Беларускія ўлады часта выкарыстоўваюць сьцьверджаньне аб тым, што «Беларусь — сацыяльная дзяржава». Аднак за апошнія гады як фінансаваньне сацыяльнай сфэры, так і меры падтрымкі грамадзян скараціліся. Цяпер улады плянуюць далейшыя крокі па ўразаньні сацыяльнай праграмы. Расказваем, што зьмянілася за апошнія гады, а што можа памяняцца ў бліжэйшы час.
Што ўжо зьмянілі
Падатак на кватэру
Са студзеня 2022 году беларусы вымушаны аплочваць новы падатак — на кватэру. Раней такога не існавала ўвогуле. Аплочваць яго мусяць усе ўладальнікі кватэр, за выключэньнем пэнсіянэраў, людзей з інваліднасьцю і вайскоўцаў. Памер — ад 320 да 50 рублёў за год у залежнасьці ад таго, дзе знаходзіцца нерухомасьць.
Манаполія дзяржавы на сацыяльную падтрымку
Пасьля 2020 году ўлады пачалі масава зьнішчаць НДА па ўсёй Беларусі. Агулам больш за 1300 НДА былі зьліквідаваныя ці прынялі рашэньне аб ліквідацыі з 2020 году. Гэта закранула і НДА, якія займаліся сацыяльнай падтрымкай. Такіх, як «Офіс правоў людзей з інваліднасьцю» (зьліквідавалі ў 2022 годзе) ці арганізацыя «Дзеці Чарнобыля» (у стадыі ліквідацыі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь мала чым адрозьніваецца ад нас». Спыталі ў жыхароў літоўскага памежжа, што яны ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі. ВІДЭАЗьмяншэньне выдаткаў на сацыяльную сфэру
Яшчэ ў 2020 годзе Савет Міністраў выдаў пастанову «Аб дзяржаўнай праграме «Сацыяльная абарона 2021–2025». Праграма расьпісвала фінансаваньне сацыяльна значных праектаў па гадах. І па ёй відаць, як гэтае фінансаваньне скарачалася.
Напрыклад, на забесьпячэньне даступнасьці аб’ектаў інфраструктуры ў 2021 годзе выдзелілі больш за 10 мільёнаў рублёў, а ў 2025-м плянуюць выдзеліць 7,5 мільёна рублёў.
На забесьпячэньне даступнасьці транспартнай сеткі ў 2021-м у гэтай праграме накіравалі 498 тысяч рублёў, а ў 2025-м хочуць выдзеліць 256,8 тысячы.
Калі параўноўваць бюджэты ў 2021 і 2023 гадах, то ў рублях на сацыяльную сфэру выдзелілі ўсё ж больш. Але гэта без уліку інфляцыі. Калі суму перавесьці ў даляры, то атрымаецца, што ў 2021-м на сацыяльную сфэру зь бюджэту пайшло 815 мільёнаў даляраў у пераліку на тагачасны курс. А зараз — 804 мільёны ў пераліку на сярэдні курс у верасьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насельніцтва Беларусі старэе: за год колькасьць людзей сталага веку вырасла амаль на 3%, маладых — зьнізілася на 1,4%, — БелстатІнфляцыя
Нягледзячы на абяцаньне ўладаў стрымліваць цэны, яны ўсё адно растуць. Нават на сацыяльна значныя тавары, якімі найбольш апякуецца дзяржава.
Напрыклад, хлеб са жніўня 2021 году падаражэў на 19,5%, малако — на 18%, яйкі — на 19%. У ліпені ў Беларусі падрасьлі цэны на праезд чыгункай, а ў 2022 годзе на 5,5% падаражэлі паслугі сувязі мабільных апэратараў.
Павышэньне падаткаў
Ужо два гады беларускія ўлады плянамерна павышаюць падаткі ў розных сфэрах дзейнасьці. Напрыклад, з 2023 году адмянілі спрошчаны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў. Ад гэтага працэнтная стаўка па падаходным падатку для іх вырасла з 16% да 20%. Гэта калі ІП працуюць паводле агульнай сыстэмы. Калі ж яны плацяць адзіны падатак, то той вырас яшчэ болей. Таксама з 2023 году вырас падатак на прыбытак з 18% да 20%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца зь беларускім рублём. Меркаваньне эканамісткі ЛузгінойШто хочуць зьмяніць у найбліжэйшы час
Пэнсія толькі ў банку
Зараз беларускія пэнсіянэры могуць атрымаць пэнсію ня толькі на картку ці ў аддзяленьні банку, а таксама на пошце. У новай прапанове ўладаў права атрымліваць пэнсію на пошце застаецца толькі за некаторымі катэгорыямі пэнсіянэраў. Усе астатнія мусяць ісьці па яе ў банк. Гэта прапісана ў законапраекце «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях сацыяльнага абслугоўваньня». Гэты законапраект дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пакуль прынялі толькі ў першым чытаньні. Моцы закону ён не набыў.
Менш шанцаў трапіць у дом-інтэрнат
У Беларусі існуюць дамы-інтэрнаты для людзей з інваліднасьцю, дамы інтэрнаты для людзей з псыха-фізычнымі асаблівасьцямі, дамы-інтэрнаты для дзяцей ды інш. У новым законапраекце неадназначна прапісаная канцэпцыя гэтых устаноў: «Прыярытэтнасьць захаваньня знаходжаньня грамадзян у звыклым спрыяльным дамашнім асяродзьдзі, у тым ліку шляхам арганізацыі доўгачасовага догляду».
Напэўна, у такія інтэрнаты стане цяжэй трапіць, бо прыярытэтам будзе знаходжаньне чалавека дома, а не ў інтэрнаце.
Беспрацоўе — гэта яшчэ ня «цяжкая жыцьцёвая сытуацыя»
У новым законапраекце чыноўнікі скарэктавалі сьпіс прычын, зь якіх могуць прызнаць, што «чалавек знаходзіцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі», што давала права разьлічваць на сацыяльную падтрымку ад дзяржавы. Напрыклад, са сьпісу выключылі такія прычыны, як «беспрацоўе», «знаходжаньне ў сям’і дзіцяці з псыхафізычнымі асаблівасьцямі». Таксама раней у законе было прапісана, што чалавека «ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі» мусяць утрымліваць сваякі. Цяпер гэтага няма.
У сацыяльных паслугах могуць адмовіць
Яшчэ адна навінка заканадаўства, якая стане рэальнасьцю ў выпадку прыняцьця згаданага законапраекту, гэта адмова ў сацыяльным абслугоўваньні. Хто будзе прымаць такое рашэньне і ў якіх выпадках, пакуль няясна. Але такая норма прапісаная ў законапраекце.
Далейшая манапалізацыя сацыяльнага абслугоўваньня
Таксама ўлады хочуць стварыць адзіны рэестар пастаўшчыкоў сацыяльных паслуг. Прыватныя сядзелкі, ІП ці арганізацыі ў выпадку прыняцьця зьменаў ня змогуць займацца сацыяльнымі паслугамі.
Разьмеркаваньне для «платнікаў»
Апошняя ініцыятыва беларускіх уладаў — абавязковае разьмеркаваньне для платнікаў. Раней пасьля вучобы ў ВНУ адпрацоўвалі толькі выпускнікі, якія вучыліся на бюджэтным аддзяленьні. Цяпер улады хочуць, каб «платнікі» адпрацоўвалі 2 гады, «бюджэтнікі» — 5 гадоў, «мэтавікі» — 7 гадоў. Агучылі і суму, якую трэба будзе выплаціць выпускніку мэдычнага ўнівэрсытэту, які не захоча адпрацоўваць (60 тысяч рублёў). Гэтая ініцыятыва ўладаў зьвязаная з тым, што нібыта нават платнікі не пакрываюць на 100% кошт свайго навучаньня, а максымум на 70%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 23,5% жыхароў — пэнсіянэры, і толькі 17,8% — моладзь. Тлумачым, як гэта зьвязана з палітыкай«На сацыяльна арыентаваную дзяржаву бракуе сродкаў»
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру BEROC Анастасіі Лузгіной, беларускай дзяржаве не стае грошай, каб заставацца «сацыяльна арыентаванай»
«На рынку працы скарачэньне занятага насельніцтва, эканоміка ня ў самым лепшым стане. У бюджэце растуць выдаткі на сілавы блёк, будуюцца арэндныя дамы для вайскоўцаў і сілавікоў. А пытаньні неабароненых слаёў насельніцтва мала падымаюцца. Ахоп сацыяльнай падтрымкай у Беларусі сёньня абмежаваны. Добры прыклад — праблема з мэдыцынскім пэрсаналам, зь нястачай кадраў. Нельга сказаць, што будуюцца актыўна дамы-інтэрнаты», — кажа Анастасія Лузгіна.
Экспэртка зьвяртае ўвагу, што ў новых прапановах ад дзяржавы да сацыяльнага заканадаўства ўзьнікае шмат абмежаваньняў.
«Напрыклад, яны хочуць стварыць рэестар пастаўшчыкоў сацыяльных паслуг. А як быць сядзелкай, змогуць яны рэгістравацца ў такім рэестры ці не, незразумела. Таксама яны прапануюць ацэнку патрэбнасьці ў сацыяльным абслугоўваньні. Трэба табе ці не, будзе ацэньваць дзяржава. Там нават няма пералічэньня нейкіх паказчыкаў. Дзяржава бярэ на сябе ўсе функцыі сацыяльных паслуг, а разьвіцьцё прыватнага бізнэсу ў гэтай справе толькі дэградуе», — кажа Анастасія Лузгіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як са школаў і ВНУ робяць «турму». Экспэрт тлумачыць зьмены ў аплаце вышэйшай адукацыі