няма часу і магчымасьці займацца праблемамі Ўкраіны.
Сёньня прэмʼер і міністар абароны заявілі, што гэтая вайна зьменіць Блізкі Ўсход. Што гэта азначае — незразумела. Але ў любым выпадку бліжэйшыя месяцы Ізраіль будзе заняты вырашэньнем сваіх праблемаў. І ў любым выпадку Ізраіль паступова ссоўваецца на пазыцыі заходняга лягеру.
Гэта асабліва відавочна ў сьвятле рашэньня прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна адправіць да берагоў Ізраілю частку Пятага флёту на чале з авіяносцам «Джэральд Форд». У свой час ад Ізраілю чакалася ня толькі вайскова-тэхнічная падтрымка Ўкраіны, але і палітычная, маральная пазыцыя. Ва ўкраінскім пытаньні, пакуль будзе ісьці вайна з ХАМАСам, Ізраіль будзе «сядзець на плоце». Але пасьля завяршэньня сваёй вайны, мяркую, пазыцыя Ізраілю ў пытаньні вайны Расеі з Украінай стане больш пэўнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ХАМАС здолеў нанесьці раптоўны ўдар і як адкажа Ізраіль. Тлумачыць экспэрт— Цяперашняя вайна пачалася амаль у гадавіну вайны Суднага дня 1973 году. Тады на Ізраіль напалі з усіх бакоў. Ці можа паўтарыцца сцэнар той вайны? Наколькі вялікая рызыка, што на Ізраіль цяпер нападуць Хізбала (радыкальная шыіцкая групоўка, якая базуецца ў Лібане. — РС) , ФАТХ (больш памяркоўны канкурэнт ХАМАСу ў палестынскім руху. — РС), Сырыя?
— Рабочая вэрсія нашых службаў бясьпекі такая, што вайна будзе на некалькі франтоў. Я сёньня размаўляў з адстаўным высокапастаўленым ізраільскім вайскоўцам, з кіраўніком АМАН — вайсковай выведкі. Я яму задаў два пытаньні. Першае — колькі часу зойме зрынаньне ХАМАСу? Ён адказаў — да 7 месяцаў і тысячаў загінулых з боку Ізраілю.
І другое пытаньне — з кім нам давядзецца ў бліжэйшы час ваяваць? Яго ацэнка — што фронт з Хізбалой будзе. Ці абмяжуецца справа некалькімі сотнямі ракетаў, якія Хізбала запусьціць зь Лібану, і інфільтрацыяй некалькіх групаў тэрарыстаў на тэрыторыю Ізраілю? Ці гэта будзе як падчас вайны зь Лібанам, калі ізраільская армія дайшла амаль да Бэйруту? Адказ невядомы, але ізраільскія ўлады і вайскоўцы зыходзяць з таго, што сытуацыя на паўночнай мяжы бліжэйшымі днямі абвострыцца.