Расказваем гісторыю доктара Міхаіла Самборскага, які нарадзіўся далёка ад Беларусі, змог вярнуцца на зямлю продкаў, а пасьля 2020 году вымушана ўцёк у Польшчу.
З 2020 году па сакавік 2023-га ўлады Польшчы выдалі больш за 79 тысяч часовых і пастаянных дазволаў на жыхарства для беларусаў.
За той жа пэрыяд грамадзяне Беларусі атрымалі больш за 100 тысяч візаў у праграме Poland Business Harbour і звыш 50 тысяч польскіх гуманітарных візаў. У 2023 годзе ў польскіх вучэльнях вучацца 12 тысяч студэнтаў зь Беларусі. У Польшчу зьяжджаюць як людзі рабочых спэцыяльнасьцяў, так і дасьведчаныя спэцыялісты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 80 тысяч беларусаў атрымалі дазвол на жыхарства ў Польшчы са жніўня 2020 году. ВІДЭАДа канца жыцьця з кляймом «ворага народу»
Дзед Міхаіла Ігар Самборскі нарадзіўся на Лідчыне ў 1917 годзе, хадзіў у польскамоўную школу. У Варшаве вывучыўся на інжынэра-хіміка. Вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, якая была яшчэ пад Польшчай. У верасьні 1939 году, калі прыйшлі Саветы, Ігара Самборскага забралі ў войска. У першыя дні Другой усясьветнай вайны трапіў у палон да нацыстаў, у лягер у Паўночную Італію. Міхаіл расказвае, што, паводле дзедавага аповеду, у 1944 годзе нацысты сталі запісваць этнічных беларусаў у Беларускую краёвую абарону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым далей ад Расеі». Як унук рэпрэсаванага беларуса вярнуўся на радзіму продкаў«Пасьля вайны дзед быў рэпрэсаваны, „за здраду радзіме“ атрымаў 25 гадоў. Яго саслалі ў Варкуталаг будаваць чыгунку Варкута — Лабытнангі. У 1954 годзе амніставалі, але вяртацца ў Беларусь яму было нельга. А калі стала можна, у 1970-я, не было ўжо да каго ехаць. Памёр ён у 1991 годзе. Да канца жыцьця дзед быў з кляймом „ворага народу“. З „саўком“ у яго адносіны былі нядружныя. Я таксама быў выхаваны з разуменьнем, што такое СССР, хто такія расейцы-імпэрцы, як яны сказілі беларускую гісторыю.
Дзед дома толькі па-беларуску размаўляў. У дзедавай хаце было багата беларускіх кніг, якія ён чытаў дзецям і ўнукам. Мы хадзілі ў касьцёл. Беларускую мову я ведаў зь дзяцінства», — успамінае Міхаіл Самборскі.
«У Расеі я ніколі не адчуваў сябе сваім»
Міхаіл кажа, што зь дзяцінства марыў стаў мэдыкам — іншых варыянтаў для сябе ня бачыў. Як толькі навучыўся чытаць, вывучаў мэдычныя падручнікі. У школе быў выдатнікам. Паступіў у Цюменскую мэдычную акадэмію.
Пасьля заканчэньня акадэміі трапіў у Ялутараўск — раённы цэнтар Цюменскай вобласьці з насельніцтвам 40 тысяч чалавек. Праз 6 гадоў Міхаіла прызначылі загадчыкам пэдыятрычнага аддзяленьня. Атрымаў дадатковую адукацыю — спэцыяліста ў нэанаталёгіі (здароўі немаўлят). Езьдзіў на стаж у Гішпанію, ва ўнівэрсытэт імя караля Хуана Карляса, спэцыялізаваўся ў дзіцячай пульманалёгіі.
Кажа, што тады шмат працаваў, каб выплаціць іпатэку на кватэру, бо жытла яму не далі, хоць і абяцалі. Да 2014 году заробак у доктара быў значна большы, чым у беларускіх калегаў — каля 80 тысяч расейскіх рублёў (больш за 2200 даляраў). Але Самборскі кажа, што заўсёды марыў вярнуцца ў Беларусь.
«У Расеі я ніколі не адчуваў сябе сваім». Пасьля 2014 году, калі пачалася вайна на Данбасе і анэксія Крыму, умовы жыцьця значна пагоршыліся. Ішла вельмі агрэсіўная палітычная прапаганда.
Пачаліся грашовыя паборы: трэба было аддаць дзённы заробак штомесяц на дапамогу Данбасу. Я абураўся. Мне казалі, што калі ня здам грошай, будуць праблемы. Бог зь імі, грашыма! Але я доктар, маё прызваньне — дапамагаць людзям, лячыць іх. А як я магу свае грошы аддаць на ваенныя патрэбы? На мае грошы купяць зброю і будуць забіваць людзей? Для мяне гэта было непрымальна», — разважае Міхаіл.
У Беларусі сваякі былі, сям’я Самборскіх езьдзіла туды часта, і ўсім там вельмі падабалася. І ў 2016 годзе Самборскія адважыліся на пераезд у Бабруйск. Міхаіл там змог уладкавацца на працу ў паліклініку.
«У кожным горадзе былі беларускія суполкі, вельмі цікава было. „Мова нанова“, іншыя. Я наведваў усе беларускія падзеі ў Бабруйску, Магілёве, шмат падарожнічаў па Беларусі. І тады мы спадзяваліся, што пойдзем за цывілізаванай Эўропай, а атрымалася ўсё ня так...
Гэта зараз усё зьнішчана, актывісты альбо ў турме, альбо вымушаныя былі эміграваць, а тады было вельмі файна», — з настальгіяй успамінае Міхаіл пра першыя гады жыцьця ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкрыць межы ўсім, хто ня хоча жыць у сыстэме, і ён застаўся б без народу». Нямецкі экспэрт пра краіны, якія выйгралі ад прыезду беларусаўПагрозы ад КДБ
У дзень выбараў 9 жніўня Самборскіх у краіне не было, сям’я паехала ў адпачынак. Вярнуліся 14 жніўня. Адразу пабачылі, што адбываецца.
«Я не разумеў, як можна было рабіць выгляд, што ты ня заўважаеш, што адбываецца ў краіне, які чыніцца гвалт і беззаконьне. І на працы ў мяне былі канфлікты. Мне кіраўніцтва казала: „Мэдыкі мусяць быць па-за палітыкай“. Так, па-за палітыкай, але ж не па-за годнасьцю і не па-за сумленьнем мы мусім быць! Нельга ж было глядзець на гэтую дзікасьць, нельга ж быць абыякавым.
Хадзіў на акцыі, былі там ціхары, здымалі нас, але ні разу мяне не затрымлівалі. Я ў 39 гадоў так хутка ўцякаў з гэтых акцыяў, як заяц!» — згадвае Міхаіл канец 2020-га.
А ў канцы 2022-га да Міхаіла Самборскага, па яго словах, прыйшлі людзі з КДБ. І спрабавалі яго завэрбаваць.
«Мяне прымушалі зь імі супрацоўнічаць. Маўляў, маю багата знаёмых, якія мне давяраюць, і я павінен быў на іх даносіць. Хацелі, каб я працаваў на КДБ! Натуральна, я не пагаджаўся. Пагражалі турмой на 10-15 гадоў па наркатычным артыкуле. Казалі, што і мая жонка будзе ў турме. А дзеці апынуцца ў дзіцячым доме. І гэта ня жартачкі, гэта было сур’ёзна, далі мне зразумець. А для мяне гэта непрымальна па этычных матывах.
Па-першае, я перакананы, што нават калі я і пагадзіўся б на супрацу, нават калі б іх заданьні скончыліся, мяне б усё адно пасадзілі. Каб я маўчаў. Для ўсіх гэта быў цяжкі ўдар, і для жонкі, і для старэйшай дачкі.
Па-другое, пасьля ператрусаў уся мая кватэра была ў „жучках“, Прабачце, нават пра тое, пра што мы размаўлялі з жонкай у ложку, было вядома ім. Усе тэлефоны, мэсэнджары праслухоўваліся. Гэта было не жыцьцё, гэта быў канцлягер», — расказвае пра апошнюю зіму ў Беларусі Міхаіл Самборскі.
Уцёкі ў Армэнію
Рашэньне зьехаць было вельмі цяжкім, кажа Міхаіл. Здавалася б, толькі жыцьцё наладзілася. Але Самборскія сталі шукаць варыянты, як выехаць.
«Здарыўся цуд: нам удалося ўцячы! Падрабязнасьці пра шляхі расказваць ня буду, ехалі мы ўсе паасобку. Кансьпірацыя была вельмі сур’ёзная. Сям’я праўда ня ведала, што я пляную. Урэшце апынуліся мы ў Армэніі. Два месяцы там знаходзіліся, зрабілі гуманітарныя візы і паляцелі ў Польшчу.
Сям’я зразумела, як усё было сур’ёзна, толькі калі апынулася ўжо ў бясьпецы, не ў Расеі і не ў Беларусі. Усе зразумелі, што матэрыяльны дабрабыт, кватэра — гэта нішто ў параўнаньні са свабодай і бясьпекай», — кажа Міхаіл Самборскі.
«Што пан скажа, то і раблю»
Так Самборскія апынуліся ў новай краіне. Сужэнцам давялося ў сталым узросьце, пасьля 40, усё пачынаць з нуля. Міхаіл кажа, што вельмі ўдзячны людзям, якія дапамаглі і працягваюць падтрымліваць.
«Наша старэйшая дачка жыве ў Познані з 2019 года. У яе ёсьць сябар-паляк, і ягоныя цудоўныя бацькі — пан Анджэй і пані Эва — нам вельмі дапамаглі. Вельмі мілыя людзі, спадзяюся, мы і вясельле дзяцей хутка зладзім». — прызнаецца Міхаіл.
Сям’я Самборскіх жыве зараз у прыгарадзе Варшавы — Гуры-Кальварыі. У мястэчку ёсьць асяродак для ўцекачоў, дзе Самборскім улады выдзелілі пакой.
«Умовы, вядома, спартанскія — жывём у адным пакоі: я, жонка сярэдняя дачка Натальля (ёй 13 гадоў) і малодшая Агнешка (ёй 5). Жывем тут, зразумела, зь фінансавых прычын — пражываньне бясплатнае. У мяне былі ашчаджэньні. Але былі сур’ёзныя выдаткі пры пераезьдзе, каб дабрацца да Армэніі, і там я не працаваў, а запасы вельмі хутка сканчаюцца», — расказвае пра цяперашнія ўмовы Міхаіл.
Жытло ў асяродку для ўцекачоў часовае. Дзіцячы доктар вымушаны працаваць у фэрмэра ў сельскай гаспадарцы.
«Праца фізычная, цяжкая. Кожны дзень з 6-й раніцы да вечара. Ёсьць адзін выходны на тыдзень, у нядзелю. А я інтэлігент, ніколі фізычна не працаваў. Працую на падсобных работах у фэрмэра. Што пан скажа, тое і выконваю.
Мой улюбёны артыст Аляксандар Вярцінскі, найлепшы, на мой погляд, мужчынскі вакал усіх часоў і народаў, працаваў у Парыжы таксістам. А што рабіць? Людзі гатовыя ўнітазы мыць, чым жыць з пятлёй на шыі, зь якой я 5 месяцаў жыў! Гэта ўсё дробязі — цяжкая праца», — разважае Міхаіл.
Фонд дапамогі рэпрэсаваным BySol у верасьні абвесьціў збор для сям’і Самборскіх, якія папрасіла 800 эўра на цёплыя рэчы і школьныя прылады для дзяцей. Суму набралі за некалькі гадзінаў, зараз Самборскім ахвяравалі ўжо больш за 3000 эўра, збор працягваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне: 45% беларусаў, якія зьехалі ў Польшчу, плянуюць застацца там жыць«Я патрыёт, я вярнуся!»
У плянах доктара — як мага хутчэй стаць на ногі, забясьпечыць сям’ю. Міхаіл кажа, што зьбіраецца пацьвярджаць сваю лекарскую спэцыяльнасьць у Польшчы, вывучыць мову і здаць патрэбныя іспыты. Але на гэта патрэбен час.
Дачка Натальля пайшла ў школу. Там да яе ставяцца вельмі добразычліва, гаворыць Міхаіл. Кляса невялікая — усяго 16 чалавек, зь іх 13 хлопцаў і 3 дзяўчынкі. Іншаземцаў двое: Наташа і хлопец з Украіны, які вучыцца другі год.
«Дзеці вельмі выхаваныя, далікатныя, вельмі добра ставяцца да дачкі, дапамагаюць. Праблем няма. Ёй вельмі падабаецца польская школа», — кажа Міхаіл.
Малодшую Агнешку ў садок уладкаваць пакуль не ўдалося, у Гуры-Кальварыі няма вольных месцаў. А вазіць кудысьці — праблема. Часам у асяродак для ўцекачоў прыяжджаюць польскамоўныя валянтэры, гуляюць з малымі дзецьмі.
У асяродку, дзе часова жыве сям’я Самборскіх, ёсьць праўнік. Юрыст дапамагае разабрацца з усімі юрыдычнымі пытаньнямі.
«Пакуль няма праблем. Мы падалі на міжнародную абарону, маем часовыя дакумэнты, пакуль нашы заявы разглядаюцца. Карты сталага побыту яшчэ не атрымалі, але нібыта гісторыя наша нармальная, чакаць давядзецца 4-6 месяцаў. Беларусаў тут багата, адзін аднаму дапамагаюць», — кажа Міхаіл.
Міхаіл Самборскі верыць, што яго сям’я вернецца ў Беларусь. І беларусы за мяжой павінны для гэтага штосьці рабіць.
«Я патрыёт, я вярнуся. Там жа няма каму працаваць ужо! А хто, калі ня мы? Вернемся і будзем працаваць на карысьць народу, роднай Беларусі. Усім сэрцам я ў гэта веру, я проста ўпэўнены».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Максымальна дапамагаць беларусам», — новы прадстаўнік МЗС Польшчы па сувязях зь Беларуссью расказаў пра свае пляны«Палякі трактуюць беларусаў як роўных»
Як пракамэнтаваў Свабодзе адвакат, дырэктар юрыдычнай фірмы «Legal status» Алесь Міхалевіч, Польшча — самая лёгкая краіна для легалізацыі беларусаў сярод краінаў Эўразьвязу.
Паводле яго, амаль 100% грамадзянаў Беларусі, якія падаюцца на міжнародную абарону (так у Польшчы называецца статус уцекача), атрымліваюць гэты статус.
Польшча спрасьціла працэдуру атрыманьня міжнароднай абароны. Там, дзе раней было патрэбнае інтэрвію, цяпер яго не праходзяць, калі толькі сам чалавек пра гэта ня просіць. Таму тэрміны разгляду справаў паскорыліся. Па словах Міхалевіча, звычайна беларусы чакаюць рашэньня каля трох месяцаў, хаця бывае і хутчэй, і даўжэй.
Людзям, якія чакаюць статусу ўцекача, выплачваюць невялікую грашовую дапамогу. Калі чалавек атрымае статус, ёсьць інтэграцыйная праграма, якая прадугледжвае ў тым ліку штомесячныя грашовыя выплаты.
«Недзе ў Гішпаніі беларус будзе чакаць такога рашэньня і паўтара, і два гады. Безумоўна, ён там будзе хадзіць на інтэрвію, там будзе шмат складанасьцяў», — параўноўвае Міхалевіч.
Па словах экспэрта, ён чуў пра некалькі выпадкаў, калі беларусам адмаўлялі ў выдачы міжнароднай абароны з прычыны пагрозы нацыянальнай бясьпекі і грамадзкаму парадку Польшчы. Аднак выпадкі, калі б беларусаў дэпартавалі ў Беларусь або пагражалі гэтым, яму невядомыя. Да таго ж ён ня ведае выпадкаў экстрадыцыі беларусаў з Польшчы ў Беларусь, калі на гэта быў запыт зь беларускага боку.
У Польшчы дзейнічае «карта паляка», дзякуючы якой шмат беларусаў атрымалі пастаянны дазвол на жыхарства і праз кароткі тэрмін атрымалі польскае грамадзянства.
«У польскай статыстыцы, калі мы бачым грамадзянаў Беларусі, мы шмат каго ўжо ня бачым, бо яны атрымалі грамадзянства і зьяўляюцца паводле статыстыкі палякамі», — камэнтуе Міхалевіч.
Летась польскія ўлады ўнесьлі зьмены адносна атрыманьня падарожнага дакумэнта, які фактычна замяняе пашпарт пры перасячэньні мяжы. Калі раней такія дакумэнты выдавалі толькі людзям з пастаянным дазволам на жыхарства або з дадатковай абаронай ці статусам уцекача, то цяпер беларус зь любым дазволам на жыхарства, у тым ліку часовым, можа яго атрымаць. Падарожным дакумэнтам Польшча загадзя вырашыла пытаньне замены пашпарта для беларусаў, якія ня могуць паехаць у Беларусь.
«Гэтыя падарожныя дакумэнты выдаюць у ваяводзкім офісе. Пакуль да ўсіх ваяводзтваў гэтая хваля дойдзе і яны навучацца хутка гэтыя дакумэнты выдаваць, пройдзе яшчэ нейкі час», — кажа Міхалевіч.
Палякі былі першымі, хто ўнёс зьмены ў працоўнае заканадаўства і дазволілі працаваць беларусам, якія маюць гуманітарныя візы.
«Гэта звышрэдкая зьява. Фактычна гуманітарную візу прыраўнавалі да дазволу на жыхарства з правам на працу», — кажа юрыст.
Польшча ў аднабаковым парадку ўнесла магчымасьць атрымліваць дазвол на жыхарства па гуманітарнай лініі. То бок, чалавек з гуманітарнай візай можа зьвярнуцца па легалізацыю і атрымаць трохгадовы дазвол на жыхарства.
Пасьля таго, як беларусы атрымаюць легальны статус у Польшчы, яны маюць права на ўсе агульныя польскія праграмы: 500+ (штомесячная выплата 500 злотых на кожнае дзіця), ільготны крэдыт на куплю першай кватэры.
«Пакуль што палякі трактуюць беларусаў як роўных», — кажа Алесь Міхалевіч.