Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Праскай галерэі адкрылася экспазыцыя беларускай мастачкі Руфіны Базловай, прысьвечаная палітвязьням


Мастачка Руфіна Базлава на адкрыцьці выставы «Белы сьцяг» у Празе
Мастачка Руфіна Базлава на адкрыцьці выставы «Белы сьцяг» у Празе

У праскай мастацкай галерэі «ArtivistLab» адкрылася выстава, прысьвечаная асэнсаваньню каляніяльнай палітыкі Расеі. На ёй прадстаўленая і экспазыцыя беларускай мастачкі Руфіны Базловай.

Мастакі зь Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Малдовы і Ўкраіны прадставілі ўласнае асэнсаваньне працэсаў, якія адбываюцца ў іх краінах у выніку экспансіянісцкай палітыкі Расеі.

Выстава мае назоў «Белы сьцяг» — паводле назвы зробленай беларускай мастачкай Руфінай Базловай выявы штандару прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі на белым фоне, што можа ўспрымацца як капітуляцыя імпэрыі.

Постэр выставы «Белы сьцяг»
Постэр выставы «Белы сьцяг»

Найбольшая экспазыцыя выставы прысьвечаная менавіта беларускім палітычным вязьням. У межах праекту #FramedinBelarus партрэты Алеся Бяляцкага, Міколы Статкевіча, Алеся Пушкіна і іншых палітвязьняў разьмясьцілі на пляншэтах (наведнікі могуць прагартаць інфармацыю). Кожнаму палітвязьню прысьвечаная вышыўка паводле эскізу Руфіны Базловай.

Выстава «Белы сьцяг» у Празе
Выстава «Белы сьцяг» у Празе

Нядаўна Руфіна Базлова прэзэнтавала строі, на якіх былі вышытыя імёны 1142-х беларускіх палітвязьняў, а таксама тых, хто загінуў у змаганьні за свабоду падчас пратэстаў 2020 году і пазьней. Летась прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі выступаў са зваротам да народу ў «вышыванцы» колеру хакі з арнамэнтам ад Руфіны Базловай.

Выставу арганізаваў праскі Цэнтар грамадзянскай супольнасьці, яна экспануецца па адрасе Прага, Hybernská 4.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG