Без суду. Што адбылося зь беларускай судовай сыстэмай пасьля жніўня 2020 году

Беларускі суд. Ілюстрацыя Радыё Свабода

Паводле праваабаронцаў, сотні беларускіх судзьдзяў датычныя да палітычна матываваных прысудаў. Свабода пагаварыла з былымі судзьдзямі, адвакатамі, сьледчымі і праваабаронцамі, каб расказаць, як за апошнія тры гады судовая сыстэма Беларусі канчаткова аформілася ў частку рэпрэсіўнай сыстэмы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Згодна са зьвесткамі Вярхоўнага суду, на жнівень 2023 году ў судах агульнай юрысдыкцыі Беларусі — абласных, гарадзкіх і раённых — працуюць 1126 судзьдзяў. Плюс 60 судзьдзяў — у самім Вярхоўным судзе.

Гендэрны склад гарадзкіх і раённых судоў — 63% жанчын (715) і 37% мужчын (411 чалавек). 48 судзьдзяў маюць узрост да 30 гадоў, 74 — старэйшыя за 60 гадоў. А вось у Вярхоўным судзе мужчын значна больш, чым жанчын: суадносіны 57% на 43%. Высокія пасады займаюць збольшага мужчыны.

Старшыня Вярхоўнага суду — доўгажыхар ва ўладзе. Валянціну Сукалу 81 год, пасаду кіраўніка Вярхоўнага Суду ён займае больш за 26 гадоў.


Усіх судзьдзяў прызначае Лукашэнка

Судовая ўлада — трэцяя, поруч з заканадаўчай і выканаўчай. Незалежнасьць і самастойнасьць суду замацаваная і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, і ў артыкуле 110 Канстытуцыі Беларусі, а таксамаі ў артыкуле 22 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ.

Аднак у Беларусі ўсіх судзьдзяў прызначае асабіста Аляксандар Лукашэнка. Старшыню Вярхоўнага суду і ягоных намесьнікаў — паводле артыкула 81 Кодэксу РБ аб судаўладкаваньні і статусе судзьдзяў. Судзьдзі раённых, гарадзкіх, абласных судоў прызначаюцца па прадстаўленьні старшыні Вярхоўнага суду. Здымаць з пасады, пераводзіць у іншыя ўстановы таксама мае права Лукашэнка. Звычайна судзьдзю спачатку прызначаюць на пасаду на тэрмін 5 гадоў, потым перапрызначаюць. Некаторых прызначаюць пажыцьцёва.

У Беларусі судзьдзяў рэдка звальняюць. Сыходзіць па ўласным жаданьні не прынята, сьведчаць крыніцы ў сыстэме. У 2019 годзе на адкрыцьці новага будынку Вярхоўнага Суду Лукашэнка паведаміў, што за апошнія некалькі гадоў 6 судзьдзяў былі асуджаныя за карупцыю.

У тым жа 2019 годзе Аляксандар Лукашэнка звольніў двух судзьдзяў (старшыню Партызанскага райсуду сталіцы Тацяну Чаркас і старшыню суду Сьвіслацкага раёну Аляксандра Шыліна) за зьдзяйсьненьне правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржслужбе. За што канкрэтна, не паведамлялася.

Паводле праваабаронцаў, з 2021 году працэсы ўсё часьцей праводзяць з надуманых прычын у закрытым рэжыме, каб схаваць праўду ад грамадзкасьці. Ілюстрацыя Радыё Свабода

Суд як тэатар

У кастрычніку 2020 году 32-гадовы судзьдзя Аляксей Пацко зь Пінску напісаў заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. Прычынай сталі жнівеньскія падзеі ў краіне. Судзьдзём ён адпрацаваў 5 гадоў. Разглядаў і так званыя палітычныя справы — у 2017 годзе даваў штрафы ўдзельнікам «маршаў недармаедаў». Паводле яго прызнаньня, «да 2020 году на судзьдзяў быў пэўны дыпляматычны ціск. Не загады, як судзіць і колькі даваць, а намёкі і парады ў межах умоўнасьцяў. А пасьля парлямэнцкіх выбараў 2019 году пачалі закручваць гайкі», — узгадваў ён у інтэрвію Свабодзе

9 жніўня 2020 году ў Пінску былі хваляваньні. Па словах Пацко кіраўніцтва загадала ўсім удзельнікам даваць па 15 сутак. Ён адмовіўся. Калі суддзю пачалі прэсаваць, націснулі і на яго маці, якая працавала адвакаткай. У выніку Пацко вымушаны быў зьехаць зь Беларусі.

Гісторыя Аляксея Пацко «Мне прапанавалі: „Заўтра давай усім па 15 сутак“». Шчыры аповед былога судзьдзі, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў

Гэта, бадай, адзінкавы гучны выпадак. Былі дэманстратыўныя звальненьні міліцыянтаў, сьледчых, пракурораў — са «здачай» формы і дакумэнтаў. Суддзі сыходзілі з сыстэмы значна радзей.

Былы беларускі адвакат Максім (прозьвішча не называем зь меркаваньняў бясьпекі. — РС), пазбаўлены ліцэнзіі, кажа, што ўвосень 2020 году ён чакаў, што судзьдзі пачнуць масава звальняцца.

«Тады суд ператварылі ў тэатар! Зьявіліся сьведкі ў балаклавах з выдуманымі імёнамі. Я зьдзіўляўся: судзьдзям проста плюнулі ў твар! Сказалі: „Часам не да законаў. І сьведка ў балаклаве — гэта добра!“ Я быў упэўнены, што судзьдзі і пракуроры ўсё ж маюць прафэсійныя гонар і годнасьць. Не, змаўчалі, праглынулі, прынялі тыя правілы гульні, калі ў краіне не да законаў. Узялі пад казырок», — эмацыйна выказваецца Максім.

У разгар агульнанацыянальных пратэстаў у 2020 годзе асобныя судзьдзі выносілі па некалькі дзясяткаў палітычна матываваных выракаў за дзень. Ілюстрацыя Радыё Свабода

Сьведка Аляксандар Македонскі

Пасьля жніўня 2020 году было вынесена шмат прысудаў, якія праваабаронцы назвалі палітычна матываванымі. Тады дзясяткі судзьдзяў трапілі пад санкцыі Эўразьвязу.

Пазьней колькасьць палітычных справаў зьменшылася, іх часта аддавалі на разгляд адмыслова прызначаным судзьдзям па адміністрацыйных справах. У судзе Цэнтральнага раёну Менску справы затрыманых на маршах ці іншых акцыях звычайна разглядала Вікторыя Шабуня, у Маскоўскім — Тацяна Мотыль. Шабуня — рэкардсмэнка па колькасьці штрафаў (на 102 528 рублёў, а сутак прысудзіла 2214) паводле маніторынгу плятформы «Грамадзянскі кантроль за судовай сыстэмай».

Адразу ж пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году шматлікія адміністрацыйныя справы пачалі масава аддаваць на разгляд маладым судзьдзям.

У Першамайскім судзе сталіцы — 30-гадоваму Максіму Трусевічу, якога прызначылі на пасаду ў 2019 годзе на месца «дэкрэтніцы» Анастасіі Ляйкоўскай, былой сакратаркі, якую толькі-толькі прызначылі судзьдзёй.

Пра тэмпы працы Максіма Трусевіча ў 2020 годзе пісала «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»:

«З раніцы панядзелка 28 верасьня на стэндзе з раскладам спраў у судзе Першамайскага раёну вісеў вялікі сьпіс — судзьдзя Максім Трусевіч з 10.45 да 16.40 павінен быў разгледзець 36 адміністрацыйных спраў. На кожную адведзена па 10 хвілін. Ва ўсіх 36 затрыманых артыкул 23.34 — „Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў“.

Крыху пазьней расклад адкарэктавалі — у судзьдзі Трусевіча засталося 17 спраў, яшчэ 18 — у судзьдзі Кулік. Тут судзілі затрыманых на жаночай акцыі, што прайшла ў суботу, 26 верасьня».

Трусевіч двойчы асудзіў на 15 сутак у лістападзе 2021 году журналістку Ірыну Слаўнікаву, калі яе затрымалі ў менскім аэрапорце пасьля вяртаньня ў Беларусь. Яму ж пачалі давяраць і крымінальныя справы. Студэнту БДУ Яўгену Каліноўскаму ён прызначыў 4 гады зьняволеньня за ўдзел у мірнай пратэставай акцыі 14 ліпеня 2020 году, калі ўлады не зарэгістравалі апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.

Паводле плятформы «Зубр» якая займаецца маніторынгам судовай сыстэмы, Трусевіч займае другое месца ў рэйтынгу судзьдзяў: штрафаў ён прызначыў на агульную суму 86,1 тысячы рублёў, арыштаў — на 3786 сутак.

Анастасія Ляйкоўская, якая яшчэ ў 2019 годзе была сакратаркай суду і мела тады 27 гадоў, займае ў тым жа рэйтынгу 5 месца. Яна вынесла 221 рашэньне па адміністрацыйных справах, выпісала штрафаў на агульную суму амаль 60 тысяч рублёў, прызначыла 1534 сутак арышту.

«У жніўні 2020 году ў судах зьявіліся дзіўныя сьведкі — сілавікі з закрытымі тварамі, у балаклавах, з прыдуманымі прозьвішчамі, кшталту Александровіча, Пятрова, Сідарава. Потым такія „ілжэсьведкі“ пачалі „крэатывіць“ і называцца „Аляксандрам Філіпавічам Македонскім“, „Паўлам Паўлавічам Латушкам“. Яны бегалі з працэсу ў працэс, паводле пратаколаў адначасова маглі быць у розных месцах, блыталіся ў паказаньнях. Натуральна, адвакаты зьвярталі на гэта ўвагу судзьдзяў, але паказаньні тых сілавікоў судзьдзі лічылі за праўдзівыя. На пярэчаньні абаронцаў не зьвярталі ўвагі», — кажа Свабодзе юрыст Максім.

Толькі адзін беларускі судзьдзя публічна заявіў пра сыход з прафэсіі пасьля хвалі рэпрэсій у 2020-2023 гадах. Ілюстрацыя Радыё Свабода

Фігурны подпіс пад выракам

У «Кодэксе аб судаўладкаваньні і статусе судзьдзяў» прапісаныя сацыяльныя гарантыі судзьдзям — у першую чаргу недатыкальнасьць.

Студэнтка юрфаку БДУ Юлія (прозьвішча не называем зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) некалі марыла аб кар’еры судзьдзі. Пачынала з сакратара судовага паседжаньня — праходзіла практыку ў адным з раённых судоў сталіцы. Пасьля трэцяга курсу трапіла ў летні адукацыйны лягер праваабарончага цэнтру «Вясна» ў Вільні. Калі атрымала дыплём, у судзьдзі яе не ўзялі — перашкодзіла стажыроўка ў «Вясьне». Уладкавалася юрысконсультам у прыватную кампанію, за што, кажа, «цяпер удзячная лёсу»,

«Шчыра кажучы, я б не сказала, што „плюшак“ і сацыяльных гарантый у судзьдзяў шмат. Звычайная дзяржслужба, для атрыманьня адмысловай пэнсіі трэба адпрацаваць ня менш за 20 гадоў. Жытло — арэнднае. Кажуць, што яго можна будзе выкупіць пасьля адстаўкі. А ў маёй кампаніі — добрая мэдычная страхоўка, бясплатныя курсы ангельскай мовы, „тымбілдынг“ — усё гэта не параўнальна з сумнай дзяржслужбай!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры Ярузэльскім не было і чвэрці таго тэрору, які цяпер у Беларусі», – былы польскі дыплямат у Менску

На думку юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, судзьдзі аб’ектыўна ўяўляюць, што пасьля сыходу ня знойдуць працы па спэцыяльнасьці з тым жа заробкам, які мелі раней. На думку праваабаронцы, беларускія судзьдзі дрэнна адукаваныя як юрысты.

«Яны далёкія ад нормаў міжнароднага права, лёгка пераступаюць празь беларускія законы. Выкарыстоўваюць нават не тэлефоннае права, а прапагандысцкія ўстаноўкі, якія ідуць з тэлевізара», — кажа Павал Сапелка.

Былы беларускі адвакат Максім перакананы, што нічога не зьмянілася ні ў матывацыі судзьдзяў, ні ў сыстэме, асабліва на пэрыфэрыі. На яго думку, у судзьдзі, калі той надумае зьмяніць працу, няма выбару.

«Калі ты звольнісься, дзяржава будзе трымаць усе твае траекторыі. Асабліва ў невялікіх гарадах цябе нікуды больш ня возьмуць. Нават шараговым юрыстам у нейкую раённую кантору, — кажа суразмоўца. — 70% судзьдзяў выйшлі з сакратароў судовага паседжаньня і атрымалі адукацыю завочна. Стандартны шлях да судзьдзі: сакратар — памочнік судзьдзі — завочная адукацыя — судзьдзя. Альбо іншыя варыянты: сьледчы — судзьдзя, супрацоўнік пракуратуры — судзьдзя. Судзьдзі неканкурэнтаздольныя на рынку працы. Гэта прыклад адмоўнай сэлекцыі і дэградацыі ўсёй судовай сыстэмы».

На яго думку, прафэсія судзьдзі ператварылася ў тэхнічнае пісаньне прысудаў: хутка разглядаць справы і хутка «адпісваць» выракі. Няма патрэбы глыбока разьбірацца ў праве — цяпер судзьдзя проста зацьвярджае абвінаваўчыя дакумэнты.

Былы сьледчы Антон (прозьвішча не называем зь меркаваньняў бясьпекі. — РС), які звольніўся ў канцы 2020 году, расказаў, што калі лік крымінальных справаў, заведзеных пасьля масавых пратэстаў, пайшоў на тысячы, сыстэма стала дэградаваць.

«Сьледчы камітэт, пракуратура не пасьпявалі якасна праводзіць сьледзтва. У канцы справы яны прымацоўвалі даведку, у якой сьледчы піша, якія доказы ён знайшоў, і кароткае іх апісаньне. Спачатку судзьдзі сварыліся, маўляў: „Што вы мне паклалі? Я сам буду разьбірацца ў справе“. А потым зьмірыліся і на флэшцы забіралі ў сьледчых гэтыя даведкі і выносілі выракі. Такая дэградацыя! Ну як можна разгледзець складаную справу за дзень, два, а то і за некалькі гадзін? Прафэсіяналізм судзьдзі цяпер — гэта фігурна маляваць свой подпіс пад выракам», — кажа былы сьледчы.

Ілюстрацыя Радыё Свабода

25 гадоў «тэрарысту», 12 — журналісту

У ліпені 2021 году судзьдзя Вярхоўнага суду Ігар Любавіцкі вынес прысуд удзельніку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году Віктару Бабарыку — 14 гадоў пазбаўленьня волі. Любавіцкі разглядаў і шмат апэляцый на суды першай інстанцыі, у тым ліку і па справе найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-парталу Тut.by, скаргі палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, журналіста Анджэя Пачобута ды іншых вядомых палітзьняволеных — усе прысуды пакінуў у сіле.

У верасьні 2021 году судзьдзя Менскага абласнога суду Сяргей Епіхаў вынес прысуды адвакату Максіму Знаку — 10 гадоў турмы, і палітыку Марыі Калесьнікавай — 11 гадоў. Епіхаў завочна асудзіў Валера Цапкалу на 17 гадоў, ён разглядаў і справу «Атрадаў грамадзянскай абароны» — фігурантам прызначыў тэрміны ад 13 да 20 гадоў зьняволеньня.

У сьнежні 2021 году судзьдзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Доля прызначыў выракі па справе ўдзельніка прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Сяргея Ціханоўскага: Ціханоўскаму — 18 гадоў, ягоным паплечнікам Арцёму Сакаву і Дзьмітрыю Папову — па 16 гадоў, журналісту Радыё Свабода Ігару Лосіку і блогеру Ўладзімеру Цыгановічу — па 15 гадоў, апазыцыйнаму палітыку Мікалаю Статкевічу — 14. Суд праходзіў у СІЗА ў закрытым рэжыме. Пазьней той жа Доля асудзіў журналістку Кацярыну Андрэеву на 8 гадоў і 3 месяцы за «здраду дзяржаве», Ірыну Слаўнікаву — на 5 гадоў, Ларысу Шчыракову — на 3,5 года турмы.

Судзьдзя Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка разглядаў справы анарха-партызанаў Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Паўла Разановіча, Сяргея Раманава. Вынес прысуды — ад 18 да 20 гадоў турмы. Завочна Тулейка асудзіў фігурантаў справы «Nexta» — на тэрміны ад 8 да 20 гадоў. У закрытым рэжыме Тулейка вынес прысуды журналістам БелаПАН: Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў, Ірыне Злобінай — 9, Ірыне Леўшынай — 4, Дзьмітрыю Наважылаву — 6 гадоў турмы.

Судзьдзя Менскага гарадзкога суду Валянціна Зянькевіч вынесла прысуды кіраўніцтву парталу Tut.by Марыне Золатавай, Людміле Чэкінай — па 12 гадоў пазбаўленьня волі. Былому пракурору Яўгену Бабаку яна прысудзіла 4 гады, фігурантам справы «Манкурты» Вользе Саламенік і Ўладзімеру Трыфанаву за «здраду дзяржаве» — 7,5 і 14 гадоў.

Намесьніца старшыні Ленінскага суду Марына Запасьнік вынесла прысуды праваабаронцам «Вясны»: нобэлеўскаму ляўрэату Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў, Стэфановічу — 9, Уладзімера Лабковічу — 7 гадоў, Зьмітру Салаўёву — 8 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзіла Някляева і Пушкіна. Што вядома пра судзьдзю, якая вынесла вырак нобэлеўскаму ляўрэату Бяляцкаму і вясноўцам

Судзьдзя Менскага гарсуду Алена Шылько фігуравала ў палітычных справах яшчэ з 2010 году. Тады яна асудзіла маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава на 3,5 года. Судзіла спадарыня Шылько і фігурантаў «Плошчы». Летась Алеся Пушкіна, які быў замардаваны ў турме, яна асудзіла на 5 гадоў турмы, праваабаронцу Насту Лойку — на 7 гадоў зьняволеньня.

Пасьля палітычна матываваных прысудаў некаторыя судзьдзі прасоўваліся па службовай лесьвіцы.

Так, судзьдзя Лідзкага раённага суду Максім Філатаў у сьнежні 2020 году асудзіў на 5 гадоў Вітольда Ашурка, які памёр у траўні 2021 году ў Шклоўскай калёніі. Філатава павысілі — перавялі ў Горадзенскі абласны суд. Ён асудзіў фігурантаў справы Аўтуховіча на вялікія тэрміны — ад 15 да 25 гадоў.

Нядаўна Філатаў прысудзіў журналісту Паўлу Мажэйку і адвакатцы Юліі Юргілевіч па 6 гадоў пазбаўленьня волі.

«Загад ідзе з тэлевізара: хто супраць дзяржавы — тых „мачыць“»

Былы адвакат Максім, якога ў Беларусі пазбавілі ліцэнзіі, раней абараняў і сэрыйных забойцаў, і рабаўнікоў. Ён кажа, што такіх тэрмінаў не давалі нават за асабліва цяжкія злачынствы, а шмат артыкулаў Крымінальнага кодэксу ніколі не прымяняліся ў адносінах да апанэнтаў рэжыму, такія як здрада дзяржаве, экстрэмізм, тэрарызм. У некаторыя артыкулы ўнесьлі зьмены.

«Я б сказаў, што судзьдзямі цяпер кіруе крымінальна-паняцьцевы кодэкс — судзьдзі выносяць выракі „па паняцьцях“. Права не працуе. Гэта нават не тэлефоннае права. Загад ідзе з тэлевізара. Я перакананы, што судзьдзі ня маюць пэўных загадаў кіраўніцтва, а атрымліваюць адпаведныя сыгналы з тэлевізара — ад прапагандыстаў Азаронка, Мукавозчыка. Загад просты: хто супраць дзяржавы — тых „мачыць“».

На яго думку, судзьдзі зразумелі, што «мачыць» калег-адвакатаў, сьледчых, пракурораў, журналістаў трэба без указаньняў зь Мін’юсту.

«Ніякага кіраваньня выракамі не адбываецца, судзьдзі самі ведаюць, што цяпер патрэбна, і працуюць ужо без загаду. Адсюль 10 гадоў адвакату Аляксандру Данілевічу, 8 — Віталю Брагінцу, 11 — былому сьледчаму СК Яўгену Юшкевічу, па 12 гадоў кіраўніцтву Tut.by, касьмічныя прысуды іншым журналістам», — кажа былы адвакат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 праваабарончых арганізацый падрыхтавалі ліст 413 беларускім судзьдзям. Ім нагадалі пра адказнасьць за злачынствы рэжыму Лукашэнкі

Саўдзельнікі злачынстваў

Цэнтар права і дэмакратыі Justice Hub сёлета ў ліпені падрыхтаваў базу, згодна зь якой 216 беларускіх судзьдзяў удзельнічаюць у рэпрэсіях. Экспэрты адзначаюць, што сьпіс можа быць большы — ня ўсе рашэньні судоў даступныя праваабаронцам. З 2021 году працэсы ўсё часьцей праводзяць з надуманых прычын у закрытым рэжыме, каб схаваць праўду ад грамадзкасьці.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» складае свой сьпіс судзьдзяў, якія выносяць палітычна матываваныя прысуды.

Ёсьць яшчэ плятформа ZUBR «Грамадзянскі кантроль судовай сыстэмы».

Усе гэтыя рэсурсы лічаць важным распаўсюджваць інфармацыю пра ўдзел судзьдзяў у палітычным перасьледзе. На думку беларускіх і міжнародных праваабаронцаў, ім удалося сабраць доказы таго, што судзьдзі — частка рэпрэсіўнай сыстэмы. Гэта значыць, што яны зьдзяйсьнялі злачынствы супраць чалавечнасьці.

Такія правапарушэньні нават паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі ня маюць тэрміну даўнасьці (арт. 128 КК) і караюцца пазбаўленьнем волі ад 7 да 25 гадоў. Альбо пажыцьцёвым зьняволеньнем ці сьмяротным пакараньнем.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», больш за 300 судзьдзяў выносілі прысуды першай інстанцыі па палітычных крымінальных справах. Большая частка пакараньняў зьвязаная з пазбаўленьнем волі.

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка перакананы, што судзьдзяў, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды апанэнтам рэжыму, значна больш.

«Ёсьць судзьдзі, якія выносілі рашэньні па прызнаньні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі — то бок яны рыхтавалі глебу для далейшага перасьледу беларусаў. Ёсьць судзьдзі, якія разглядалі працоўныя спрэчкі, калі людзей звальнялі з палітычных матываў. Ёсьць судзьдзі, якія дагэтуль закрываюць, ліквідуюць няўрадавыя арганізацыі, партыі. Ёсьць судзьдзі, якія пераглядаюць у апэляцыйным і наглядным парадку прысуды па крымінальных, рашэньні па адміністрацыйных справах і пакідаюць іх у сіле альбо выносяць больш жорсткае пакараньне», — мяркуе юрыст Павал Сапелка.

Пасьля жніўня 2020 году некалькі дзясяткаў беларускіх судзьдзяў трапілі пад санкцыі Эўразьвязу і ЗША, сьпісы гэтыя рэгулярна папаўняюцца. Павал Сапелка дадае, што ў Беларусі і раней практычна не было апраўдальных прысудаў, прызнаньня судовых памылак.

«Але ў многіх злачынстваў няма тэрміну даўнасьці — я спадзяюся дажыць да таго часу, калі судзьдзяў пачнуць прыцягваць да адказнасьці», — кажа праваабаронца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыкі, выкладчыкі, пракуроры, судзьдзі. Партрэты афіцыйных асобаў, якія могуць мець дачыненьне да сьмерці Алеся Пушкіна