Вайна ў Ізраілі: афіцыйны нэўтралітэт Менску і антыізраільскія сымпатыі беларускіх дзяржаўных мэдыя

Ізраільская супрацьракетная сістэма «Жалезны купал» перахоплівае ракеты, запушчаныя з сэктару Газа. Ашкелон, Ізраіль, 8 кастрычніка 2023

Калі афіцыйны Менск, камэнтуючы падзеі ў Ізраілі, займае пазыцыю нэўтралітэту, то дзяржаўныя мэдыя Беларусі («Мінская праўда») і прапагандысты ўсьлед за расейскімі блогерамі злараднічаюць і падтрымліваюць палестынцаў. Бо адчуваюць, на чыім баку рэальныя сымпатыі ўладаў.

Cьцісла:

  • На зьмену аднапалярнаму парадку ў сьвеце прыходзіць не шматпалярны парадак, як марылася, а шматпалярны беспарадак.
  • Саюзьнік Ізраілю — ЗША, і гэта моцна ўплывае на сымпатыі і расклады сусьветных гульцоў.
  • Паводле ацэнак экспэртаў, гэтая вайна выгадная Расеі, бо адцягвае ўвагу сьвету, найперш заходніх дзяржаваў, ад ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне.
  • Апошнім часам афіцыйны Менск актыўна супрацоўнічае з арабскімі, мусульманскімі краінамі. А з Ізраілем, наадварот, супраца ня вельмі значная.
  • Пазыцыя дзяржаўных мэдыя — вельмі важны маркер сапраўднага стаўленьня ўладаў да гэтай блізкаўсходняй драмы.

Вайна ў Ізраілі ўзарвала сьвет. Бо яна адбываецца на Блізкім Усходзе, які ўжо звыш 70 гадоў называюць парахавой бочкай плянэты.

Некаторыя мэдыя пішуць, што, маўляў, нічога новага: колькі было ўжо такіх войнаў паміж Ізраілем і арабамі. Вось цяпер яшчэ адна.

Аднак гэтая вайна адбываецца ў іншых гістарычных і геапалітычных умовах. І выяўляе новыя заканамернасьці і акалічнасьці, у якіх апынуўся сьвет. Напрыклад, Аляксандар Лукашэнка, дзяржаўныя мэдыя любяць разважаць пра крах аднапалярнага сьвету з дыктатам адной сілы (ЗША, Захад), яму на зьмену прыходзіць новы, значна лепшы шматпалярны сьвет, у якім ніхто не дыктуе сваіх правілаў. Аднак рэальнасьць зусім іншая. На зьмену аднапалярнаму парадку прыходзіць не шматпалярны парадак, як марылася, а шматпалярны беспарадак. Мы ўступаем у сьвет, дзе адрынутыя ўсе правілы, дамінуе хаос. Разбураная ўся сыстэма міжнароднай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Ізраіля заявіў пра поўную аблогу Газы. Абнаўляецца

Калі казаць пра рэгіянальныя акалічнасьці, то варта зьвярнуць увагу, што вайна сарвала магчымае гістарычнае пагадненьне (прымірэньне) паміж Ізраілем і Саудаўскай Арабіяй. ХАМАС учыніў нічым не справакаваны напад, Ізраіль стаў ахвярай агрэсіі, загінула шмат мірных жыхароў, што дае ізраільскаму боку маральную і псыхалягічную перавагу, няхай часовае, але спачуваньне сусьветнай супольнасьці. Без падтрымкі Ірану гэты напад быў бы немагчымы.

Вайна пачалася на тле глябальнага канфлікту, які цяпер адбываецца паміж Захадам і Расеяй (у саюзе зь Беларусьсю). І гэта вельмі моцна адбіваецца на стаўленьні да чарговай вайны. Глябальны канфлікт вызначае лініі расколу. Напрыклад, саюзьнік Ізраілю — ЗША, і гэта моцна ўплывае на сымпатыі і расклады сусьветных гульцоў. Уладзімір Зяленскі падтрымаў Ізраіль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пакуль ня зьвязваюць напад на Ізраіль з факусаваньнем Захаду на Ўкраіне

На афіцыйным узроўні Расея і Беларусь занялі нэўтральную пазыцыю ў гэтым канфлікце, заклікалі да міру. Адначасова расейскія афіцыйныя асобы (прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава, намесьнік старшыні расейскага Савету бясьпекі Дзьмітрый Мядзьведзеў) ува ўсім абвінавацілі краіны Захаду, ЗША.

Паводле ацэнак экспэртаў, гэтая вайна выгадная Расеі, бо адцягвае ўвагу сьвету, найперш заходніх краін ад ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Можа зьменшыцца вайсковая падтрымка Кіева. ЗША ўжо абвесьцілі, што накіруюць боепрыпасы Ізраілю, экспэрты кажуць пра ракеты Patriot, якія спатрэбяцца ізраільскаму войску. Вырасьлі сусьветныя цэны на нафту, што таксама выгадна РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У большасьці забітых агнястрэльныя раненьні». Беларусы ў Ізраілі расказваюць пра сытуацыю ў краіне

За сьпінай ХАМАС стаіць геапалітычны хаўрусьнік Расеі — Іран. Лідэры ХАМАС праводзілі кансультацыі ў Маскве двойчы за апошнія 12 месяцаў.

Калі афіцыйны Менск займае пазыцыю нэўтралітэту, то дзяржаўныя мэдыя Беларусі («Мінская праўда») і прапагандысты, усьлед за расейскімі блогерамі, пляжаць Ізраіль і падтрымліваюць палестынцаў. Бо адчуваюць, на чыім баку сымпатыі ўладаў. Варта адзначыць, што з Расеі ў Ізраіль пераехалі шэраг вядомых асобаў — праціўнікаў вайны Расеі супраць Украіны: Ала Пугачова, Максім Галкін, Андрэй Макарэвіч, Анатолій Чубайс. І гэта таксама ня можа не раздражняць прапагандыстаў.

Апошнім часам афіцыйны Менск актыўна супрацоўнічае з арабскімі, мусульманскімі краінамі. Лукашэнка нядаўна быў зь візытамі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Іране. А з Ізраілем, наадварот, супраца ня вельмі значная. Лукашэнка наведаў гэтую краіну толькі адзін раз, у 2000 годзе. У 2011 годзе ў Ізраіль прыяжджаў зь візытам тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч. Сам Лукашэнка на мяжы 1990-х — 2000-х гадоў выступаў з шэрагам антысэміцкіх выказваньняў.

Таму пазыцыя дзяржаўных мэдыя — вельмі важны маркер сапраўднага стаўленьня ўладаў да гэтай блізкаўсходняй драмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ХАМАС здолеў нанесьці раптоўны ўдар і як адкажа Ізраіль. Тлумачыць экспэрт