Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзіла Някляева і Пушкіна. Што вядома пра судзьдзю, якая вынесла вырак нобэлеўскаму ляўрэату Бяляцкаму і вясноўцам


Судзьдзя на працэсе «Вясны» Марына Запасьнік, пракурор Аляксандар Кароль, каляж
Судзьдзя на працэсе «Вясны» Марына Запасьнік, пракурор Аляксандар Кароль, каляж

Ленінскі раённы суд Менску 3 сакавіка вынес вырак праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзю Лабковічу і завочна Зьмітру Салаўёву. Алесь Бяляцкі — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год.

Як паведамляе «Вясна», судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:

  • Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
  • Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
  • Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
  • Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.

Яна адхіліла хадайніцтва праваабаронцаў аб тым, каб суд праходзіў на беларускай мове, а таксама адмовіла затрыманым у праве на перакладчыка. Хадайніцтва пра тое, каб зь Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча зьнялі падчас працэсу кайданкі, Запасьнік нават не разглядала.

Свабода паглядзела, што вядома пра Марыну Запасьнік, якая ў ліпені 2021 году трапіла ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.

Працэс па справе Алеся Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны». Менск, 5 студзеня 2023
Працэс па справе Алеся Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны». Менск, 5 студзеня 2023

Палітычныя прысуды з 2011 году

Марыне Запасьнік 41 год. Яна родам зь Менску. На сёньняшні момант зьяўляецца намесьніцай старшыні суду Ленінскага раёну Менску.

Першыя палітычна матываваныя прысуды Марына Запасьнік стала выносіць у 2011 годзе, калі адпраўляла на «суткі» ўдзельнікаў акцый «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Судзьдзі на той момант ня споўнілася і 30.

Праз год Запасьнік арыштавала на 12 дзён аўтара нашумелага тады пэрформансу «Мусарок» Івана Амельчанку. Хлопец выйшаў на «Чарнобыльскі шлях» у 2012 годзе з самаробным плякатам «Мусарок» са стрэлачкай і падыходзіў да людзей у цывільным, якія здымалі на камэры акцыю. Па адбыцьці тэрміну Амельчанку зноў прывезьлі да Запасьнік, і яна асудзіла маладзёна яшчэ на 15 сутак.

Таксама ў 2012 годзе Запасьнік судзіла мастака Алеся Пушкіна. Падчас свайго пэрформансу Пушкін прыйшоў у будынак Вярхоўнага суду з партрэтам дзеяча антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага. Гэта было кваліфікавана як несанкцыянаванае пікетаваньне. Вынік для Пушкіна — 12 дзён адміністрацыйнага арышту.

У біяграфіі Марыны Запасьнік было шмат вядомых падсудных — Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч, Максім Вінярскі, Анатоль Лябедзька, Юрась Беленькі. Нікога зь іх судзьдзя не апраўдала.

Заяўляў на судзе пра згвалтаваньні — атрымаў 5 гадоў калёніі

Ад верасьня 2020 году Марына Запасьнік зноў далучаецца да палітычных працэсаў. Удзельнікі акцый пратэсту спраўна атрымлівалі ад яе арышты і штрафы.

Найбольш гучным для судзьдзі ў той час быў працэс над славутай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай. Спартоўку, якая падтрымала рух за перамены, затрымалі ў аэрапорце, калі яна зьбіралася вылецець у Грэцыю.

Марына Запасьнік пакарала вядомую ва ўсім сьвеце баскетбалістку 15 днямі арышту.

Ад лістападу 2020 году Запасьнік пераходзіць і да разгляду крымінальных справаў. Першымі асуджанымі палітвязьнямі для яе сталі Андрэй Хранкоў, Аляксей Чарвінскі і Сяргей Раткевіч. Гэта мужчыны, якіх затрымалі 30 жніўня падчас бойкі дэманстрантаў зь міліцыяй. Запасьнік пакарала затрыманых тэрмінамі 4 і 5 гадамі зьняволеньня.

Разглядала Марына Запасьнік таксама справу з блякаваньнем дарог у Серабранцы. У выніку журналістка Вольга Класкоўская атрымала 2 гады калёніі (ня так даўно яна выйшла на волю).

Палітзьняволены Віктар Барушка на працэсе агучыў зьвесткі аб тым, што яго білі супрацоўнікі міліцыі, а таксама згвалтавалі дубінкай. Пасьля затрыманьня мужчына правёў 12 дзён у рэанімацыі. На прысуд гэта ніяк не паўплывала — 5 гадоў калёніі.

Сайт «Зубар» паведамляе, што Марына Запасьнік асудзіла ўдзельнікаў акцый пратэсту на 770 дзён адміністрацыйнага арышту, а таксама прысудзіла на 13150 рублёў штрафаў. У ліпені 2021 году Запасьнік трапіла ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);

Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG