Агучылі імёны васьмі фігурантаў з 60
На арганізатараў і ўдзельнікаў маратону салідарнасьці з палітзьняволенымі «Нам ня ўсё адно», які праходзіў сёлета ў ліпені, у Беларусі завялі крымінальную справу. Іх падазраюць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці». За гэта пагражае да 8 гадоў калёніі.
За час маратону сабралі каля 575 тысяч эўра. Гэтыя грошы ахвяравалі больш за 11 тысяч чалавек з 86 краін. Цяпер іх працягваюць разьмяркоўваць паміж фондамі, ініцыятывамі, сем’ямі палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра АПК Гарбунова: Каля 18% сабраных на маратоне салідарнасьці сродкаў разьмеркавалі паміж профільнымі арганізацыямі
Падазраваных у справе каля 60, заявілі ў МУС Беларусі. Імёны ўсіх фігурантаў афіцыйна не агучвалі. Сілавікі згадалі толькі, што сярод арганізатараў ёсьць Аб’яднаны пераходны кабінэт і ягоныя прадстаўніцы Вольга Гарбунова і Сьвятлана Ціханоўская, а таксама, што фігуранты — гэта ўдзельнікі жывой трансьляцыі маратону. Сілавікі сказалі, што арганізатары маратону нібыта зьбіралі грошы ва ўласных інтарэсах.
Сьпіс яшчэ з шасьці прозьвішчаў падазраваных зьявіўся ў тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў рэжыму Лукашэнкі. Яны назвалі палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана, журналістаў Мікіту Мелказёрава, Кацярыну Пытлеву, Канстанціна Каверына, Людмілу Міласлаўскую, Сяргея Падсасоннага. Усе гэтыя людзі знаходзяцца за мяжой. Сілавікі заявілі, што яны высьвятляюць асобы людзей, датычных да «фінансаваньня экстрэмізму», у Беларусі і за мяжой.
Свабода пагаварыла з удзельнікамі маратону салідарнасьці пра тое, што яны думаюць пра заведзеную справу, ці здолее Сьледчы камітэт выявіць усіх 11 тысяч ахвярадаўцаў і як часта варта праводзіць такія маратоны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць удзельнікаў маратону салідарнасьці з палітзьняволенымі «Нам ня ўсё адно» завялі крымінальную справу
«Першая рэакцыя — абсалютны сьмех»
Журналіст і вядоўца «Белсат» Сяргей Падсасонны расказаў, што даведаўся пра заведзеную справу ад калегаў, знайшоў сваё прозьвішча на тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў. Іхны сьпіс ён назваў «ганаровым» і ўсьцешыўся, што можа так узьдзейнічаць на сілавыя структуры. Гэта першая крымінальная справа, якую на яго завялі. Ён ня ведае, ці дзяржава спрабавала яго афіцыйна паінфармаваць пра заведзеную справу, бо 15 гадоў не жыве ў Беларусі.
«Першая рэакцыя — абсалютны сьмех. Людзям хіба няма чым заняцца, на сур’ёзнай працы, і яны заводзяць справы супраць людзей, якія дапамагаюць», — кажа Сяргей.
Падсасонны мяркуе, што фігурантамі справы могуць стаць і ўсе ахвярадаўцы маратону, хаця, думае, што сьпіс гэтых людзей сілавікам недасяжны.
«Мяжы абсурду няма. Тыя 60 асобаў, пра якіх яны гавораць, ёсьць у стрыме: усе, хто прыйшлі ў эфір, хто вёў эфір, ніхто не хаваў сваіх твараў, сваіх прозьвішчаў. Гэты сьпіс відавочны», — зазначае вядоўца.
Падсасонны падкрэсьлівае, што крымінальныя справы лукашэнкаўскіх сілавікоў ня могуць яго застрашыць ці спыніць. Ён гатовы ўзяць удзел у наступным падобным маратоне, калі яго запросяць.
«Яны могуць завесьці яшчэ 15 крымінальных справаў і рабіць выгляд, што яны для птушачкі, для зорачкі працягваюць рабіць сваю працу», — разважае Сяргей.
У вядоўцы няма прэтэнзій да разьмеркаваньня сродкаў, сабраных падчас маратону. Ён адзначае, што працэс празрысты, а доказаў «плявузганьню», што грошы з маратону нібыта скралі, няма. Ён думае, што варта ладзіць такія маратоны часта: раз на паўгода або год.
«Пытаньне, ці ёсьць у беларусаў рэсурс, каб дапамагаць кожны дзень. Гэта павінна быць надзвычайная падзея», — задаецца пытаньнем ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым хоча, каб палітвязьні сталі звычайнымі крымінальнікамі без падтрымкі». 10 нязручных пытаньняў да ініцыятаркі маратону салідарнасьці«Гэта спроба разбурыць салідарнасьць беларусаў»
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман пракамэнтаваў, што ён ставіцца да гэтай справы, як і да іншых палітычна матываваных крымінальных справаў.
«Ня першы раз справа заводзіцца за розныя формы супрацы зь незалежнымі мэдыя, фінансавай салідарнасьці з палітвязьнямі і ахвярамі рэпрэсій», — кажа ён.
Паводле Шрайбмана, гэта магчымасьць для ўладаў запужаць людзей, заахвоціць больш ня ўдзельнічаць у такіх імпрэзах.
«Гэта спроба разбурыць салідарнасьць беларусаў», — адзначае аналітык.
Ён думае, што паводле гэтай справы перасьледуюць менавіта тых, хто адкрыта браў удзел у онлайн-трансьляцыі.
«Я ня ўпэўнены, што яны ставяць сабе за мэту шукаць усе 11 тысяч чалавек. Ня ўпэўнены, што яны маюць такія інструмэнты, тым больш што большасьць гэтых людзей, пэўна, знаходзяцца за мяжой», — кажа суразмоўца.
Калі б яму прапанавалі ўзяць удзел у чарговым маратоне салідарнасьці, то ён бы глядзеў на сутнасьць падзеі. Маратон салідарнасьці з палітвязьнямі, паводле яго, «абсалютна маральна апраўданы». Цяперашняя крымінальная справа мала што зьмяніла ў ягоным самаадчуваньні, бо кожны камэнтар або інтэрвію незалежным мэдыя, якія дае аналітык, расцэньваецца ў Беларусі як злачынства. Шрайбман ня вельмі пільна сочыць за разьмеркаваньнем сродкаў, але давярае ў гэтым арганізатарам маратону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На маратоне салідарнасьці для палітвязьняў сабралі больш як паўмільёна эўра«Людзі, якія вядуць канал „ГУ „База““, выкарысталі маё прозьвішча»
Журналіст і вядоўца шоў «Жыцьцё-маліна» Мікіта Мелказёраў расказаў, што даведаўся пра заведзеную крымінальную справу ад калегі і сябра Аляксандра Івуліна. Думае, што ягонае імя зьявілася ў сьпісе фігурантаў, каб прыцягнуць увагу.
«Мэдыйнае поле ня самае вялікае ў Беларусі. Ёсьць абмежаваная колькасьць прозьвішчаў, якія людзі выкарыстоўваюць для прыцягненьня ўвагі. Як людзі, якія вядуць канал „ГУ „База““, выкарысталі маё прозьвішча, так яго часам выкарыстоўваюць незалежныя мэдыя», — кажа ён.
Раней крымінальных справаў на Мелказёрава не было. Ён троху жартам зьдзіўляецца, чаму яе завялі толькі цяпер. Канал «Жыцьцё-маліна» раней прызналі экстрэмісцкім. Ці спрабавала дзяржава паведаміць яму пра справу, ён ня ведае. Ён перакананы, што сьледчыя здолеюць расьсьледаваць яе, але наколькі якасна, невядома.
«У беларускай мэдыяпрасторы і агулам у Беларусі адбываецца столькі крынжу, што, на жаль, фільтар успрыняцьця настолькі настроіўся на гэта, што я не зьдзівіўся», — кажа пра сваю рэакцыю журналіст.
Калі Мікіту прапануюць узяць удзел у маратоне яшчэ раз, то ён пагодзіцца, бо гэта для яго няцяжка і прыносіць карысьць палітвязьням. Ён задаволены тым, як прайшоў першы маратон. Ня сочыць за разьмеркаваньнем грошай, але ведае некаторых арганізатараў і мае да іх давер.
«Ёсьць некаторыя незадаволеныя — гэта такі міжсабойчык! Так, дэмакратычнае грамадзтва, мы павінныя спрачацца. Але ў глябальным кантэксьце гэта нічога не вырашае», — кажа ён пра крытыку ў дачыненьні да маратону.
На думку Мікіты, такі маратон — гэта вельмі добра.
«Вельмі зьдзіўлены тым, што першы маратон прайшоў пасьпяхова. Я разумею, што цяпер можа быць дзьве скрайнасьці: зрабіць нешта на хвалі гэтага посьпеху і абас*ацца, а другая — па-беларуску пачаць пераймацца, дзесяць разоў перастрахоўвацца і нічога не зрабіць», — разважае ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: За тыдзень сабраныя на маратоне сродкі разьмяркуюць паміж 13 ініцыятывамі і фондамі«Гэта перавернуты сьвет і поўная лухта»
Пісьменьніца Сьвятлана Курс брала ўдзел у маратоне салідарнасьці. Ейнага імя няма ў тым кароткім сьпісе, які прадставіў тэлеграм-канал, блізкім да сілавікоў. Але сама пісьменьніца адзначае, што ёй усё адно, ёсьць яна сярод фігурантаў ці не.
«Якая розьніца?! Яны людзей саджаюць за лайкі, за ўсьмешкі. У агні броду няма! Цяпер у Беларусі агонь і беззаконьне. Якая мне справа, за што заведзеная крымінальная справа? Ці савою аб пень, ці пень аб саву, саве ўсё адно», — кажа Сьвятлана Курс.
Яна даведалася пра заведзеную справу са стужкі навінаў, але не адразу зразумела, што гэта той самы маратон, у якім яна брала ўдзел. Пісьменьніца не атрымлівала ад дзяржавы ніякіх паведамленьняў пра справу.
«І я б прасіла дзяржаву не спрабаваць ні пра што мне паведамляць, бо мяне гэта не цікавіць», — дадае суразмоўца.
Сьвятлана ня хоча аналізаваць, ці сьледчыя здолеюць выявіць усіх удзельнікаў маратону. Яна заўважае, што сілавікі ўзяліся ўжо за «абсалютна нявінных людзей», якія ня бралі ўдзел у пратэстах, не выказвалі непадпарадкаваньня, ня бралі ўдзел у палітыцы. Суразмоўца мае надзею, што большасьць удзельнікаў маратону знаходзіцца за мяжой.
У пісьменьніцы няма прэтэнзій да таго, як разьмяркоўваюцца сродкі, сабраныя падчас маратону. Яна не сумняваецца ў прыстойнасьці і разумнасьці тых, хто гэтым займаецца. Сьвятлана адзначыла, што калі б ёй прапанавалі ўзяць удзел у наступным маратоне, яна б пагадзілася, калі ёй будуць падабацца мэты, задачы і людзі, якія будуць яго арганізоўваць.
«Зьбіраць грошы на дапамогу іншым людзям — гэта сьвятая справа. Караць за тое, што людзі дапамагаюць людзям, — гэта перакулены сьвет і поўная лухта», — адзначыла суразмоўца.
Яна думае, што падобныя маратоны варта ладзіць як мага часьцей. Але, паводле яе, варта ўлічваць стому людзей ад падобных збораў, вычарпанасьць ахвоты дапамагаць, магчымасьць пераходу маратону ў будзённую падзею, якая нікога не турбуе.
«На эмігрантаў, як на мёртвых, можна сьпіхваць»
Музыка Піт Паўлаў даведаўся пра заведзеную справу за маратон салідарнасьці ад журналіста Свабоды. Ці ён ёсьць сярод фігурантаў, ня ведае. Называе гэтую справу «недарэчнасьцю» і «лухтой».
Музыка думае, што сілавікі баяцца помсты народу і хацелі б ужо не займацца палітычнымі справамі, «не адсьвечваць», «не чапляць новых людзей». Аднак, на ягоную думку, маладыя супрацоўнікі сыстэмы яшчэ хочуць праявіць сябе, таму прыдумваюць новыя кампаніі перасьледу. На думку Піта Паўлава, эмігранты — зручныя ў гэтым сэнсе людзі, бо ім нельга нашкодзіць, а папераабарот на іх можа паказваць, нібыта праца зробленая.
«На іх (эмігрантаў. — РС), як на мёртвых, можна сьпіхваць. Рабі, што хочаш. Ён жа зьехаў! Тады мы будзем расстрэльваць іх завочна», — разважае пра лёгіку сілавікоў Лукашэнкі музыка.
Ён мяркуе, што падобныя маратоны трэба зрабіць рутынай і праводзіць як мага часьцей. Музыка выказаўся, што гатовы граць на такім маратоне адзін вечар у месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці замінае збор грошай вызваленьню палітвязьняў? Цапкалу адказалі пра маратон салідарнасьці