«Творы Цемры — візуальнае дасьледаваньне траўмы, дзе бінты замяняюць палатно. Бінт як сымбаль спагады і эмпатыя людзей адзін да аднаго. Гэты жэст паказвае важнасьць спачуваньня і падтрымкі, падкрэсьліваючы каштоўнасьць гэтых якасьцяў у працэсе лекаваньня» — адзначаецца ў анатацыі выставы. — Як і ў лязарэце, дзе людзі атрымоўваюць дапамогу і падтрымку ад мэдычнага пэрсаналу, наведнікі выставы праз працы Цемры могуць выявіць новы ровень разуменьня і адчуваньня культурнай траўмы і яе наступствы, прэпараваць свае пачуцьці».
Мастачка была вымушаная пакінуць Беларусь у 2021 годзе, ратуючыся ад палітычнага перасьледу, нейкі час жыла ў Кіеве дзе працягвала сваю творчую працу. Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну пераехала ў Варшаву (дарэчы, некаторыя работы, якія экспануюцца на выставе, былі эвакуяваныя зь Кіеву ў пачатку вайны).
Пры гэтым, як патлумачыла мастачка Цемра Радыё Свабода, яе працы ўвасабляюць ня толькі траўмы, атрыманыя ў выніку падзеяў 2020 году, але і ўвесь няпросты, часта трагічны лёс Беларусі апошніх стагодзьдзяў, яе пакутную гісторыю.
— Было жаданьне стварыць такое месца, у якое можна прыйсьці, і хоць бы на імгненьне загаіць свае раны праз мастацтва, — сказала Цемра на адкрыцьці выставы. — Спадзяюся, што гэтая выстава зробіцца крыніцай натхненьня і ўзаемаразуменьня.
Заснавальніца галерэі Beseder Марына Кантар сказала, што вырашыла запрасіць Цемру зь яе выставай адразу, як толькі ўбачыла яе творы.
Сама Марына Кантар прыехала ў Прагу з Ізраілю, а нарадзілася ў Кіеве.
— «Beseder» — гэта два словы на іўрыце ў адным, што азначае «Мы ў парадку», — кажа Марына Кантар — Цяпер ажыцьцяўляем праект «Іншыя». Мы хочам прыцягнуць людзей мастацтва, ня толькі ўласна мастакоў, але і артыстаў, і музыкаў — таму ў нас у галерэі стаіць раяль. Ёсьць мастакі з былога Савецкага Саюзу, з краінаў сацыялістычнага лягеру, якія жылі за жалезнай заслонай. Але ёсьць і новая генэрацыя, якая не жыла ў сацлягеры, і тым ня менш, яна нясе ў сабе гэты ген болі. Гэтак жа, як гавораць, што такі ген нясе ў сябе другая генэрацыя пасьля непасрэдных ахвяраў і сьведкаў Галакосту, і нават трэцяя генэрацыя мяе ў сабе гэты боль. У творчасьці Цемры ёсьць высокі ўзровень мастацтва, як толькі ўбачыла яе творы, адразу вырашыла — бяру!
Выстава LAZARET у галерэі Beseder па адрасе Lihovarská 12 будзе доўжыцца да 9 лістапада, уваход вольны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Праскай галерэі адкрылася экспазыцыя беларускай мастачкі Руфіны Базловай, прысьвечаная палітвязьням ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве выставілі няскончанае палатно Алеся ПушкінаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія і польскія мастакі ладзяць аўкцыён на карысьць беларусаў у эміграцыі. Ужо сёньня